Квартальная эканоміка

Эканоміка-гаспадарчай накіраванасцю вызначалася майскае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. Як адзначыў кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч, пытанні гэтыя не радавыя і простымі не з’яўляюцца. Ад таго, наколькі паспяхова яны будуць вырашацца, залежыць дабрабыт усіх і кожнага.

Пытаннем з пытанняў, галоўным і не толькі аграрным клопатам дня з’яўляецца зараз уборка шматгадовых траў. Шкада, але факт: іх сёлета зусім няшмат. Як ва ўмовах небагатага першакасавічнага палетка стварыць максімальна трывалую кармавую базу, забяспечыць багаты стол для грамадскай жывёлагадоўлі, было абмеркавана з удзелам у тым ліку кіраўнікоў і галоўных профільных спецыялістаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Таксама выканкам падвёў рысу пад вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першы квартал года. Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба, у цэлым нядрэнна, але некаторым квартальным вытворча-эканамічным паказчыкам характэрна зніжэнне ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Знізіўся экспарт паслуг, крыху меншым аказаўся індэкс фізічнага аб’ёму ў прамысловасці, зменшыўся вытворчы вал сельскагаспадарчай прадукцыі.
За студзень-сакавік суб’екты гаспадарання раёна адгрузілі за мяжу паслуг на суму 62,4 тысячы долараў ЗША. Амаль у 100 працэнтах выпадкаў гэта транспартныя паслугі, якіх на гэтым адрэзку часу больш не стала. Асноўнай прычынай змяншэння ІФА у прамысловасці стала недавытворчасць на Ляхавіцкім ільнозаводзе. У мінулым сельскагаспадарчым сезоне прадпрыемства не змагло падняць сыравіны ў патрэбных аб’ёмах. Як працяг тэмы – недазагрузка рабочых магутнасцяў і даволі значны ў параўнанні з мінулым годам вытворчы мінус.
Па стане на пачатак другога квартала года, у раёне значылася 2 стратныя прадпрыемствы. На тым жа адрэзку часу летась такіх было ўдвая больш. Па-ранейшаму непрыбытковай з’яўляецца Ляхавіцкая ПМК-17, чыстыя страты якой растуць з-за налічаных у павышаным памеры падатку на нерухомасць, якая не выкарыстоўваецца, іх амартызацыі. Але і аб’ёмы работ, што выконваюцца арганізацыяй, вялікімі не з’яўляюцца і не дазваляюць перакрыць усе накладныя расходы.
Больш за 70 тысяч рублёў страт дапусціла за 3 месяцы гэтага года Ляхавіцкае райпо. Прычыны – у скарачэнні тавараабароту, высокай закрэдытаванасці. Калі ж гаварыць у цэлым, за першы квартал года ў эканоміцы раёна чысты прыбытак павялічыўся больш як на 30 працэнтаў у параўнанні з леташнім.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *