Мудрыя дарадцы

Кнігі праваслаўнай тэматыкі запатрабаваныя чытачамі Ляхавіцкай Купалаўкі. З’явіліся ў нас і новыя выданні, мудрасць і святло якіх зацікавяць аматараў духоўнай літаратуры.

Не кожны з тых, каму даводзілася прысутнічаць пры царкоўным абрадзе хрышчэння, ведае сімва-лічнае значэнне дзеянняў свяшчэнніка. Не заўсёды мы можам даць дакладны адказ на пытанні, ці можна быць ахрышчаным другі раз, каго можна і варта браць у хросныя бацькі, ці можа міранін выканаць абрад хрышчэння і пры якіх умовах, чаму менавіта вада з’яўляецца неабходным атрыбутам гэтага абраду, што такое абвяшчэнне?

Адказы на гэтыя пытанні, думаецца, павінен ведаць не толькі вернік, але і кожны адукаваны чалавек. А знайсці іх дапаможа невялічкае, аднак надзвычай змястоўнае выданне “Таінства нараджэння ў новае жыццё. Аб святым хрышчэнні”.

Сэнс і змест другога  таінства, праз якое мужчына і жанчына становяцца адзіным цэлым, раскрываецца на старонках брашуры “Пра вянчанне”. Пра стаўленне царквы наогул да шлюбу, да адносін паміж мужчынам і жанчынай (якія яны ёсць у сучасных рэаліях і якімі павінны быць) раскажа кніга іераманаха Макарыя (Маркіша) “Мужчына і жанчына. Пытанні і адказы”. Аўтар выдання з пазіцый царквы, хрысціянскіх ісцін, навуковых звестак і жыццёвага вопыту адказвае на пытанні, з якімі да яго часта звяртаюцца вернікі: як знайсці каханне, стварыць шчаслівую сям’ю?

Хрысціянскія прытчы і паданні сабраны ў кнізе “Жыў чалавек…”. Іх кароткі змест напоўнены глыбокім сэнсам. Вось адзін з твораў.

У аднаго пустэльніка спыталі:

— Што ты будзеш рабіць, калі разбурыцца старая келля, у якой ты жывеш?

— Мяне гэта не трывожыць, бо месца, якое я пакуль па волі Божай займаю  на зямлі, не можа разбурыцца.

Наступную кнігу нельга акрэсліць як “лёгкае чытанне”, аднак літаратура такога кшталту неабходна для станаўлення чалавека неабыякавага і чулага да людской бяды.

Твор беларускага аўтара Мікалая Гаўрылава “Разарваць цішыню” заснаваны на рэальных падзеях страшнага перыяду нашай гісторыі. Вясна 1933 года. Па рашэнні ўладаў з Мінска ў Сібір высланы на спецпасяленні людзі розных сацыяльных слаёў. У  іх ліку – трыццаціпяцігадовы ўрач з жонкай і сынам. Сям’ю чакаюць страшныя выпрабаванні…

Вытрываць цяжкія пакуты выпадае не ўсім. Аднак задумацца пра каштоўнасці чалавечага жыцця можа кожны. Гэту кнігу протаіерэй Фёдар Крыванос супаставіў па мастацкіх якасцях і глыбіні перажыванняў з творамі “Адзін дзень Аляксандра Дзянісавіча” Салжаніцына і “Калымскія расказы” Варлама Шаламава.

Гэта далёка не ўсе кнігі з новага паступлення літаратуры праваслаўнай тэматыкі. Чакаем вас у бібліятэцы!

Таццяна АРЛОЎСКАЯ,
загадчыца аддзела
абслугоўванняі інфармацыі
цэнтральнай бібліятэкі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *