Наша Даша і цымбалы

Наша зямлячка Дар’я Саванчук на ХІІІ Маскоўскім міжнародным фестывалі славянскай музыкі ў намінацыі «Конкурс народных інструментаў» у сваёй узроставай групе заняла трэцяе месца.

Маскоўскі фестываль, дзе ў журы вядомыя дзеячы мастацтва і культуры Расіі і Еўропы, –  сур’ёзнае выпрабаванне для маладых музыкантаў. Паспрабаваць свае сілы сюды з’ехаліся дараванні з Казахстана, Кітая, Сербіі, Ізраіля, Босніі і многіх іншых краін. Сярод беларусаў была і наша Даша Саванчук. Музычныя творы «Гоман Нёмана» і «На вяселле» ў выкананні жыхаркі аграгарадка Навасёлкі другакурсніцы Баранавіцкага музычнага каледжа не пакінулі раўнадушным нікога. Цымбалы для дзяўчыны – даўняе і сур’ёзнае захапленне. Настрой, мары, адчуванні, перажыванні яна перадае пры дапамозе прыгожага гучання народнага інструмента і не стамляецца вучыцца, рэпеціраваць па некалькі гадзін у дзень.
– Жыццярадасная і адкрытая, Даша вельмі таленавітая і яркая асоба. Яна на пачатку творчага шляху, але падае вялікія надзеі, – з цеплынёй гаворыць пра сваю навучэнку педагог каледжа Святлана Салавей.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *