Жывыя і мёртвыя. Сто радкоў ад рэдактара

Зноў пра памяць. Пра гэты заўсёдны багаж (не баласт!), які ёсць у любога з людскога роду-племя. У кожнага свой памятны архіў у душы, сэрцы і ў свядомасці. А ў ім агульнае і асабістае, даўняе і ўчарашняе пераплецена-ўзаемазвязана. Такая, вобразна кажучы, вышыванка, дзе, напрыклад, у пяшчотных колерах дарагое з  уласнага жыцця, ва ўрачыста-чырвоных – пераможнае ўсеагульнае, у чорных – трагічнае, у белых…  Так, ёсць і белае не ў сэнсе светлае-чыстае, а – невядомае, нязведанае, нераскрытае, бывае, і забытае. Белае не ёсць добра, калі яно пра забыццё.
…На праваслаўных могілках за сціплай агароджай густа зарослы кустоўем узгорачак. На ім помнік з выбітай над медальёнам зорачкай. Фарба з зорачкі даўно абсыпалася. На помніку надпіс: «Андрыяхін Васілій Міхайлавіч. Нарадзіўся 30.12.1894, загінуў 13.9.1954. Ад родных і калектыву д/а «Савейкі».
Два абзацы з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён», даўнія расказы мамы, удакладненне ад нераўнадушнага краязнаўцы Мікалая Куліцкага можна выказаць лаканічна: Васілій Андрыяхін быў сакратаром партарганізацыі калгаса «Іскра» і дырэктарам дома адпачынку «Савейкі». У той пасляваенны час на тэрыторыі раёна, у прыватнасці, у Машукоўскім лесе, хавалася некалькі бандаў, якія «нападалі на людзей, рабавалі іх, забівалі партыйных і савецкіх работнікаў, падпальвалі грамадскую маёмасць, імкнуліся перашкодзіць аднаўленню Савецкай улады…». Ад рук бандытаў загінуў і Васілій Андрыяхін. Па сутнасці, загінуў на фронце, толькі фронт гэты быў угатаваны ворагамі ўжо ў мірны час. І ахвяры таго супрацьстаяння аддалі жыцці дзеля міру, дзеля шчасця нашчадкаў – нас з вамі, дарагія землякі, нашых дзяцей, унукаў… У Васілія Андрыяхіна, наколькі я ведаю, сваіх дзетак не было, ды і родных у раёне, мусіць, таксама не засталося. Ён быў прыезджым, не тутэйшым. Месца яго апошняга прытулку – на старых праваслаўных могілках у Ляхавічах. Запушчанае, нядобраўпарадкаванае, забытае. Такая недаравальная  несправядлівасць, якую трэба паправіць. Гэта справа для нераўнадушных землякоў, валанцёраў, юнакоў і дзяўчат з бээрэсэмаўскім білетам. Вельмі сардэчная, па  законе чалавечнасці, удзячнасці, па раскладзе памяці. Іншага не дадзена.
Ужо даўно не лічацца нічыйнай тэрыторыяй гарадскія і вясковыя могілкі. Ёсць мы ўсе, ёсць камунальная служба, якая  прызначана, у тым ліку, добраўпарадкаваць і падтрымліваць парадак тут, дзе на граніце даты скончаных жыццяў памечаны некалькімі кароткімі радкамі…
Ведаць – каб любіць, ведаць – каб шанаваць, любіць –  каб чалавекам звацца, шанаваць – каб грамадзянінам быць, а не лічыцца. Без гэтага немагчыма. Бачыць і чуць, заўважыць і не прайсці міма, не хавацца за «мы», а памятаць, што «мы» складаецца з мноства «я». Так трэба!
Хутка нашы Ляхавічы ў статусе  імянінніка адсвяткуюць 525-годдзе. Як і што было напачатку? Па крупінках збіраем-аднаўляем інфармацыю – гэта ж так цікава. Пасляваенны час значна менш аддалены ад сёння, чым тое «напачатку». Але і ў ім багата нязведаных старонак і невядомых імёнаў. Справядліва, каб іх станавілася менш. І ні ў якім разе не больш. А дзеля гэтага, як пустазелле з агарода, так раўнадушнасць і абыякавасць з сэрца трэба выкараніць. Тады і зрок, і слых становяцца лепшымі. І памяць – заўсёдная спадарожніца чалавека – не дабаўляе белых плямаў у сваю бясконцую хроніку.
…Быццам бы  і чуласці ў нас хапае, і відушчыя, і нераўнадушныя, але ж помнік з фотаздымка «крычыць» маўкліва-пранізліва. І, мусіць, не трэба тлумачэнняў-апраўданняў, а – дзейнічаць. І сэрцам папрасіць прабачэння: даруйце, Васілій Міхайлавіч…
Ніхто не забыты, нішто не забыта.
Вольга БАРАДЗІНА.

One thought on “Жывыя і мёртвыя. Сто радкоў ад рэдактара

  • 24/05/2017 в 20:34
    Permalink

    На самой справе. колькі такіх забытых магіл…І калі частка з іх на сумленні родных. сваякоў, якія жывуць у горадзе, краіне, але забылі пра сваіх сваякоў, відаць, моцна спіць іх сумлене. Але ёсць і такія магілкі. пра якія няма каму клпаціцца таму што нікога з родных ці блізкіх памёршага не засталося. Згодна з аўтарам артыкула, што гэты абавязак павінны ўзяць на сябе мы з вамі, шаноўныя землякі. А ініцыятарам справы памяці могуць стаць маладзёжныя арганізацыі, прафсаюзы і іншыя грамадскія арганізацыі…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *