Там, дзе пашпарт выдаюць

Пятніца мінулага тыдня пачалася для супрацоўнікаў аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Ляхавіцкага РАУС, як і для калег з іншых падраздзяленняў,  …трывогай. На шчасце, вучэбнай. Але вучоба вучобай, а прыём грамадзян – дакладна па раскладзе.

—        Да нас хоць раз у жыцці звяртаецца кожны чалавек, напрыклад, пры атрыманні галоўнага дакумента – пашпарта. Супрацоўнікі аддзялення працуюць па прынцыпе “аднаго акна”. Штодзень за афармленнем дакументаў, парадай, дапамогай у ад-дзел звяртаюцца каля 30 чалавек. Нямала сярод іх замежных гасцей, якім мы афармляем від на жыхарства, дазвол на часовае пражыванне, выезд за межы краіны, – расказвае пра спецыфіку работы начальнік аддзялення Віктар Чарняк.

Акрамя начальніка, у аддзяленні нясуць службу старшы інспектар Юрый Дзямід, старшыя пашпартысткі Алена Іанакідзі і Святлана Панфіла. Калектыў невялікі, але спраўляецца з ус-кладзенымі абавязкамі своечасова і прафесійна. Літаральна некалькі хвілін спатрэбілася старшым пашпартысткам, каб растлумачыць 16-гадоваму юнаку і яго маці, якія неабходна сабраць дакументы і аформіць бланкі для атрымання пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. А праз месяц у абавязковым парадку сам будучы ўладальнік галоўнага дакумента павінен прыйсці за пашпартам. Пашпарт можна атрымаць і па тэрміновым заказе – за 15 дзён. Звычайна такой магчымасцю карыстаюцца грамадзяне, якім неабходна тэрмінова выехаць за межы краіны ці аформіць візу.

— Грамадзяне, якія збіраюцца афамляць дакументы для выезду за мяжу, павінны мець пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, выда-дзены не пазней як 10 гадоў таму, – нагадвае Віктар Чарняк.

Часцей за ўсё ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі звяртаюцца за атрыманнем пашпарта ці яго заменай. У абавязковым парадку пашпарт неабходна мяняць пры дасягненні 25, 45 і 100 гадоў, а таксама пры змяненні прозвішча.

Апошнім часам у раёне павялічылася колькасць недысцыплінаваных грамадзян, якія не мяняюць пашпарт па 10-15 гадоў. На іх адрас высылаюцца спецыяльныя паведамленні. Калі чалавек не з’яўляецца  ў РАУС добраахвотна, да яго дамоў выязджаюць супрацоўнікі аддзялення і прымушаюць аформіць дакументы. Да таго ж парушальніку давядзецца заплаціць штраф у памеры ад 2 да 4 базавых велічынь. З пачатку года па такіх фактах складзена 74 пратаколы.

Так, адзін вясковец упершыню звярнуўся за атрыманнем пашпарта ў 25-гадовым узросце, калі сабраўся жаніцца. А да гэтага жыў без пашпарта. Адзін 40-гадовы ляхавічанін наогул атрымаў пашпарт упершыню…

— Для афармлення пашпарта такому пратэрміноўшчыку даводзіцца збіраць шмат даведак, каб засведчыць, што ён сапраўды пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пасля 12 лістапада 1991 года, – расказвае начальнік аддзялення і прыводзіць прыклад:

– Сацыяльны работнік паведаміла, што ў абласной псіхіятрычнай бальніцы “Крывошын” з 1987 года на лячэнні знаходзіцца пажылая жанчына. Доўга высвятлялі яе даныя, і, у рэшце рэшт, ёй зрабілі пашпарт і ўладкавалі ў дом састарэлых.

На сённяшні дзень у горадзе і раёне  пражываюць 324 мігранты, у асноўным гэта расіяне, украінцы, ёсць таксама латышы, літоўцы, туркі, іранец і грамадзяне іншых краін свету.

—        На жаль, і сярод мігрантаў ёсць парушальнікі. Дарэчы, калі такой асобай на працягу года ўчынена 2 адміністрацыйныя правапарушэнні ці адно злачынства (або калі мігрант знахо-дзіцца за межамі Беларусі звыш 183 дзён або не мае стабільнай крыніцы даходаў), то можам ануляваць права на пастаяннае пражыванне. На працягу 6 месяцаў ніяк не магла аднавіць від на жыхарства 27-гадовая вяскоўка, маці пецярых дзяцей. Яшчэ адно папярэджанне – і яе давялося б дэпартаваць. Таму звяртаем увагу грамадзян іншых краін, якія часова пражываюць у Беларусі: у ад-дзяленне для рэгістрацыі неабходна звяртацца  своечасова. За парушэнне гэтых правіл чакае адміністрацыйны штраф да 20 базавых велічынь, – гаворыць Віктар Чарняк.

Дарэчы, грамадзяне Расіі, Украіны, Латвіі і Літвы маюць права гасцяваць без рэгістрацыі ў нашай краіне на працягу месяца.

Дарэчы, графік работы аддзялення зручны для наведвальнікаў: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца і субота з 8 да 20 гадзін (перапынак з 13 да 14 гадзін), серада з 11 да 20.00 (перапынак з 15 да 16 гадзін), выхадны – нядзеля.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *