Пляжы ў Ляхавіцкім раёне атрымалі дазвол

Добраўпарадкаваны пляж у аграгарадку «Дарава».

Згодна народнай мудрасці, дбайны гаспадар сані рыхтуе летам.  А зонамі адпачынку да чарговага купальнага сезона варта займацца ўжо з восені. Што каторы год і робіць  жылкамунгас, на балансе якога 2 афіцыйныя зоны адпачынку ў нашым раёне: пляжы на рацэ Ведзьма ў райцэнтры і на Шчары ў аграгарадку Дарава. Трэцяя прызначана для адпачынку дзяцей і выхавальнікаў у аздараўленчым лагеры “Чайка” і знаходзіцца на балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Аматараў адпачынку ля вады можна парадаваць: камісія, у складзе якой прадстаўнікі раённай улады, прыродаахоўнай і санітарнай службаў, выратавальнікі,  падпісала  дазвол на афіцыйнае адкрыццё  ў гэтым сезоне зон адпачынку ў Ляхавічах і Дараве. Цяпер справа толькі за надвор’ем.

Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень  адзначыла, што камунгас належным чынам падрыхтаваў зоны адпачынку. На райцэнтраўскай адрамантаваны пірс,  кантэйнерная пляцоўка для збору смецця, падфарбавана абсталяванне, падкошаны тэрыторыя пляжа і дарожкі да яго. Абсталяваны пляцоўкі для гульнявых відаў спорту, турнікі, лавачкі, “грыбкі”, каб схавацца ад спякотнага сонца ці раптоўнага дожджыку, кабінкі для пераапранання на гарадскім пляжы.  Ніякіх заўваг па незахаванні прыродаахоўнага заканадаўства не выказаў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Пятроўскі.

Дарэчы, сёлета камунальнікам добра дапамаглі выратавальнікі. Падчас рэспубліканскага суботніка супрацоўнікі РАНС ачысцілі ад кустоўя значную частку тэрыторыі вакол зоны адпачынку. Асаблівая ўвага – бяспецы. Выратавальная станцыя ў поўнай гатоўнасці. На стэндзе – правілы паводзін на ва-дзе, аказання першай медыцынскай дапамогі, даныя пра тэмпературу вады і паветра.  Старшыня раённай арганізацыі Асвода Марыя Цітко расказвае, што з пачатку мая на выратавальным пасту на рацэ Ведзьма дзяжураць два матросы-выратавальнікі, якія прайшлі вучэбныя трэніроўкі і заняткі па аказанні першай меддапамогі пацярпелым. Падкрэслівае, што і самім адпачываючым неабходна клапаціцца, каб адпачынак ля вады прынёс толькі станоўчыя эмоцыі і доб-рыя ўспаміны: не заплываць за буйкі, уважліва сачыць за дзецьмі, не адпус-каць іх у ваду адных, не купацца ў  нецвярозым  стане. Невыкананне гэтых элементарных правілаў можа прывесці да бяды. На шлюзе ўладкавана таблічка з надпісам ”Купацца забараняецца”. Але гэта датычыць месца купання, а не якасці вады. Апошняе – таксама важны ў плане нашай з вамі бяспекі момант. Шмат гадоў запар амаль  з пачаткам купальнага сезона вадаёмы на афіцыйных зонах адпачынку траплялі пад забарону для купання. Прычыны – звышнарматыўная забруджанасць вады. Па запатрабаванні старшыні райвыканкама спецыяльна створаная камісія правяла маніторынг, была выяўлена прычына пастаяннай забруджанасці –  водарасці, якія запаланілі воднае наваколле. Праведзены комплекс мерапрыемстваў, і вынік не прымусіў сябе чакаць. Два апошнія гады ляхавіцкія зоны адпачынку не траплялі ў пералік забароненых для купання месцаў. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў нагадаў, што летась спецыялісты райЦГіЭ не выдалі ніводнага прадпісання на забарону купання:  узятыя ў розны час пробы вады на мікрабіялагічныя (утрыманне кішэчнай палачкі) і санітарна-хімічныя паказчыкі адпавядалі норме. Санітарная служба і сёлета будзе трымаць на пастаянным кантролі якасць вады ў Ведзьме, а таксама стан прылягаючай тэрыторыі. У апошнім вялікую ролю адыгрывае і культура паводзін адпачываючых. Калі прыбіраць пасля сябе смецце, выкідаць яго ў спецыяльныя кантэйнеры, не давядзецца наступны раз адпачываць на брудным пляжы.

Станоўчыя ўражанні ў камісіі засталіся і пасля наведвання зоны адпачынку ў аграгарадку Дарава. Санітарныя і іншыя патрабаванні вытрыманы: тэрыторыя добраўпарадкавана пасля зімы,  падфарбаваны лаўкі, кабінкі для пераапранання, зроблены касметычны рамонт іншых прыстасаванняў. І самае галоўнае –  жылкамунгас за ўласныя сродкі ўладкаваў часовы ведамасны выратавальны пост, дзе будзе дзяжурыць матрос-выратавальнік.  Менавіта сюды, асабліва ў выхадныя дні, прыязджае  мноства людзей – сем’і з дзецьмі, кампаніі –   не толькі з Ляхавіцкага раёна, але і з Баранавіцкага. Так што пільнае вока матроса-прафесіянала лішнім не будзе.

З пачаткам лета да вады спяшаюцца не толькі купальшчыкі, але і аматары пакатацца на маторках ці  гідрацыклах. Але перш чым сесці за штурвал воднага транспарту, неабходна атрымаць права на кіраванне ім і прайсці тэхагляд плаўсродкаў. А супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях будуць праводзіць маніторынг выканання правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі маламерных суднаў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Выратавальнікі Асвода да лета гатовыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *