Статыстыка добрых спраў

У цэнтры ўвагі чарговай штотыднёвай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама стаяла пытанне добраўпарадкавання. Двароў, вуліц, пры- і пазадамавых тэрыторый, месцаў агульнага і не толькі карыстання. Канкрэтна – Крывошынскага сельсавета. Але тэма сугучна і, калі “падставіць” у сказанае старшынёй сельвыканкама Юрыем Чаранкевічам пэўную велічыню-каэфіцыент, можа быць адаптавана для практычна любой іншай сельскай адміністрацыйнай тэрыторыі раёна. Так ці інакш, размова вялася вакол міні-палігонаў і схем збору цвёрдых бытавых адходаў, несанкцыянаваных сметнікаў, дагледжанасці могілак, рамонту дарог-вуліц, зносу безгаспадарных пабудоў і ўключэння вызваленых зямель у гаспадарчы абарот.
Як прагучала, узорам выніковасці падыходаў у пытаннях “пуску” ў абарот зямель з-пад знесеных трухлявых пабудоў можа служыць “Белпрампрыбор”. Разам з дзяржпрадпрыемствам “Ліпнянка” ён з’яўляецца адным з двух найбольш уплывовых вытворчых актываў, размешчаных на тэрыторыі Крывошынскага сельсавета. Немаленькага, дарэчы: у 13 населеных пунктах пражывае амаль што 3 000 чалавек. На службе іх знаходзяцца Дамы культуры, ФАПы, школьныя і дашкольныя адукацыйныя ўстановы, крамы і іншы сацкультбыт.
Як і ў цэлым па раёне, у  вёсках і аграгарадку сельсавета прайшоў месячнік добраўпарадкавання, традыцыйны суботнік. Выніковасць гэтых акцый з’яўляецца бясспрэчным фактам, цудоўна накладваецца на паўсядзённыя рэгулярныя клопаты па добраўпарадкаванні сельскай інфраструктуры. На частцы дарог і вуліц праве-дзены некаторыя рамонтныя работы. Зроблена нямала ў  Рэпіхаўскім парку, хоць далёка не ўсё з запланаванага. І работы будуць працягнуты.
Несанкцыянаваныя звалкі бытавых адходаў. Такую карэктную назву прынята выкарыстоўваць у дачыненні сметнікаў, якія стыхійна ці не ўзнікаюць то тут, то там, нярэдка на задворках домаўладанняў, ведамасных, грамадскіх тэрыторый. Ці не з дзясятак такіх “язваў” было ліквідавана апошнім часам у розных населеных пунктах сельсавета. Спілоўваюцца, распілоўваюцца і выво-
зяцца дрэвы, што ствараюць патэнцыяльную небяспеку. Гэта, у тым ліку, і пра дрэвы, размешчаныя ў межах могілак, на спілоўванне якіх “скінулася” насельніцтва. І многае іншае.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, у прыватнасці, звярнуў увагу на недадобраўпарадкаванасць тэрыторыі вакол размешчанага ў Ліпску касцёла.
– Парадак павінен быць наведзены, – запатрабаваў кіраўнік раёна. І словы гэтыя адрасаваны, канешне, не толькі ў адрас названай установы. Яны – усім нам.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *