Проса просіцца ў глебу

Выкарыстана ілюстрацыя

Цяпло, якое так і правакуе нас зняць верхняе адзенне, таксама дае сігнал пра гатоўнасць глебы прыняць насенне сельскагаспадарчых культур, якія вызначаюцца асаблівай цеплалюбівасцю. Проса таксама з ліку раслін, што не прымаюць нават самых малых ваганняў тэрмометра ўніз. Гэту культуру не палохае засушлівасць, у сувязі з чым проса можа ўрадзіць і ва ўмовах, слаба спрыяльных для вырошчвання многіх іншых сельгаскультур.

320 гектараў палёў збіраюцца засеяць гэтай высокабялковай раслінай аграрыі нашага раёна. Райаграсэрвіс, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, “Тальмінавічы” – гаспадаркі, чый асноўны вытворчы актыў – зямля, да ліку высакабальных ніяк не аднесці. Яны ў бягучым годзе і з’яўляюцца асноўнымі вытворцамі проса. Сэрвіс разагнаў свой план на 120 гектараў, “Ліпнянка” – на 100, “Тальмінавічы” – на 50. У Востраве прасяны клін складзе плошчу ў 3 дзясяткі гектараў. Ім у кампанію – “Шлях новы” са сваёй парай дзясяткаў традыцыйна-стандартных адзінак плошчы. Пасяўныя работы асабліва актывізаваліся апошнім часам. Сёння-заўтра, мяркуючы па статыстыцы райсельгасхарчу, аграрыі гатовы выйсці на экватар – справіцца з работай на палове ад запланаваных плошчаў, аб’ёмаў. Калі, канешне, надвор’е не выкіне чарговы сюрпрыз.
Зараз арыенціры, безумоўна, іншыя. Навуковыя, больш інфарматыўныя і, мабыць, дакладныя. А некалі быць сведкам такіх размоў даводзілася неаднойчы, сяляне “слухаліся” прыкметаў: майскі жук сваім палётам сігналізаваў пра наступленне пары, спрыяльнай для сяўбы грэчкі. Жук ужо вылез, паляцеў, а ляхавіцкія аграрыі практычна завяршаюць сяўбу грэчкі. На дзень учарашні, да запланаваных пад сяўбу дзвюх   соцень гектараў недаставала ўсяго некалькіх     дзясяткаў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *