Прыёмныя клопаты

Яшчэ дзень-другі і напоўніцца звонкімі дзіцячымі галасамі летнік на беразе Шчары, у лясным масіве недалёка ад  Галаўнінцаў. Аздараўленчы лагер “Чайка” адкрывае чарговы, 31 па ліку  сезон. Пакуль хлопчыкі і дзяўчынкі  пакуюць чамаданы, а бацькі набываюць пуцёўкі, ён рыхтаваўся да прыёмкі. Работы пачаліся ў красавіку, напярэдадні рэспубліканскага суботніка. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Прыхач узгадвае зробленае: устаноўлена новая помпа падачы вады з аўтаматычным рэгуляваннем, 2 халадзільнікі,  воданагравальнік, закуплены часткова новыя ложкі,  зроблены мосцік з агародж-ваннем для купальшчыкаў на пляжы (дарэчы, сам пляж прыняты яшчэ  тыдзень назад). Адрамантавана-адноўлена тратуарная плітка, пасаджаны кветкі,  добраўпарадкавана, абкошана тэрыторыя. Як і ў мінулыя гады, у асноўным усе работы  выкананы сіламі супрацоўнікаў аддзела і навучальных устаноў. Істотнае фінансаванне  на падрыхтоўку “Чайкі”: 20 тысяч рублёў – са сродкаў, заробленых на абласным суботніку, па 2 тысячы рублёў выдаткавана з раённага бюджэту і рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні.
Асаблівая ўвага – бяспецы. Спецыялісты правяраюць спраўнасць сантэхнікі і электраправодкі. Яшчэ ў верасні мінулага года санітарная служба дала канкрэтныя даручэнні па падрыхтоўцы да чарговага сезона. Урач-гігіеніст райЦГіЭ Валянцін Скарына зазначае, што ўсе яны выкананы і што будуць праводзіцца пазапланавыя санітарныя праверкі, маніторынгі, аказвацца практычная дапамога на працягу лета.
Свой кантроль забяспечваюць і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Выкананы дадзеныя рэкамендацыі па  ўхіленні выяўленых парушэнняў. Першы намеснік начальніка РАНС Сяргей Гатоўчыц запэўніў: на працягу ўсяго сезона выратавальнікі будуць  праводзіць у летніку пажарна-прафілактычныя акцыі. Кругласутачна ў “Чайцы” будуць дзяжурыць і супрацоўнікі РАУС.
Наконт кошту пуцёўкі. Сёлета дзяржаўная датацыя на адно дзіця ў аздараўленчых летніках з дзённым знаходжаннем складзе 72 рублі, з кругласутачным (працягласць змены 18 дзён) –175 рублёў. Бацькі па-ранейшаму аплацяць  толькі 10 працэнтаў кошту пуцёўкі.
…І вось  наступіла гадзіна-пік. 30 мая прадстаўнічая камісія, уважліва агле-дзеўшы ўсе ”чайкаўскія” аб’екты, вынесла канчатковы вердыкт: лагер гатовы прыняць 5 змен. Першая, спартыўная,  пачнецца зусім хутка – 5 чэрвеня.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *