Людзі тут працавітыя

Была ў гэтых мясцінах  апошні раз летась – у Гайнінцы. Тады ж, пасля   размовы з жыхарамі, зазначыла: трэба  абавязкова сюды вярнуцца, падрабязней пазнаёміцца са справамі гаспадаркі. Вельмі ж     душэўна і з вялікай удзячнасцю вяскоўцы расказвалі пра новае жыццё СВК “Тальмінавічы”, якое пачало наладжвацца пасля таго, як гаспадарку зноў узначаліў Аркадзій Сакун.

Цэнтральная сядзіба – аграгарадок Тальмінавічы – сустрэла сваімі звычайнымі будзённымі клопатамі: мехмайстэрня гула і грукатала – рамонт тэхнікі. На ферме таксама ажыўленне, хоць большасць даярак і жывёлаводаў у гэты час дома. Аказалася, узмоцненымі тэмпамі, каб паспець да замаразкаў, ідзе рэканструкцыя жывёлагадоўчага памяшкання. Гэта будзе ўжо трэці кароўнік, дзе плануецца паставіць 140 жывёл на беспрывязнае ўтрыманне на глыбокай падсцілцы. Асноўныя работы ўжо выкананы. Аркадзій Сакун задаволены,  упэўнены, што да зімы ўправяцца. Падбадзёрыў работнікаў, сам з рулеткай прайшоўся па  кароўніку, параіў, пацікавіўся.

— Гэты аб’ект завяршаем і бу-дзем распачынаць рэканструкцыю чацвёртага жывёлагадоўчага памяшкання. Адначасова стараемся да халадоў заасфальтаваць пад’язныя шляхі і, як хопіць грошай, тэрыторыю фермы, – дзеліцца планамі старшыня.

Увесь малочны статак, які налічвае 814 кароў, будзе ўтрымлівацца ў добрых умовах, а працаваць з ім жывёлаводы намераны па новых тэхналогіях. Што гэта такое, тут ведаюць не па чутках. Пасля таго, як былі запушчаны ў дзеянне рэканструяваныя кароўнікі, з’явіліся цэхі сухастою і раздою, па-новаму зманціравана абсталяванне, пачалося механізаванае кармленне па збалансаваных рацыёнах для кожнай групы жывёл.

Значна ўзрос валавы надой, палепшылася  якасць малака: 80 працэнтаў рэалізуецца вышэйшым гатункам. А ад кароў, якія з верасня “пасяліліся” ў рэканструяваных памяшканнях, надоена 45 тон малака гатунку экстра. Як вынік, прыкладна 30 мільёнаў рублёў залічваецца на рахунак гаспадаркі кожныя 5 дзён. Гэтыя паспяховыя крокі для тутэйшых працаўнікоў важныя яшчэ і таму, што зроблены яны самастойна:  пераўтварэнні праводзяцца за свае грошы, з найменшымі затратамі. А яшчэ нядаўна хваляваліся: разбураюцца фермы, пусцее гаспадарка, няма дзе працаваць людзям. Многія, у тым ліку  цялятніца Валянціна Шчур, загадчыца Тальмінавіцкай фермы Зоя Багдановіч, даярка Таццяна Канцылярчык, падаліся было ў суседнюю гаспадарку. А цяпер у СВК “Тальмінавічы”  за 3 гады статак БРЖ павялічыўся да 1800 галоў – прыбавілася 700 жывёлін, у тым ліку 200 кароў. Курс на нарошчванне пагалоўя працягваецца. Таму і стараюцца тут прывесці да ладу  паўразбураныя жывёлагадоўчыя памяшканні, прычым, наладзіць там работу па новых тэхналогіях.

Вярнуліся назад і работнікі.

У вытворчых падраздзяленнях сельгаскааператыва людзі расказваюць пра сваё жыццё-быццё, першыя і такія жаданыя поспехі і абавязкова звязваюць усе перамены з імем старшыні. Аркадзій Андрэевіч – гэта якраз той выпадак, калі ў адной асобе сканцэнтраваны і талент, і вопыт, і веды, і пастаяннае імкненне да новага і перада-вога. Хоць, як    зазначае старшыня, іншы раз атрымліваецца, што новае – гэта забытае старое. Напрыклад, пачалі арганізоўваць утрыманне жывёлы           на глыбокай  падсцілцы і беспрывязна. Але ж, як жартуе Сакун, яшчэ дзяды нашы выкарыстоўвалі гэты метад. Эфектыўнасць яго пацвярджаецца і сёння. Таму не варта “вынаходзіць веласіпед”, тым больш, што ўсё патрабуе грошай, а трэба прывесці ў парадак тое, што ёсць.

Іменна так паступілі і ў Гайнінцы. Рэканструявалі памяшканні фермы і паставілі 422 каровы, цялушкі для аднаўлення статка – усяго 1200 галоў БРЖ. Работы механізавалі на 95 працэнтаў, статак кормяць 3 кормараздатчыкі-змяшальнікі. Загадчык Гайнінецкай фермы Мікалай Страмавус падабраў у свой калектыў выдатных працаўніц. З малочным статкам спраўляюцца 6 даярак. Толькі  Алена Станішэўская доіць 100 кароў. Дарэчы, пра гэтую працаўніцу тут гавораць з асаблівай цеплынёй і павагай. Яна не лічыць затрачаны час, а кіруецца сваім прынцыпам: спачатку лад-парадак на   рабоце, толькі пасля дамоў. За 9 месяцаў надаіла 349 тон малака, на 18 тон больш, чым летась за гэты перыяд, значна палепшылася якасць. Алена плануе, што сёлета надой на карову складзе  5 тысяч кілаграмаў. У руплівай працаўніцы жывыя і здаровыя ўсе цяляткі, атрыманыя ад кароў, якіх яна даглядае.

— Не думайце, што мы тут працуем і нічога не маем, – зазначыла бухгалтар Алена Кірык. –  Па працы зарплата. Напрыклад, наша лепшая даярка ў сярэднім атрымлівае кожны месяц па  2 мільёны 400 тысяч рублёў, лепшая цялятніца – 1 мільён    440 тысяч рублёў.

У памяшканнях побач з кароўнікамі арганізаваны адкорм цялят. Тут шчыруюць даглядчыкі Леанід Варанец і Алег Пачтальяновіч. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы 650-670 грамаў – добры паказчык. Як расказаў Мікалай Страмавус, аднавілася работа на жывёлагадоўчых фермах, і вёска Гайнінец нібы зноў нарадзілася: стала больш люднай, чуваць і смех, і музыка – жыццё працягваецца. Як, дарэчы, і ў Будах. У гэтай вёсцы наладжана работа на ферме па адкорме цялушак, прызначаных для аднаўлення статка.

Вельмі важную справу даручылі сям’і Леснік. Стараюцца Алена і Андрэй: прывагі жывёлы 670 грамаў у суткі. Па словах галоўнага заатэхніка сельгаскааператыва Вадзіма Тумарава, за 9 месяцаў уведзена ў асноўны статак 176 першацёлак, да канца года павінны паставіць яшчэ 50. Як і планавалі, адновяць 25 працэнтаў малочнага статка, што, безумоўна, станоўча паўплывае на прыбаўку малака.

Малочная і, наогул, жывёлагадоўчая галіна СВК “Тальмінавічы” ўпэўнена набірае абароты. І для гэтага ёсць тут усё неабходнае – добрая кармавая база, выдатныя работнікі і спецыялісты, а галоўнае – моцнае жаданне калектыву наладзіць справу і даказаць, у першую чаргу сабе, што месца гаспадаркі – сярод лепшых.

Праязджаць міма і не заглянуць на мехдвор таксама немагчыма. У памяці час, калі Тальмінавічы першымі ў раёне зрабілі ўзорным мехдвор і майстэрні. Уся тэхніка стаяла пад дахам, у мехмайстэрнях – цёпла і зручна працаваць механізатарам. Гэта быў гонар старшыні Аркадзія Сакуна. Зрэшты, чаму быў? Яшчэ крыху часу, настойлівасці, мэтанакіраванай работы — і цэх механізацыі зноў запрацуе паспяхова. Як расказаў галоўны інжынер гаспадаркі Леанід Юруць, пачалося абнаўленне машынна-трактарнага         парку. Літаральна за апошнія гады  з’явіліся новенькія 3 МАЗы,  2 трактары МТЗ 3022 з усімі прыладамі, КГ-6 – для нарыхтоўкі кармоў, 2 пагрузчыкі “Амкадор”, пасяўны агрэгат, плугі.

І кадры механізатараў ёсць на-дзейныя: Аляксей Зенька, Віктар Багдановіч, Сяргей Шпак, Валерый Шпак, Валерый Татарыновіч, вадзіцелі Уладзімір Гапановіч, Міхаіл Лешык, Іван Татарыновіч, Іван Шпак, Сяргей Грачыха, Аляксандр Таранда. Сёлета названы ў гаспадарцы лепшы зернеўборачны экіпаж у складзе Рыгора Канцылярчыка і  Аляксандра Гаўрыка, які намалаціў амаль тысячу тон зерня.

Спакойна, інтэлігентна, настойліва старшыня вядзе свой калектыў у дзень заўтрашні. А там новыя планы: далейшае абнаўленне машынна-трактарнага парку, павелічэнне пагалоўя жывёлы і рэканструкцыя астатніх памяшканняў. І будаўніцтва новай МТФ на 400 кароў. Прычым, галоўная ўмова – разлічваць толькі на сябе, на свае сілы.

…Дзіўна, Аркадзій Андрэевіч паспявае яшчэ і палюбавацца навакольнай прыгажосцю. А сёлетняя восень сапраўды намалявала непаўторныя пейзажы.

— Кожны дзень бачыць такія краявіды – радасна, а працаваць побач з тутэйшымі людзьмі – шчасце, — шчыра зазначыў Сакун.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *