Не забудзь пра бліжняе

– Чуў, што трэба на працягу тыдня ездзіць на аўтамабілі з уключаным святлом фар, але забыўся пра гэта, – патлумачыў вадзіцель першай спыненай у мінулую пятніцу машыны.

Так пачаўся сумесны рэйд супрацоўнікаў аддзялення дзяржаўтаінспекцыі Ляхавіцкага РАУС і карэспандэнта раёнкі. Месца ”дыслакацыі” рэйдавай брыгады – дарога Баранавічы-Ляхавічы недалёка ад гімназіі. Асноўная мэта –  высветліць, як  вадзіцелі выконваюць правілы дарожнага руху, у прыватнасці,   пункт 166.9, які прадугледжвае, што ў  перыяд правядзення рэспубліканскіх спецыяльных комплексных мерапрыемстваў транспартныя сродкі павінны рухацца і ў светлы час сутак з уключаным бліжнім святлом фар ці дзённымі хадавымі агнямі. Такія патрабаванні дзейнічаюць і падчас акцыі  “Увага – дзеці”, што праходзіць па ўсёй  Беларусі з 25 мая па 5 чэрвеня ўключна.
Як адзначыў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Мікалай Дылеўскі, мясцовыя вадзіцелі ў асноўным дысцыплінаваныя, хаця, канешне, бываюць і выключэнні. Як пацвярджэнне яго слоў – чарада легкавых і грузавых аўтамабіляў, што рухалася ў бок Баранавічаў з уключанымі фарамі.  А следам    “аўдзі”-парушальнік. На пытанне, чаму не ўключаны фары, вадзіцель адказаў пытаннем: ”А што – трэба ўключаць? Чаму?”. Інспектару па адміністрацыйнай практыцы АДАІ Аляксандру Анікевічу  давялося расказваць пра акцыю і нагадаць, што за парушэнне  гэтага пункта ПДР прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: папярэджанне ці штраф да 2 базавых велічынь. На гэты раз вадзіцелю пашанцавала – яго толькі папярэдзілі і, як і іншым аўтааматарам, уручылі памятку пра спецыяльны комплекс мерапрыемстваў.  Усяго з 25 па 28 мая да адміністрацыйнай адказнасці   прыцягнуты 5 чалавек.
Дзяржаўтаінспектары зазначаюць, што на некаторых прадпрыемствах і ва ўстановах раёна  інжынер ці іншая адказная асоба піша вадзіцелю напамін пра акцыю ў дарожным лісце. Да таго ж пра ўсе прафілактычныя мерапрыемствы на дарогах расказваецца ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку і “Ляхавіцкім весніку”. Так што выпісвайце і ведайце!
Тым часам Аляксандр Анікевіч спыняе чарговую іншамарку. Пакуль правярае дакументы, вадзіцель расказвае: пра акцыю ведае і не бачыць  ніякіх праблем у тым, што трэба ездзіць  з уключанымі фарамі. Пасажырка аўтамабіля ўдакладняе, што бяспека – гэта вельмі важна і неабходна, таму лепш перастрахавацца, і ўвогуле – правілы дарожнага руху для таго і распрацаваны, каб іх выконваць. На жаль, гэта     разумеюць не ўсе.
Сярод патоку аўтамабіляў – матацыкл. Усё ў парадку: фары ўключаны, правы ў гаспадара ёсць, шлемы адзеты і ў кіроўца, і ў пасажыркі. Дарэчы, на матацыклах так павінна быць заўжды, незалежна ад таго, праводзіцца акцыя ці не.
Летнія канікулы на парозе.  Значыць, дзеці больш часу будуць пакінуты самі на сябе. Каб не здарылася бяды, бацькам трэба быць яшчэ больш уважлівымі: не пакідаць малых без нагляду,  нагадваць правілы паводзін, у тым ліку на дарозе і каля праезнай часткі. Ды і самім дарослым нельга забываць пра ПДР.  Мікалай Дылеўскі нагадаў, што за першыя   5 месяцаў мінулага года    аштрафаваны 300 вадзіцеляў, якія перавозілі дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў без спецыяльных  аўтакрэслаў, сёлета за аналагічны перыяд – 150.
Яшчэ адна патэнцыяльная небяспека – веласіпед. Самастойна ездзіць на двухколым транспартным сродку могуць толькі падлеткі старэйшыя за 14 гадоў. Некаторыя бацькі закрываюць на гэта правіла вочы. А дзеці, паабяцаўшы катацца толькі ў двары, хутка пра гэта забываюцца і могуць раптоўна выскачыць  на дарогу. Добра, калі вадзіцель паспее затармазіць… У іншым варыянце трагедыі не пазбегнуць. Дапускаць такое нельга!
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *