Камунальны профіль

Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Мядзвецкі.

Якія здабыткі, дасягненні, надзённыя клопаты ў  сённяшняга камунгаса? Што за задачы стаяць перад камунальнікамі? Пра гэта і  многае іншае ў размове з дырэктарам  КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандрам Мядзвецкім.  Дарэчы, летась Аляксандр Яўгеньевіч быў  узнагароджаны нагрудным знакам  “Ганаровы работнік жыллёва- камунальнай гаспадаркі”. У камунальнай сферы, як у любой іншай, кадры, як гэта ні банальна гучыць, вырашаюць усё…

– Сапраўды. Без зладжанай  добрасумленай працы, дысцыплінаванасці  кожнага на сваім участку –  ад дырэктара да прыбіральшчыцы – дасягнуць важкіх вынікаў  немагчыма,.Склаўся калектыў прафесіяналаў, дзе больш вопытныя вучаць маладое папаўненне.
Камунгас уваходзіць у пяцёрку лепшых аднатыпных прадпрыемстваў вобласці. Поспехі  звязваю з тым, што ў нас  ёсць  каманда спецыялістаў-прафесіяналаў, якія, калі трэба,  гатовы не лічыцца з уласным часам. Наш галоўны бухгалтар Таццяна Шчука таксама ўдастоена знака “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”,  летась яе партрэт занесены на раённую Галерэю славы. Гонар калектыву – машыніст Іван Валадзько, бухгалтары Наталля Круглік, Таццяна Кузьміч, Галіна Зайцава, інжынер Зоя Буйкевіч, рабочы Аляксандр Капуза, страхар Мікалай Сельмановіч, слесар-рамонтнік Яўгеній Захаранка, электраманцёры Мікалай Бортнік і Валянцін Грышкевіч,  аператары Таццяна Данілкіна і Віктар Камінскі, вадзіцелі Аляксандр Дашкевіч, Іван Дзядзечка, Іван Пятроўскі, Віктар Пішч, Пётр Смаршчок, Мікалай Шчэрба, старшы майстар Леанід Юрлевіч, загадчык склада Міхаіл Зубік і многія іншыя.
Некалькі гадоў назад  наша і без таго шматпрофільнае прадпрыемства пашырылася далучаным камбінатам бытавога абслугоўвання. Канешне, клопатаў прыбавілася, давялося пайсці нават на не вельмі папулярныя меры, напрыклад, закрыццё некаторых стратных падраздзяленняў.  Стараемся, каб бытавое абслугоўванне  ў раёне было  на належным узроўні. Разумеем, што ад  кампетэнтнасці, уважлівых адносін  камунальнікаў да спажыўцоў залежыць настрой і камфорт многіх гара-джан і вяскоўцаў. Будзем і далей імкнуцца задаволіць землякоў якасцю камунальнага і бытавога абслугоўвання,  асар-тыментам паслуг.
– Што са зробленага камунальнікамі за апошняе дзесяцігоддзе  адзначыце асабліва?
– Шматпрофільнасць – тое асноўнае, што адрознівае камунгас ад іншых прадпрыемстваў. Цепла-і водазабеспячэнне, водаадвядзенне, збор цвёрдых камунальных адходаў, тэхнічнае абслугоўванне і капітальны рамонт жыллёвага фонду, паслугі па ўстаноўцы прыбораў уліку, сантэхнічныя, гасцінічныя, бытавыя і рытуальныя паслугі, лазневае абслугоўванне – не поўны пералік работ, якія выконваюць ляхавіцкія камунальнікі.
Яшчэ гадоў 10 назад  завяршэнне ацяпляльнага сезона азначала для жыхароў многіх шматкватэрнікаў райцэнтра і спыненне падачы гарачай вады.  Цяпер гарачая вада адсутнічае ў гараджан  тыдзень-
другі падчас правядзення прафілактычных работ.
Поўная замена састарэлых цеплатрас на новыя  на вуліцах Леніна і Дзесюкевіча ў райцэнтры, а таксама ў  Задвор’і, Галаўнінцах, Ліпску, Тальмінавічах, Начы, іншых  населеных пунктах дазволіла  максімальна скараціць колькасць аварыйных сітуацый у ацяпляльны сезон. Дарэчы,  мінулы і ўвогуле прайшоў без надзвычайных сітуацый: не было выпадку, калі б дамы і кватэры засталіся без цяпла.  Свае функцыі кацельная гаспадарка выконвае ў поўным аб’ёме. Пачалася падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона 2017/2018 гадоў.
Узгадаю падрыхтоўку райцэнтра да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013”. Тады  горад ператварыўся ў суцэльную будаўнічую пляцоўку. Немалы ўклад у агульную справу ўнёс і наш калектыў. Камунгас быў  асноўным заказчыкам капрамонту амаль усіх аб’ектаў жылфонду.  Упершыню сталі і падрадчыкамі: капітальны рамонт дома №26 па вуліцы Леніна і добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі – поўнасцю наша справа. Навучыліся самі будаваць дахі, умацоўваць стыкі панэльных дамоў, уцяпляць будынкі і многае іншае.
Зроблена асфальтавае пакрыццё праездаў, дарожак, устаноўлены малыя архітэктурныя формы ў дварах некаторых шматпавярховікаў па вуліцах Леніна, Камсамольскай, Чкалава, Савецкай. Радуюць ляхавічан і гасцей горада клумбы, альпійскія горкі, якія пакінулі пасля сябе азеляніцелі з усіх раёнаў Брэстчыны. Цяпер пра іх клапоцяцца нашы работнікі.
Яшчэ два гады назад было нямала скаргаў гараджан на якасць водаправоднай вады. З увя-дзеннем у эксплуатацыю станцыі абязжалезвання за чысцінёй вады сочаць не толькі спецыялісты  санітарнай службы, але і нашай лабараторыі.
– А паўсядзённыя клопаты ляхавіцкіх камунальнікаў?
– А шостай гадзіны раніцы, калі большасць з нас яшчэ бачыць сны, спецыяльная тэхніка пачынае вулічную ўборку, потым далучаюцца прыбіральшчыкі з участка добраўпарадкавання.
Як толькі дазваляе надвор’е, за справу бяруцца кветкаводы: цюльпаны, браткі і іншыя кветкі нагадваюць, што прыйшла вясна, даволі рана.  Сур’ёзнае падспор’е –  уласная цяпліца.
Добраўпарадкаванне было і застаецца адной з важнейшых задач  ЖКГ: уладкоўваем дзіцячыя пляцоўкі, прыбіраем дваровыя тэрыторыі,  прыпынкі гарадскога аўтобуса.
Займаемся і  нарыхтоўкай другаснай сыравіны. Значная ўвага надаецца і паасобнаму збору адходаў.
На парадку дня – рамонт  жыллёвага фонду. Па першым выкліку выязджае брыгада аварыйна-тэхнічнай службы. Станоўчыя водгукі  аб гасцініцы “Эдэльвейс” пакідаюць госці нашага горада. У штатным рэжыме працуюць іншыя падраздзяленні прадпрыемства.
Любое пытанне павінна вырашацца  ў максімальна кароткія тэрміны і якасна. Толькі на такі вынік  штодня настройваю калектыў.
– Крыху пра эканоміку і асноўныя задачы на бліжэйшую перспектыву?
– Мы працуем рэнтабельна, з невялікім, але ўсё ж прыбыткам. Выкананы мэтавы паказчык па энергазберажэнні, зэканомлена 678 тон умоўнага паліва.
Аднак не выкананы паказчык зніжэння затрат на вытворчасць прадукцыі.
Зніжэнне ўзроўню затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву не менш як на 5 працэнтаў, рост прадукцыйнасці працы і заработнай платы, чыстага прыбытку – прыярытэтныя задачы на 2017 год, якія будуць спрыяць экалагічнай трываласці прадпрыемства.
Што датычыць канкрэтных планаў,  сёлета нарэшце пачнём капітальны рамонт дома №12 па вуліцы Южакова ў райцэнтры, падрыхтавана дакументацыя на капітальны рамонт кацельні ў аграгарадку Жарабковічы, запланаваны  перавод газавай кацельні ў раёне сельгастэхнікі на мясцовыя віды паліва і іншае.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Начальнік участка аварыйна-тэхнічнай службы Юрый Дубіна і майстар Аляксандр Саракавік.

Галоўны бухгалтар Таццяна Шчука (у цэнтры) і яе калегі.

Загадчык склада Міхаіл Зубік, трактарыст Васілій Равяка, майстар жылфонду Генадзій Хоміч.

Азеляніцелі Вікторыя Багдановіч і Іна Зубік.

Майстар участка саначысткі Святлана Курловіч і вадзіцелі Віталій Новік, Валерый Каласоўскі, Іван Бурбіцкі, Аляксандр Жыхараў.

Рабочыя ўчастка добраўпарадкавання Лізавета Бабко і Аляксандр Пазнякоў.

Начальнік станцыі абязжалезвання Леанід Юрлевіч і супрацоўнікі лабараторыі.

Слесары КВПіА Ілья Паплаўскі і Вячаслаў Папко, інжынер-электрык Аляксей Салата.

Начальнік участка добраўпарадкавання Уладзімір Несцяровіч і рабочыя Уладзімір Чарняўскі, Святлана Рабаконь, Ганна Дубоўская.

Аператар Дзмітрый Калоша.

Рабочы Аляксандр Капуза.

Сталяр-станочнік Іван Вільчэцкі і страхар Мікалай Сельмановіч.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *