Зноў вінавата цыгарэта?

Днём, у мінулую пятніцу, на пульт дзяжурнага РАНС паступіла паведамленне аб пажары ў вёсцы Бенькаўцы. Прыбыўшыя  на месца здарэння выратавальнікі ўбачылі  дом, ахоплены агнём і ахутаны дымам.  У жылым пакоі знойдзены нежывымі гаспадыня 1935 года нараджэння і яе 59-гадовы сын. Канчатковая прычына пажару і гібелі людзей  высвятляецца.  Пакуль асноўная версія трагедыі – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.  Па даным факце раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку.
За апошнія некалькі тыдняў гэта ўжо другі такога кшталту выпадак. Нядаўна  пажар  з дзвюма ахвярамі адбыўся ў Вялікім Гарадзішчы.   І тады асноўнай прычынай гібелі маці і сына стала курэнне. Як сведчыць статыстыка, менавіта па баналь-ным сцэнарыі “выпіў-закурыў-заснуў” развіваецца большасць вогненных трагедый. Неабдуманыя паводзіны курца могуць прывесці і да гібелі тых, хто знаходзіцца разам з ім у доме ці кватэры.  У мінулым годзе  на пажарах з-за неасцярожнасці пры курэнні загінулі  трое жыхароў нашага   раёна, сёлета – ужо     чацвёра.
Не варта грэбаваць правіламі, якія могуць выратаваць ваша здароўе, а то і жыццё. Нельга курыць у ложку, асабліва нецвярозаму чалавеку. У гаражы блізкасць аўтамабіля ці лёгкаўзгаральных рэчываў могуць справакаваць пажар. Не трэба  выкарыстоўваць у якасці попельніцы паперу, выкід-ваць непатушаныя цыгарэты з вокнаў ці балконаў (ветрам іх можа занесці ў суседнія кватэры і справакаваць пажар). Не забывайце  сачыць, каб запалкі не трапілі  ў рукі дзяцей.
Пажар лягчэй папярэдзіць, чым патушыць.
Сяргей ГАТОЎЧЫЦ,
першы намеснік
начальніка РАНС.

За апошнія 5 гадоў у Ляхавіцкім раёне адбылося 179 пажараў, на якіх загінулі 25 чалавек. Асноўныя прычыны здарэнняў – неасцярожнае абыходжанне з агнём, курэнне ў нецвярозым стане. Дарэчы, у 90 працэнтаў выпадкаў пацярпелыя знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *