Піянерскі экспрэс. У Ляхавічах урачыста адзначылі 95-годдзе піянерскай арганізацыі /фота/

Заўсёды маладыя і актыўныя ветэраны піянерскага руху.

Чырвоны гальштук і салют, цімураўскі рух і шэфства над акцябратамі,  вахты памяці і гульня “Зарніца”, песні вакол кастра і злёты, збор макулатуры і металалому… Такім у памяці многіх пакаленняў нашых землякоў застанецца піянерскае дзяцінства. Права насіць піянерскі гальштук і дзесяцігоддзі назад, і сёння атрымліваюць тыя, хто з’яўляецца прыкладам для іншых. Сёння на грудзях у беларускіх  хлопчыкаў і дзяўчынак  гальштук чырвона-зялёнага колеру. Яны  беражліва захоўваюць традыцыі  сваіх бацькоў і дзядоў,  прымнажаюць іх.

95 гадоў  назад, 19 мая 1922 года, на камсамольскім з’ездзе    было прынята рашэнне аб стварэнні ў маладой краіне Саветаў піянерскай арганізацыі. Сёння ў радах паўнапраўнай пераемніцы савецкай піянерыі – Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі (створана 13 верасня 1990 года)  больш за 650 000 хлопчыкаў і дзяўчынак, з якіх больш за 1200 – жыхары нашага раёна, аб’яднаныя ў  15 піянерскіх  дружын.
20 мая пад гукі марша і барабанны пошчак па вуліцах райцэнтра ішлі  прадстаўнікі піянерскіх дружын разам са сваімі старэйшымі сябрамі – педагогамі-арганізатарамі. На плошчы Перамогі гарністы пратрубілі святочны  раённы збор “Піянерыя: учора, сёння, заўтра”.
Апладысменты і кветкі – ганаровым гасцям, сярод якіх піянерважатыя розных часоў. Каля 20 ветэранаў піянерскага руху, арганізатараў добрых і цікавых спраў, з іскрынкай у вачах, з чырвонымі гальштукамі на грудзях прайшлі па плошчы Перамогі.
Кожны з выступаючых адзначаў вялікую ролю піянерскай арганізацыі ў выхаванні і станаўленні не аднаго пакалення рабят. У важатых мінулага стагоддзя сёння ёсць дастойная змена. Лепшыя   педагогі-арганізатары Алена Плескацэвіч з СШ № 1, Наталля  Буйкевіч з Ліпскай СШ, Юрый Дзямід з Востраўскай, Ірына Балабушка з Тальмінавіцкай, Святлана Падгурская з Начаўскай СШ узнагароджаны граматамі  абласнога савета БРПА і аддзела адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама.
У  адказ на заклік “Да спраў на карысць Радзімы, да дабра і справядлівасці будзь гатовы!” , дружна прагучала “Заўжды гатовы!”.

У гарадскім парку па вуліцы Дзесюкевіча праходзіла гульнёвая праграма  ”Піянерскі экспрэс”. А ветэраны піянерскага руху сабраліся ў СШ № 1  на сустрэчу “Я цяпер успамінаю, як песню”.

Галіна КАНЬКО. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Кацярына ЛЕГЕДА, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы:

Піянерыя – гэта, без перабольшання, значная частка майго жыцця. Галоўнай піянерважатай раёна працавала амаль чатыры дзесяцігоддзі.  Той час падарыў  шмат незабыўных момантаў і быў вельмі багаты на цікавыя сустрэчы, знаёмствы.  Мне пашчасціла працаваць з піянерважатымі гарадскіх і сельскіх школ Ірынай Піскун, Алінай Дыдышка, Зінаідай Мацкевіч, Вольгай Жытковіч, Аленай Дыдышка, Наталляй Белай, Людмілай Манахавай, Наталляй Камінскай, Марынай Грыкель. І нават у 90-я гады мінулага стагоддзя ў Ляхавіцкім раёне, адзіным на Брэстчыне, прадаўжала дзейнічаць піянерская арганізацыя.

Зінаіда Мацкевіч, ветэран педагагічнай працы:
– Упэўнена, законы піянерскай арганізацыі, засвоеныя ў дзяцінстве, многім  дапамаглі дасягнуць добрых вынікаў у жыцці, рабоце. Ганаруся, што ў маім лёсе быў чырвоны гальштук! З 1972 па 1978 гады працавала піянерважатай у СШ №1. Як жа натхнёна рыхтаваліся да кожнага піянерскага збору! Дапамагалі арганізатар пазакласнай работы Віктар Жук, педагогі Ірына Піскун, Вера Купрык. Цікава праходзілі змены ў аздараўленчым лагеры “Арляня” каля вёскі Мыслабаж. І сёння з цеплынёй успамінаю  сваіх калег  Валянціну Гоўша, Аляксандру Рудкоўскую, Тамару Васько, Ядвігу Папко, Ніну Памазанскую, Ніну Цярэшка, Таісію Гатоўчыц і незаменную Кацярыну Легеду.
Сяргей ТУРЧАНКА, настаўнік Крывошынскай СШ:
– Працаваў піянерважатым у Крывошынскай СШ з 1984 па 1990 гады. Столькі цікавых мерапрыемстваў ладзілі разам з рабятамі!  У 1987 годзе зборная каманда Крывошынскай і Востраўскай школ адстойвала гонар раёна ў абласной ваенізаванай гульні “Зарніца”, прысвечанай 65-годдзю піянерскага руху. Акцябраты, піянеры, камсамольцы дружна працавалі падчас акцыі “Мільён – Радзіме”. Піянеры заўсёды ў гушчыні падзей, імкнуцца клопатам  ахапіць усіх, каму патрэбна дапамога.
Наталля СЯРГЕЙЧЫК, педагог-арганізатар Жарабковіцкай СШ:
– Піянерскія зборы, паходы з начоўкай, экскурсіі, цімураўскія акцыі – гэта маё піянерскае дзяцінства, гэта 18 гадоў на пасадзе педагога-арганізатара дружыны “Палымяныя сэрцы” Ляхавіцкай гімназіі. Цімураўскі рух у гімназіі заўсёды быў вельмі папулярны. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем спяшаліся на дапамогу: клапаціліся і пра ветэранаў, і пра сваіх маленькіх падшэфных.  Наша цімураўская каманда неаднойчы прадстаўляла раён на абласным злёце і амаль заўжды вярталася дамоў з перамогай. Пераканана, што наперадзе ў нас шмат цікавых спраў. Зараз працую на такой жа пасадзе ў Жарабковіцкай СШ, дзе актыўна дзейнічае дружына “Вясёлка”.
Таццяна КАЗАНЦАВА, старшыня савета дружыны “Праметэй” Тухавіцкай СШ:
– Піянер – гэта той, хто дапамагае, добра вучыцца, умее сябраваць. У нашай школе цікавае піянерскае жыццё. З такім педагогам-арганізатарам, як Святлана Зубік, і нашымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі не засумуеш. Мы збіралі металалом, макулатуру, пластык,  атрыманыя за гэта грошы пералічылі на аднаўленне помніка піянеру-герою Марату Казею.  Актыўна ўдзельнічаем у дабрачынных акцыях “Цуды на Каляды”, “Дзеці – дзецям”.

One thought on “Піянерскі экспрэс. У Ляхавічах урачыста адзначылі 95-годдзе піянерскай арганізацыі /фота/

  • 24/05/2017 в 20:27
    Permalink

    И ўсё ж, якая гэта незабыўная пара дзяцінства! Хто быў піянерам ў 80-я гады мінулага стагоддзя напэўна ўспомніць гэьа цікаве. поўнае прыгод жыццё. Памятаю. як з сябрамі гулялі ў «Цімура і яго каманду». А які гонар быў прадстаўляць дружыну ў раённым піянерскім злёце. Потым пашчасціла. хоць і кароткі час працаваць піянерважатай—дзіўны быў час!.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *