Зямлі куратары. 4 чэрвеня меліяратары адзначаць прафесійнае свята

Начальнік ПМС Сяргей Баргамон (у цэнтры) з калектывам бухгалтэрыі.

Яна – наша багацце – зямля, на якой жывём і працуем. З нагоды роднасці ставімся да яе з асаблівай ласкай і любоўю. З аднаго боку, палі, лясы і балоты мы паставілі сабе на службу, з другога – служым ім. Сціпла, у выпадку з радавым грамадзянінам краіны, і грунтоўна, па навуцы, зыходзячы з прынцыпу “не нашкодзь”, калі гаворка заходзіць аб прафесійных паляпшальніках зямель. У перакладзе на “сваю” мову слова меліяратар гучыць іменна так. І вам – да іх, калі высокі сельскагаспадарчы палетак патрабуе абваднення, лясная дзялянка – комплексу супрацьэразійных мерапрыемстваў а, напрыклад, нізіннае балота – асушэння.

Але асушэнне-арашэнне ўсяго толькі класіка вытворчага меліярацыйнага жанру. Сёння, каб жыць, а не перабівацца, не таптацца на месцы, а расці ў аб’ёмах падрадных работ і сумах атрыманай выручкі,  меліяратары вымушаны круціцца. Дыверсіфікаваць і віды работ, якія гатовы выконваць, і іх геаграфію.
Капыльская  раёнка не пашкадавала плошчы і хвалебных слоў у адрас ляхавіцкіх паляпшальнікаў тамтэйшай зямлі. Нашы людзі, тэхніка ў складзе пары экскаватараў, бульдозера, іншага “жалеза” працягваюць выконваць комплекс работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Капыльшчыны. У прыватнасці, вядомай сваім дачыненнем да роду Вайніловічаў, вёскі Савічы. Паказалі сябе рупліўцамі, надзейнымі работнікамі, спецыялістамі сваёй справы.
Падобны вопыт Ляхавіцкае ПМС мела і на Случчыне. Работы там завершаны, што зусім не азначае канчатковы “разрыў кантакта” паміж дзелавымі партнёрамі. Дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Сяргей Баргамон хоць і з асцярожнасцю, але гаворыць пра магчымае на слуцкую зямлю вяртанне. Як і ў суседні Баранавіцкі раён, дзе нашы меліяратары паказалі сябе ўмелымі рэкультыватарамі выпрацаваных кар’ераў.
Узімку, калі зямля знаходзіцца ў сонным адпачынку і патрабуе ад чалавека ўсё меншай увагі, нагрузка на арганізацыі меліярацыйнага профілю адчувальна змяншаецца. Адкрываюцца “вокны” ў рабочым і вытворчым графіках, з’яўляюцца “лішнія” экзэмпляры тэхнікі. Па меншай меры неардынарным здаецца спосаб, выбраны ляхавіцкімі пээмэснікамі з мэтай закрыць гэтыя самыя “вокны”. Працавалі ў адной з аграструктур Клецкага раёна. На далёка не профільных для сябе работах па вывазцы на сельскагаспадарчыя палеткі арганічных угнаенняў.
Будучы ўладальнікам даволі магутнага і разнастайнага па калібры і прызначэнні каравана аўтамабільнай і трактарнай тэхнікі, ПМС не дазваляе яму прастойваць. Узнікла неабходнасць у пагрузцы-разгрузцы, перамяшчэнні груза? Карысным для вас будзе адрас у горадзе Ляхавічы: вуліца Працоўная, 13.
Яшчэ Ляхавіцкае ПМС атэставана і мае вопыт укладкі тратуарнай пліткі, выканання падрадаў па  пракладцы інжынерных сетак, у тым ліку падземных – водаправодных, каналізацыйных, іншае.
Рэанімавалі лесапільную ўстаноўку. Пасля доўгага прастойвання піларама вярнула сабе функцыі дапаможнага вытворчага актыву. “Распусціць” лес-кругляк на дошку, выпілаваць брус для гаспадарчых патрэб стала куды больш простай, хуткай і менш затратнай справай, чым калі б давялося звяртацца за дапамогай да іншых. Цяпер ужо іншыя звяртаюцца ў ПМС з заказамі: распусціць, выпілаваць, абрэзаць.
У нашу размову з кіраўніком прадпрыемства “ўмешваліся” частыя тэлефонныя званкі. Адзін з абанентаў, як растлумачыў Сяргей Уладзіміравіч, звярнуўся за дапамогай у абнаўленні штучнага вадаёма: сажалка “заплыла” водарасцямі, ілам. Маўляў, ці можаце і што па чым? Канешне ж, могуць і не толькі ўбраць-пачысціць – па жаданні і наяўнасці ў кліента неабходных дазволаў уладкуюць вадаём з нуля.
На параўнальна вузкім адрэзку часу касьба, абкошванне, падкошванне травы з’яўляецца шырока запатрабаваным сэрвісам прадпрыемства меліярацыйных сістэм.  Быць роўна “падстрыжанымі”, выглядаць акуратна дагледжанымі павінны ўсе меліярацыйныя каналы і канальчыкі, масты і пераезды, тэрыторыі помпавых станцый і многіх-многіх балансавых аб’ектаў ПМС. З рашэннем гэтай задачы павінна справіцца адмыслова створанае “зялёнае” звяно. Квартэт навясных дыскавых касілак у агрэгацыі з МТЗ адсочвае і “рэгулюе” травастой у перыметры раённай  асушальнай сістэмы. Яшчэ адзін такі агрэгат працуе ў рэжыме вольнага касца. Выязджае на заказы жыхароў горада і раёна, па запрашэннях вытворчых і пазавытворчых арганізацый. Усіх, хто мае патрэбу ў якасных паслугах за ўмераную аплату.
За 4 месяцы года амаль 30 працэнтаў выручаных грошай Ляхавіцкае ПМС атрымала на пазабюджэтных работах. І гэта лепшы адносны паказчык сярод 14 падобных прадпрыемстваў вобласці.
Але гэты, свайго роду, пабочны прадукт – дадатковая крыніца заробку. На першым месцы – меліярацыя: абслугоўванне, тэхнічны догляд, рамонт, аднаўленне, рэканструкцыя сістэм асушэння. Напрыклад, з завяршэннем рамонту меліярацыйнай сістэмы “Востраў”, які зараз актыўна вядзецца, у гаспадарчы абарот будзе “дабаўлена” 200 гектараў зямлі. Працуюць на сваятыцкіх (ААТ Жарабковічы”) землях, з мінулага года доўжыцца рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы “Ліпнянка”, некаторае іншае.
Як спраўляюцца? Думаецца, можна гаварыць пра рацыянальную арганізацыю вытворчага і тэхналагічнага працэсаў.  І ёсць цвёрдая ўпэўненасць, жаданне і дырэктарская просьба сказаць пра каштоўнасць кадраў. 63 чалавекі ўтвараюць штат прадпрыемства, дзе кожны – асоба і спецыяліст на сваім месцы. Ёсць такія, з каго можна і трэба пісаць гісторыю меліярацыі раёна. 43 гады не выпускае   з рук рычагі бульдозера Уладзімір Халецкі.
На год менш меліярацыйнага стажу мае машыніст экскаватара Анатолій Цімашкевіч. Чатыры дзясяткі гадоў службы прадпрыемству аддаў Аляксандр Гутырчык, крыху менш – Іван Краўчук , якія таксама з’яўляюцца прадстаўнікамі асноўнай у меліярацыі прафесіі. Уладзімір Шлег, Валянцін Домаш, Сяргей Філіповіч, Валянцін Неўдах – не проста вадзіцелі першага класа – першакласныя вадзіцелі. Прафесіяналы-ўніверсалы, здольныя і гатовыя падпарадкаваць хоць МАЗ з прычэпам, хоць аўтобус, а ў выпадку вытворчай неабходнасці і аўтамабільны кран. Маладосць у асобе Сяргея Буйкевіча, па выказванні дырэктара, цягнецца за вопытам. Нядаўна “проста” экскаватаршчык, Сяргей прайшоў данавучанне, павысіў кваліфікацыю і гатовы “дыверсіфікаваць” сваю працоўную дзейнасць.
Дзе дзеянне, там поспех.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Паважаныя работнікі, ветэраны прадпрыемства!
Віншуем вас з Днём меліяратара! Адзначаць прафесійныя святы –   

выдатная традыцыя. У гэты дзень мы падводзім вынікі зробленаму, пазначаем і ўдакладняем задачы на будучыню. Гэта таксама добрая нагода сабрацца разам, узгадаць лепшых у нашай справе.

Поспехаў вам у працы, новых жыццёвых здзяйсненняў, натхнення, аптымізму і, канешне, здароўя, радасці, дабрабыту.
Адміністрацыя, прафкам Ляхавіцкага ПМС.

Экскаватаршчык Андрэй Лашко.

Механізатар Георгій Сайко, механікі Павел Ешан, Ігар Глушко.

Аглядчык гідратэхнічных збудаванняў Алег Аўчынка, вадзіцель Уладзімір Шлег.

Машыніст бульдозера Уладзімір Халецкі.

Намеснік дырэктара ПМС Андрэй Шумік (трэці злева) з членамі экспедыцыі «Палессегідраводгасу».

Механізатары Леанід Сяргей, Сяргей Клімовіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *