За крокам крок. 20 мая – Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту

Штогод у трэцюю суботу мая яны маюць поўнае маральнае права парушыць спартыўны рэжым. Напрыклад, перанесці па часе запланаваны раскладам вячэрні трэніровачны занятак. Выхаванцы зразумеюць, прагаласуюць дзвюма рукамі “за”. Ды яшчэ і павіншуюць сваіх спартыўных настаўнікаў з прафесійным святам – Днём работнікаў фізічнай культуры і спорту. Далучыўшыся да гучнага хору віншаванняў, “ЛВ” вырашыў правесці ўрачыстае пастраенне ўсіх прафесіяналаў у адну шарэнгу. У віртуальны строй “сталі” 64 чалавекі і – разлік завершаны. Іменна столькі ў раёне школьных настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, кіраўнікоў фізвыхавання ў дзіцячых садах, спортінструктараў-метадыстаў, трэнераў-выкладчыкаў па відах спорту ДЮСШ, некаторых іншых спецыялістаў самай здаровай сферы дзейнасці. (А яшчэ ёсць ветэраны галіны, якія ў свой час выкладалі, трэніравалі, далучалі да здаровага ладу жыцця, запальвалі зорачкі і зоркі на спартыўным небасхіле).
Адно з першых па ранжыры месцаў у той шарэнзе займае Аляксей Буйкевіч. Як-ніяк, 190 сантыметраў росту. І, што прынцыпова важна, ён работу трэнера сумяшчае з выступленнямі ў якасці спартсмена. Паспяховымі выступленнямі на дастаткова высокім узроўні, прыкладам чаму можа служыць рэспубліканская ўніверсіяда па лёгкай атлетыцы. Студэнцкім чэмпіянатам краіны яшчэ называюць падобныя старты. Сёлета яны праходзілі 11-12 мая ў Брэсце. 28 каманд-універсітэтаў, больш за 4 сотні спартсменаў. Работа, спорт, а яшчэ і завочная вучоба ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце, камандныя пазіцыі якога Аляксей і абараняў падчас выступленняў на авале добра яму знаёмага спарткомплексу “Брэсцкі”.
– Не разлічваў, што буду там. У склад каманды паклікалі ў апошні момант, таму і не рыхтаваўся спецыяльна. Ад мяне чакалі трэцяга месца, ды і сам на больш высокія пазіцыі не спадзяваўся. Прыемна, што змог, што атрымалася… –  здаецца, Аляксей усё яшчэ пад уражаннем універсіядных стартаў. Іх у “скарахода”, як вобразна і дакладна характарызуюць майстроў спартыўнай хадзьбы, было два. Спачатку на 10 тысяч метраў, дыстанцыя наступнага дня з’яўлялася ўдвая больш кароткай. Нягледзячы на тое, што больш працяглыя дыстанцыі з’яўляюцца любімымі і даюцца Аляксею лягчэй, універсіядная “дзясятка”, як прызнаецца, адабрала нямала сіл, выматала. Стомленасць, перадстартавае хваляванне, а наперадзе – 25 кругоў па дарожцы стадыёна. Але ўзяты тэмп дазволіў заняць лідарскую пазіцыю ці не з першых крокаў. Захаваць яе на дыстанцыі, фінішаваць першым і ў ганаровай адзіноце. Другому прызёру Аляксей “прывёз” каля мінуты часу. Прыкладны сцэнарый быў разыграны і на наступны дзень падчас спаборніцтва хадакоў на пяцікіламетроўцы. Рэжысіраваў пастаноўку наш зямляк, якому і на гэтай дыстанцыі роўных на той момант не знайшлося.
Два першыя месцы студэнта-завочніка Аляксея Буйкевіча ўпрыгожылі выступленне лёгкаатлетаў Мазырскага дзяржпедуніверсітэта ў цэлым. У камандным рэйтынгу мазырскія студэнты заваявалі на ўніверсіядзе другое месца. І гэта, нагадаем, у спаборніцтве 28 каманд вышэйшых навучальных устаноў краіны.
Свой першы крок у спорце Аляксей зрабіў не па дарожцы стадыёна – на татамі, дзе спаборнічаюць і шліфуюць майстэрства дзюдаісты. Год неяк  пратрымаўся, хоць адчуваў і ведаў, што барцоўская справа не яго і не для яго. Перайшоў у лёгкую атлетыку, дзе па першым часе бегаў, пасля “пайшоў”. Ды так, што з кожным новым стартам усё больш упэўнена. Падабалася, атрымлівалася. Як вынік – сабраў не бедную калекцыю прызоў з рознага кшталту турніраў па спартыўнай хадзьбе.
“Падкупіла” іранічная вобразнасць Аляксея:
– Хадзіць мяне навучылі Андрэй Аркадзьевіч і Алена Алегаўна. – Гэта ён так пра сваіх настаўнікаў трэнераў-выкладчыкаў раённай ДЮСШ Андрэя Іванюценку і Алену Ульянаву.
У якасці другога кроку, новага вітка на спартыўным шляху хадака, можна лічыць знахо-джанне ў абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву. Вучоба-трэніроўкі, інтэнсіўныя трэніроўкі і насычаная вучоба. Спаборніцтвы.
Праз 4 “брэсцкія” гады Аляксей вярнуўся ў родную ДЮСШ. І гэты факт параўнаем з трэцім крокам жыццёвай і спортбіяграфіі Аляксея Буйкевіча. Хутка год як ён штатны трэнер, спартыўны і не толькі дарадца чатырох-пяці-шасцікласнікаў. Розных па характары, адносінах да справы, па-свойму таленавітых. Кажа, няпростая гэта справа, што, часам, бракуе жыццёвага, педагагічнага ды недзе і прафесійнага вопыту. Папраўна: важна, што трэнер-спартсмен можа сказаць і паказаць: рабі, як я. Што можа быць важней за асабісты прыклад настаўніка!
Седзячы на залітай сонцам, утульнай трыбуне ляхавіцкага “Коласа”, гаварылі пра многае і рознае. У тым ліку і пра яго трэнерскія, спартыўныя планы. Якімі і куды будуць скіраваны яго наступныя крокі? Але гэта ўжо не публічная частка нашай размовы.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фото аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *