Што ў школе на абед?

Не сакрэт, што бацькі цікавяцца  не толькі адзнакамі і паводзінамі сваіх дзяцей, але і абавязкова распытваюць, чым іх кармілі на абед. Збалансаванае і рэгулярнае харчаванне — не толькі ўплывовы складальнік здароўя, але і ўмова для паспяховай вучобы. У школе, з улікам раскладу ўрокаў, пазашкольнай гуртковай работы, факультатываў, вучань праводзіць 6-7 гадзін. Зразумела, што, калі за гэты час  ён не падсілкуецца, то ні пра якую паспяховую вучобу ці актыўны адпачынак не можа быць і гаворкі.

Як накарміць школьнікаў, каб  вызначэнні “рацыянальна”,  “сытна”  і “нядорага” зліліся ў адным простым і  па-дзіцячы шчырым: “Смачна!”?

Гэту далёка не простую задачу  кожны дзень вырашаюць повары, дырэкцыя школ, медыцынскія сёстры…

Як паведаміла інжынер-тэхнолаг аддзела адукацыі  райвыканкама Таццяна Жывіцкая, за лета ў парадак прыведзены ўсе сталовыя навучальных устаноў горада і раёна. Для патаннення харчавання аддзел адукацыі  заключыў з пастаўшчыкамі прамыя дагаворы на атрыманне прадуктаў: мяса птушкі (РУВСП “Птушкафабрыка “Дружба”), каўбасных вырабаў, мясных паўфабрыкатаў (ААТ “ Бярозаўскі мясакамбінат”),  малочнакіслых прадуктаў, масла сметанковага, ёгуртаў (СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”), хлеба, мяса  (ПУП “Ляхавіцкі кааппрам”), сыру, сыркоў тварожных, пітных ёгуртаў (ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат”),  круп, бабовых, мукі (ААТ “Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў”).

Паклапаціліся пра зніжэнне кошту абедаў і школы, якія традыцыйна  займаюцца саманарыхтоўкай агародніны і садавіны.  Гэты навучальны год не стаў выключэннем: школьнікі дапамагалі сельгаспрадпрыемствам на ўборцы ўраджаю і зарабілі сабе на харчаванне бульбу, садавіну і агародніну. Многія навучальныя ўстановы маюць свае агароды і, дзякуючы ім, назапашваюць вітамінную прадукцыю.

– Усе гімназісты харчуюцца ў школьнай сталовай (300 маюць права на льготнае харчаванне). Рабятам абеды падабаюцца, пра што сведчаць пустыя талеркі пасля яды. І бацькі задаволены, што дзеці накормлены, – гаворыць дырэктар гімназіі Леанід Калбаса і дадае: — Частку запасаў бульбы   (4 тоны) нашы вучні зарабілі, працуючы на ўборцы другога хлеба на палетках ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Яшчэ 1,5 тоны капусты ў якасці спонсар-скай дапамогі  вы-дзеліла фермер-ская гаспадарка “Улазавічы”.

Начальнік ад-дзела адукацыі Святлана Юрлевіч падкрэслівае, што ў кожнай навучальнай установе пад кантролем пытанні правільнага харчавання  і стварэння дастойных умоў, якія садзейнічаюць умацаванню здароўя дзяцей, фарміраванню культуры харчавання. Дзеля гэтага  аб’яднаны намаганні школы і сям’і.

Беларускае заканадаўства прадугледжвае, што бясплатным харчаваннем за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў забяспечваюцца вучні з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў.  За кошт бюджэтных сродкаў  бясплатна (раз у дзень) харчуюцца 1007 вучняў  5-11 класаў сельскіх школ, 1072 пачаткоўцы  з вясковых і гарадскіх навучальных устаноў і 220 вучняў 5-11 класаў гарадскіх школ, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Аднак, з-за павышэння цэн не абышлося без бацькоўскай даплаты. У сярэднім за верасень для згаданых катэгорый школьнікаў яна склала 5000 рублёў у месяц.  Гарадскія школьнікі старэйшага і сярэдняга звяна  харчуюцца  за грошы бацькоў. У сярэднім выходзіць на аднаго чалавека каля 60000 рублёў за месяц. Не так і многа пры ўмове, што дзіця з задавальненнем з’есць прыгатаваныя стравы — каларыйныя, смачныя і карысныя.

На харчблоках працуюць кваліфікаваныя повары, якія гатуюць абеды не толькі з захаваннем усіх тэхналагічных патрабаванняў, але і з любоўю і фантазіяй, каб задаволіць  юных гурманаў. Дарэчы, адзін з прыкладаў – СШ № 1 райцэнтра. Усе вучні атрымліваюць гарачае харчаванне. А стравы, прыгатаваныя вопытнай брыгадай повараў на чале з майстрам кулінарнай справы Ірынай Хмарук, добрай якасці і падабаюцца дзецям. Да таго ж інтэр’ер школьнай сталовай таксама спрыяе        апетыту.

У групах падоўжанага дня 2-х ці 3-разовае гарачае харчаванне ў залежнасці ад працягласці   знаходжання дзяцей у школах арганізавана ў СШ №№ 1 і 2, гімназіі, Крывошынскай, Мядзведзіцкай, Начаўскай, Альхоўскай, Востраўскай, Навасёлкаўскай, Тальмінавіцкай, Тухавіцкай СШ,  Дараўскім і Падлескім д/с-СШ.

– Харчаванне  арганізавана на падставе прыкладнага 10-дзённага меню, якое ўзгадняецца ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, – тлумачыць Таццяна Жывіцкая. — І абавязкова ўлічваюцца натуральныя нормы. Маецца на ўвазе пэўная колькасць харчовых прадуктаў, якая патрабуецца дзіцяці ў залежнасці ад узросту і кратнасці харчавання.

Спецыялісты аддзела адукацыі пастаянна кантралююць работу школьных сталовых.  Асаблівая ўвага надаецца якасці прадуктаў харчавання. Аддзел адукацыі за-ключыў дагавор з райЦГіЭ на правядзенне лабараторнага кантролю гатовых кулінарных вырабаў. Увогуле, як адзначыла Таццяна Жы-віцкая, стравы гатуюцца згодна спецыяльных тэхналагічных карт, распрацаваных па зборніках рэцэптур страў і кулінарных вырабаў.  Уся харчовая сыравіна і прадукты, якія выкарыстоўваюцца для прыгатавання  ежы, адпавядаюць дзяржаўным стандартам і суправаджаюцца адпаведнымі дакументамі з пацвярджэннем іх якасці. Не пакінута без увагі і вітамінізацыя харчавання.

Пытанні арганізацыі харчавання школьнікаў разглядаюцца на апаратных нарадах у райвыканкаме, пасяджэннях савета аддзела адукацыі, на бацькоўскіх сходах.

Кантроль за выкананнем санітарных нормаў і правілаў пры эксплуатацыі школьных сталовых праводзіцца спецыялістамі санэпідэм-службы. Сёлета ў верасні і кастрычніку праверкі адбыліся ў 20 школьных і дашкольных установах.

– На жаль, пэўныя парушэнні санітарна-гігіенічных нормаў і правілаў былі выяўлены. Агульным для большасці правераных школ сталі незахаванне прыкладнага меню,  недахоп чайнага і сталовага посуду. У якасці ўзору арганізацыі харчавання, захавання санітарна-гігіенічных нормаў і правілаў варта прывесці работу сталовых  СШ  № № 1 і 2, – адзначыў урач-гігіеніст райЦГіЭ Валянцін Скарына.

Школьнае меню складалі спецыялісты па харчаванні. Таму абеды збалансаваныя і карысныя. А вось паводзіны дзяцей, якія адстаўляюць талеркі з грэцкай кашай і рыбай, а перавагу аддаюць чыпсам, сведчаць пра адсутнасць культуры харчавання. І яшчэ. Апетыт прыходзіць у час яды. Таму неабходна клапаціцца не толькі пра якасць прыгатаваных страў, але і  пра інтэр’ер сталовых.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *