Сяброўкі

Працаваць на новым малочнатаварным комплексе адно задавальненне. Але спачатку патрэбна было навучыцца абыходзіцца з электронным абсталяваннем, якое дазваляе даіць адначасова 24 каровы. Аператар машыннага даення з СВК «Ляхавіцкі» Зоя Сецько і Вольга Грыкель асвойвалі гэта ў Чарнаўчыцах, што пад Брэстам, дзе ўжо некалькі гадоў паспяхова працуе аднатыпны комплекс. Тыдзень вывучалі сістэму даення, падключэнне апаратаў і ўсе тонкасці работы на сучасным абсталяванні. Вярнуліся дамоў і ўпэўнена ўзяліся за справу. Зацікаўлена стараліся прыўнесці і свае карэктывы. Найперш — захаванне ўсіх санітарных нормаў і правілаў, рэжым даення і кармлення. У выніку малако атрымліваюць толькі гатунку экстра, вырас і валавы паказчык. Калі летась ад кожнай каровы надаілі па 7200 кілаграмаў малака, то сёлета за 9 месяцаў па 7000! Вось што значыць працаваць па новых тэхналогіях.

Зоя Сецько працуе ў жывёлагадоўлі 28 гадоў. Яе імя на слыху, здаецца, увесь час, як яна толькі з’явілася на ферме: вельмі адказная, старанная, заўсёды імкнецца асвойваць сучасныя тэхналагічныя працэсы. І Вольга ўжо больш як 11 гадоў шчыруе на ферме і таксама ўвесь час у ліку перадавікоў. Зусім не выпадкова, як толькі яна выйшла на работу з дэкрэтнага водпуску, кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала ёй працаваць разам з Зояй Сецько. Атрымалася выдатнае спалучэнне і вопыту, і маладога запалу, і адказнасці, і жаночай салідарнасці. Аб’яднаныя агульнымі інтарэсамі, сяброўкі ўпэўнена крочаць да працоўнай перамогі: відавочна, што да леташніх вынікаў сёлета яны дададуць важкі «плюс».

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *