Май пазваніў чэрвеню. Свята апошняга званка ў Начаўскай СШ Ляхавіцкага раёна /фота/

Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч пажадаў начаўскім выпускнікам дасягнуць пастаўленых мэт.

30 мая. Аўторак. Раніца. Школы Ляхавіччыны ў прадчуванні радасна-шчымлівай падзеі – апошняга званка. Гэты навучальны год для 273  рабят стаў пачаткам школьнага жыцця. У іх, як і ў іншых амаль 2400 вучняў-невыпускнікоў, наперадзе незабыўная, поўная прыгод пара – летнія канікулы.

Але асабліва хвалюючай урачыстая лінейка стала для тых, хто зусім хутка развітаецца з роднай школай, з любімымі настаўнікамі і аднакласнікамі і адправіцца ў самастойнае  дарослае жыццё – адзінаццацікласнікі развітваліся з дзяцінствам.
У сонечны перадапошні дзень мая раздзяліць святочную падзею з вучнямі прыйшлі кіраўніцтва раёна, настаўнікі, бацькі,  шэфы. Былі ўзнагароды, граматы, падарункі – як і належыць на свяце. Пранікнёна гучалі словы выпускнікоў. А потым па традыцыі  – апошні званок года навучальнага.
Запамінальным і ўрачыстым стаў гэты дзень і для вучняў Начаўскай СШ. Школьны двор, здаецца, быў напоўнены радасцю: колькі тут кветак, рознакаляровых паветраных шароў, усмешак і добрага святочнага настрою. Як заўсёды, хвалююцца настаўнікі і бацькі, весяляцца пачаткоўцы – канікулы ж пачынаюцца! Імкнуцца быць сур’ёзнымі  больш старэйшыя вучні. А вось 9 адзінаццацікласнікаў, як і 11 дзевяцікласнікаў крыху разгубленыя. Менавіта яны – галоўныя героі ўрачыстай лінейкі, прысвечанай заканчэнню навучальнага года. Поспехаў, удачы, натхнення і ўпэўненасці ў сваіх сілах пажадаў ім і ўсім хлопчыкам і дзяўчынкам старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч. Віншавалі рабят дырэктар школы Алег Місюк,  старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік, намеснік дырэктара ДП «Нача» Галіна Рамейка, настаўнікі, вучні малодшых класаў, бацькі.
Наперадзе ў выпускнікоў – экзамены, далей – развітальны школьны баль, тэсціраванне, паступленне ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Поспехаў вам і спраўджаных мар! Астатнім школьнікам – цудоўных і запамінальных канікулаў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Для вучняў Начаўскай СШ прагучаў апошні школьны званок.

Прывітанне, лета!


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *