Дыягназ – гэта не кропка. 21 мая – Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу

Па рашэнні Сусветнай арганізацыі аховы здароўя кожную трэцюю нядзелю мая ва ўсім свеце праводзіцца Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу.
Упершыню акцыя прайшла ў Сан-Францыска ў 1983 годзе. Тады яшчэ складана было прадказаць маштабы глабальнай эпідэміі ВІЧ-інфекцыі, у свеце было зарэгістравана толькі некалькі тысяч выпадкаў захворвання, пра якое практычна нічога не ведалі.    Сёння з ВІЧ жывуць 37 мільёнаў чалавек. Ад хвароб,                           звязаных са СНІДам, у свеце памерла больш за 35 мільёнаў чалавек.
Мэта Дня памяці – павысіць свядомасць і выкараніць стэрэатыпы, звязаныя з ВІЧ/СНІД, падтрымаць тых, у каго дыягнаставана гэтая хвароба, з’яднаць людзей, каб паменшыць наступствы і распаўсюджванне захворвання.
У  Беларусі зарэгістравана 22827 выпадкаў ВІЧ- інфекцыі. За 3 месяцы 2017 года выяўлена 609 інфіцыраваных. За ўвесь перыяд назірання з    1987 года ў краіне памерла 5079 чалавек.
У Брэсцкай вобласці на   1 красавіка зарэгістравана 1760 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, прычым, з пачатку года выяўлена  47 новых.
Найбольшая колькасць хворых – у Пінску (772 выпадкі), Брэсце (251), Баранавічах і раёне (170),  Лунінецкім раёне (110).
У Ляхавіцкім раёне зарэгістравана 12 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, 1 – выяўлены сёлета.
Асноўны шлях перадачы інфекцыі – сексуальныя кантакты (амаль 90 працэнтаў выпадкаў), акрамя таго хвароба перадаецца праз ін’екцыйнае ўвядзенне наркотыкаў. У Ляхавіцкім раёне ўсе інфіцыраваныя вірусам імунадэфіцыту чалавека заразіліся палавым шляхам.
Толькі лабараторны тэст на ВІЧ-інфекцыю дазваляе яе выявіць своечасова. Прайсці добраахвотнае тэсціраванне на ВІЧ, у тым ліку ананімнае, можна ў любой лячэбнай установе, якая мае працэдурны кабінет. Своечасова пачаўшы лячэнне антырэтравіруснымі прэпаратамі, ВІЧ-станоўчыя людзі могуць пражыць доўгае і паўнацэннае жыццё, знізіць рызыку перадачы ВІЧ іншым людзям.
У гэтыя дні ў Беларусі ва ўсіх рэгіёнах арганізаваны акцыі, лекцыі і гутаркі, накіраваныя на тое, каб папярэдзіць людзей пра рызыку інфіцыравання і навучыць пазбягаць небяспекі. У     храмах праходзяць памінальныя богаслужэнні.
Мэта інфармацыйнай кампаніі – усведамленне неабходнасці выбару чалавекам, асабліва моладдзю, правільнай і бяспечнай мадэлі паводзін, дамінавання каштоўнасцяў сям’і.
Васілій СКАРАХОД, урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *