Погляд у будучыню

Прэзідэнт Беларусі  Аляксандр Лукашэнка напярэдадні завяршэння навучальнага года 25 мая наведаў сярэднюю школу № 61 горада Мінска. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з развіццём сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, агледзеў выстаўку дасягненняў дзіцячага і маладзёжнага руху «Лідарскія арыенціры – формула поспеху». На базе навучальнай установы прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з навучэнцамі пад назвай «Моладзь. Погляд у будучыню».

Школьнікі ў нефармальнай атмасферы размаўлялі з Прэзідэнтам. Усяго ў сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы прынялі ўдзел 300 чалавек са сталіцы і розных рэгіёнаў Беларусі. У іх ліку лепшыя прадстаўнікі навучэнскай моладзі ва ўзросце 12-17 гадоў, якія праявілі сябе ў творчым, культурным, спартыўным і грамадскім жыцці, сталі ініцыятарамі дзіцячых і маладзёжных сацыяльна значных праектаў і ініцыятыў.

Прэзідэнт Беларусі заклікаў моладзь шукаць шчасце перш за ўсё на радзіме.   «Менавіта пад нашым   небам – Беларусі – вы зможаце быць у поўнай ступені шчаслівымі і ажыццявіць сваю мару», – упэўнены беларускі лідар.

Ён адзначыў, што, вядома, можна паехаць і за мяжу, як робяць некаторыя. «Мы нікога не ўтрымліваем», – дадаў Прэзідэнт. Разам з тым   Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, як паказвае практыка, потым можа быць даволі складана зноў інтэгравацца ў родную краіну, знайсці сваё месца ў грамадстве. «Галоўнае – гэта твая зямля, на якой ты нарадзіўся. Таму я вам раю не як Прэзідэнт, а як чалавек: не губляйце сваёй зямлі! Жывіце на ёй і старайцеся зрабіць нешта для той зямлі, на якой вы нарадзіліся. Для тых людзей, дзякуючы якім вы, магчыма, станеце вялікімі і лідарамі», – заклікаў Кіраўнік дзяржавы.

«Вы – наша надзея, багацце краіны. І мы абавязаны зрабіць і будзем рабіць усё для таго, каб вы прыжыліся на гэтай зямлі, каб вы цанілі гэту зямлю і абаранялі», – запэўніў    Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама ўпамянуў аб ініцыятарах перспектыўных і цікавых маладзёжных праектаў у розных рэгіёнах Беларусі. «Гэта заслугоўвае не толькі падтрымкі, але павагі ўжо. Гэтыя людзі робяць тое вялікае, што ўзнімае краіну, што напаўняе зместам усё наша жыццё. Калі будуць рэалізаваны гэтыя і іншыя праекты, яны прынясуць сусветную славу Беларусі», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

«Як Прэзідэнт я проста абавязаны надаваць асаблівае значэнне маладому пакаленню. Таму што бачу ў вас заўтрашні   дзень», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.   Ён падкрэсліў, што лідарскія якасці патрэбны ў самых розных сферах, кіраванне краінай гэта ці канкрэтная вытворчасць. «Вы можаце быць лідарамі і ў працоўных калектывах. Сапраўдны лідар – гэта не толькі кіраўнік вялікага прадпрыемства, старшыня гар-, райвыканкама або кіраўнік урада і Прэзідэнт. Сапраўдны лідар – ён заўсёды лідар і ў калектыве. Вельмі спадзяюся, што вы і ёсць такія людзі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што маладыя людзі змогуць дасягнуць пастаўленых мэт.  «У краіне створаны ўсе ўмовы, каб ваша дарога па жыцці была паспяховай. Існуючая сістэма адукацыі дазваляе зрабіць  усвядомлены выбар прафесіі і рэалізаваць тыя здольнасці, якімі вы валодаеце», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама параіў школьнікам не траціць дарэмна каштоўны час у іх юныя гады. «У жыцці трэба рабіць усё ў свой час. Калі вы цяпер не зробіце тое, што павінны – атрымаць веды, пабудаваць фундамент свайго жыцця ў цэлым – заўтра ўжо будзе   позна».

Прэзідэнт адзначыў, што ён вельмі рады гэтай сустрэчы, у тым ліку таму, што наведванне школы дало магчымасць успомніць яму свае гады і як вучня, і ў якасці выкладчыка. Ён запрасіў школьнікаў да шчырай размовы па самых розных пытаннях, пачынаючы ад удзелу ў грамадскім жыцці да пытання часу пачатку вучэбных заняткаў і мерапрыемстваў у шосты школьны дзень.

Прэзідэнт падтрымаў ідэю стварэння маладзёжнага  парламента рэспублікі. Цяпер існуюць маладзёжныя палаты пры абласных Саветах дэпутатаў і Мінскім гарадскім Савеце. Ёсць ініцыятыва стварыць рэспубліканскі маладзёжны парламент на базе Савета Рэспублікі.  Гаворачы пра школьныя заняткі, Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што не трэба перагружаць вучняў вялікай колькасцю ўрокаў і вельмі складаным матэрыялам, таксама як і празмерным аб’ёмам дамашняга задання. «Інакш атрымаем адваротную рэакцыю. Асабліва калі дзеці не разумеюць складанасць матэрыялу», – адзначыў ён.

У пытанні пачатку вучэбных заняткаў у школах галоўным павінна быць здароўе дзяцей, падкрэсліў Прэзідэнт.  Аляксандру Лукашэнку была прадстаўлена інфармацыя, згодна з якой 82,5 працэнта ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 1 верасня 2017 года будуць пачынаць вучэбныя заняткі з 9 раніцы. З 8.30 раніцы вучоба будзе пачынацца ў 17,2 працэнта школ і толькі ў 0,3 працэнта ўстаноў – з 8 раніцы. «Мы праманіторылі. Так, сапраўды, ёсць аб’ектыўна школы, якія могуць пачынаць вучэбныя заняткі з 9 раніцы. Гэта, як правіла, вясковыя школы і ўстановы адукацыі, якія працуюць у адну змену», – далажыў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Ён паведаміў таксама, што ўсе вучэбныя праграмы для сярэдняй школы ў Беларусі да  1 верасня будуць абноўлены. Паводле слоў міністра, гэта работа практычна завершана.  Кіраўніку дзяржавы пра-дэманстравалі адзін з сігнальных экзэмпляраў новых падручнікаў, а таксама сучасную тэхналогію «ажываючых карцінак». Яе сутнасць у тым, што з дапамогай дадатку на смартфоне можна фактычна «ажывіць» карцінку і прагледзець дадатковы відэаматэрыял.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што акрамя зместу важна і афармленне падручнікаў, якое павінна быць прыгожым і фундаментальным, але разам з тым і практычным. «Шкадаваць грошы на падручнікі нельга», – сказаў ён.  Акрамя таго, Прэзідэнту расказалі аб адукацыйным партале, дзе ў свабодным доступе ёсць самыя розныя матэрыялы і інфармацыя для вучняў, бацькоў і педагогаў.

«Мы сёння працуем над тэсціраваннем, каб яго наблізіць да школьнай праграмы. Ужо ў бягучым годзе новы міністр паабяцаў мне, што абсалютна ўсе тэсты будуць арыентаваны на школьныя праграмы. У гэтым годзе яны будуць абсалютна адпавядаць школьнай праграме», – запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне адносна вывучэння гістарычных прадметаў у школе на беларускай мове. «Я катэгарычны праціўнік навязвання вучням якой-небудзь дзяржаўнай мовы – у нас іх дзве – руская і беларуская. Чалавек сам павінен вызначыцца, на беларускай ці рускай мове ён будзе вывучаць, – сказаў Прэзідэнт. – Калі вы мяне спытаеце, а я як хацеў бы… Я хацеў бы, каб гэтыя прадметы вывучаліся на беларускай мове. Мы больш размаўляем, у тым ліку ў быце, на рускай мове. Беларускай мовы ў нашым быце не хапае. Дрэнна гэта ці добра? Не ведаю. Не думаю, што гэта катастрофа».

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не з’яўляецца прыхільнікам таго, каб штучна нешта насаджаць, інакш можа ўзнікнуць непрыманне. «З-за неразумення моўных праблем часта войны пачыналіся. Нам гэта не патрэбна», – адзначыў ён.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *