Камунальны профіль. Ляхавіцкаму жылкамунгасу – 70 гадоў

У 1985 годзе ў райцэнтры па Чкалава ўвялі  ў дзеянне кацельню, якая замяніла 60 цвёрдапаліўных  кацельняў у жылых і адміністрацыйных будынках Ляхавічаў.  Сёння магутная цеплавая гаспадарка – адно са шматлікіх падраздзяленняў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, якое днямі адзначае 70-гадовы юбілей.

За 7 дзесяцігоддзяў  дзейнас-ці прадпрыемства неаднойчы ўзбуйнялася, тэхнічна ўмацоў-валася. З аддзела камунальнай гаспадаркі Ляхавіцкага райвыканкама Баранавіцкай вобласці  ўжо ў 1965 годзе “вырас” камбінат   камунальных прадпрыемстваў, які яшчэ праз  20 гадоў быў пераўтвораны ў раённае вытворчае аб’яднанне ЖКГ. У 1996 годзе прадпрыемства пераўтворана ў камунальнае многагаліновае вытворчае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі “Ляхавіцкая ЖКГ”.

У пасляваенныя няпростыя гады службу ўзначаліў   Іван Кешка. Прадоўжылі  справу  Уладзімір Грыгарэнка, Пётр Букач,  Пётр Логінаў, Леанід Шынгель,  Аляксандр Скорын, Павел Міхалюк, Васілій Царук. З 1995 па 2005 гады дзявятым у спісе кіраўнікоў  – Уладзімір Гурскі. Час ля  руля ўспамінае з настальгіяй, абмяжоўваецца кароткім:  “Працавалі!”. Тады да гарадской гаспадаркі далучалі сельскую, патрабаваліся спецыялісты, фінансы. Але згуртаваны калектыў пераадольваў  цяжкасці, дасягаў поспехаў і вынікаў. У сваіх падраз-дзяленнях у вобласці ляхавічане былі ў пяцёрцы лепшых.

– Канешне, не заўсёды атрымлівалася так, як хацелася. Стараліся, каб было менш  мінусаў, нараканняў на работу службы, – адзначае Уладзімір Канстанцінавіч і ўзгадвае лю-дзей, з якімі давялося працаваць поплеч. З асаблівай цеплынёй называе слесара аварыйнай службы Мікалая Зайца, эканаміста Таццяну Царук,  узнагароджаных нагрудным знакам “Заслужаны работнік ЖКГ”, майстра жылфонду Зінаіду Кабяшову, начальніка ВТА Валянціну Ідрысаву, зваршчыка аварыйнай службы Фелікса Бельмача, начальніка водаканала Віталія

Сяргея, работнікаў гасцініцы Зінаіду Яраш і Валянціну Ракашэвіч. Наогул, многія, хто сёння працуе ў камунгасе, прыйшлі сюды ў гады кіраўніцтва Гурскага.

Некалі  кантора камунальнікаў  знаходзілася  на вуліцы Камсамольскай, там размяшчаліся  і гасцініца, гаражы. У  80-ыя  мінулага стагоддзя гады ЖКГ пераехала на Южакова.  Напрыканцы 60-х  на вуліцы   17 Верасня пабудавана гасцініца.  Для Зінаіды Яраш яна на працягу 41 года з’яўлялася літаральна другім домам. Прыйшла сюды зусім маладой, у падначаленні былі 4 пакаёўкі і 3 прыбіральшчыцы. Да сваёй начальніцы яны ставіліся з павагай і душой, як да дачкі. Яна падмяняла калег у водпуску, дзяжурыла, калі была  неабходнасць. Ва ўтульнай і гасціннай установе спыняліся камандзіровачныя і турысты з усіх  куткоў Саюза.  61 ложка-месца заўсёды было запатрабавана. Зінаіда Макараўна прыгадвае, што ў іх начавалі і падарожнікі, якія прыязджалі ў іншыя раёны, і вадзіцелі аўтобуса “Брэст-Ляхавічы”, што раней курсіраваў па маршруце, і бацькі салдат, якія служылі на тэрыторыі раёна, і многія іншыя. З павагай узгадвае калег Сафію Пашко, Лідзію Іусаву, усіх, з кім давялося працаваць. Калектыў жыў не толькі гасцінічнымі інтарэсамі. Разам з іншымі выязджалі на сельгасработы ў калгасы: ірвалі лён, збіралі яблыкі, бульбу.

Звязаны з камунальнай гаспадаркай больш за 4 дзесяцігоддзі працоўнай біяграфіі Леаніда Бельмача, які працаваў вадзіцелем на “бочцы”. Адказны і надзейны, з раніцы спяшаўся падрыхтаваць машыну, праверыць яе “здароўе”. Неаднойчы яго партрэт упрыгожваў Дошку  гонару  прадпрыемства, станавіўся ўдарнікам пяцігодкі. Ганарыцца важкай узнагародай –  ордэнам Працоўнай Славы III ступені. Леанід Міхайлавіч памятае часы, калі ў іх арганізацыі працавала крыху больш за 50 работнікаў зімой і чалавек 30 летам, а парк тэхнікі складаўся з пяці машын і двух трактароў.

33 гады працы ў камунгасе галоўным  бухгалтарам Марыя Казлова  была звязана з лічбамі. І сёння яна памятае паказчыкі, тарыфы, расцэнкі на паслугі ў той час. А яшчэ расказвае, як  ездзілі на  так званыя экскурсіі выхаднога дня: у Кіеў, Палангу, Рыгу … Разам адпраўляліся па грыбы-ягады.

Ёсць пра што ўспомніць Аляксандры Багеша, якая займалася афармленнем дакументаў на прыватызацыю жылля,  Вользе  Бубен, якая  дакладна налічвала квартплату, і іншым ветэранам камунгасаўскай вытворчасці.

Гісторыя камунальнай гаспадар-кі – гісторыя раёна і нашых землякоў.  Многія з іх  працавалі і працуюць у камунгасе сем’ямі. Напрыклад,  сям’я Несцяровічаў. Іх бацькі  Барыс і Кацярына заклалі працоў-ную дынастыю,  а сёння начальнікам  участка “Добраўпарадкаванне” і слесарам участка кацельнай  гаспадаркі працуюць сыны  Уладзімір і Аляксандр.

На стэндзе ў камунгасе – фотаздымак Арсенія і Ніны Рагацэвічаў, якія  доўгі час таксама шчыравалі  разам: ён майстрам участка “Вадаканал”, яна там жа   кантралёрам.  Дарэчы, прадстаўнік адной  з самых вялікіх дынастый – дырэктар прадпрыемства.

Раслі Ляхавічы, разам з імі  павялічвалася і камунальная служба, у якой шануюць традыцыі, памятаюць калег. У пярвічнай  ветэранскай арганізацыі, расказвае яе старшыня Валянціна Гатоўчыц, каля 150 чалавек. Яны – гонар ЖКГ, заўсёды шаноўныя і чаканыя госці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *