Правілы «паводзін» аднолькавыя для ўсіх

Якія дзейсныя меры паспрыяюць таму, каб чалавек вяртаўся з работы здаровым, не здараліся пажары і не гінулі ў агні людзі, каб на вуліцах было як мага менш п’яных, бяспечна ля вадаёмаў, а працоўную дысцыпліну і парадак не парушалі ў калектывах?  Пра гэта ішла размова на  чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў падчас разгляду пытання “Аб рабоце арганізацый раёна па ўмацаванні вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны”.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса прааналізаваў  дзейнасць дзяржаўных органаў, арганізацый усіх формаў уласнасці  па выкананні Дырэктывы №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”  летась і за 5  месяцаў гэтага года і зазначыў, што  комплексная сістэмная работа дала  станоўчы вынік.  У раёне назіраецца  ўстойлівая тэндэнцыя змяншэння колькасці няшчасных выпадкаў на вытворчасці: калі ў 2014 годзе іх было 11, то летась – 3.
Мясцовая ўлада трымае на пастаянным кантролі стан аховы працы. Выпадкі вытворчага траўматызму, яго прычыны, меры папярэджання разглядаюцца на пасяджэннях райвыканкама, апаратных нарадах у кіраўніка раёна.  Дзейсную практычную і метадычную дапамогу ў арганізацыі бяспекі працы аказваюць рэйдавыя мабільныя групы. Ужо сёлета яны зрабілі 40 выездаў, выяўлена 446 парушэнняў працоўнага заканадаўства, для іх ухілення кіраўнікам правераных аб’ектаў выдадзена 40 рэкамендацый.  Леанід Калбаса падкрэсліў, што галоўная задача мабільнай групы – не пакараць, а падказаць, дапамагчы выправіць існуючыя праблемы і папярэдзіць  новыя.
Летась прадпрыемствы раёна на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасці, паляпшэнне ўмоў працы зрасходавалі 4056 тысяч рублёў.
Пасля  тэхнічнага абследавання (двойчы ў год)  будынкі, аб’екты сацыяльна-бытавога і вытворчага прызначэння, якія знаходзяцца ў аварыйным, небяспечным стане, зносяцца.
У раёне амаль у паўтара раза зменшылася колькасць прагулаў і іншых парушэнняў працоўнай дысцыпліны. Радзей фіксуюцца выпадкі з’яўлення ў нецвярозым стане ці распіцця спіртных напіткаў  на рабочым  месцы (па статыстыцы гэта асноўныя парушэнні). Летась у ААТ “Жарабковічы” выяўлены 21 прагул і 87 выпадкаў  з’яўлення на рабочым месцы п’янымі, у “Шляху новым” – 22 і 26, ААТ “ТБЗ “ Ляхавіцкі” – 50 і 11, райаграсэрвісе – 24 і 30 адпаведна.  Больш за ўсё дысцыпліну па вышэйазначаных прычынах парушаюць  абавязаныя асобы. Напрыклад, сёлета па КСУП “Востраў-Агра”  зарэгістравана 20 дзён прагулаў. Яны на рахунку двух працаўнікоў, якія  павінны кампенсаваць дзяржаве грошы, затрачаныя на ўтрыманне іх дзяцей.
Па-ранейшаму  вострай застаецца праблема  алкагалізацыі насельніцтва.  У мінулым годзе да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 1115  гараджан і вяскоўцаў, якія  знаходзіліся ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане; 28 хранічных алкаголікаў, у тым ліку 2 жанчыны,  накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі,
195 –  у абласную  псіханеўралагічную бальніцу “Крывошын”. Адабрана і знішчана 2144 літры брагі, самагону і 18 самагонных апаратаў.  Праведзена 9 раённых   акцый па папулярызацыі здаровага ладу жыцця, супраць распаўсюджвання шкодных звычак.
Пра сітуацыю з пажарамі ў раёне. Хаця летась іх было  на  5 менш, чым у годзе папярэднім, але колькасць загінуўшых ад агню павялічылася ў 5 разоў. Сёлета з пачатку года пажары забралі  жыцці 4 землякоў. Хаця нельга не адзначыць, што  праводзіцца  пэўная прафілактычная работа і з дарослымі, і з дзецьмі.
Па словах намесніка пракурора раёна Аляксея Шчарбакова, праводзімыя пракуратурай праверкі пацвярджаюць, што  ў арганізацыях Ляхавіччыны надаецца належная ўвага выкананню патрабаванняў Дырэктывы № 1. Але на некаторых прадпрыемствах маюць месца і недахопы. У райаграсэрвісе неэфектыўна  працуе камісія па барацьбе з п’янствам, да выезду ў рэйс дапускаюцца работнікі, якія не маюць вадзіцельскага пасведчання; не прайшоў паверку алкатэстар. Дарэчы, апошняе парушэнне зафіксавана і ў “Шляху новым”, і ў “Востраве-Агра”.  Сёлета ў час пасяўной кампаніі выяўлены парушэнні патрабаванняў па ахове працы і пажарнай бяспецы ў ААТ “Жарабковічы”, “Шлях новы”, КСУП “Тальмінавічы”, ДП “Нача”.
Свае меркаванні  па праблеме выказалі  начальнік РАНС Валерый Равінскі,   начальнік аддзялення  аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій Дабрачынскі, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алег Траццяк.
Старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч звярнуў увагу ўдзельнікаў сесіі на  неабходнасць узмацнення дысцыпліны.
– Калі наладжаны дзейсны кантроль, праводзіцца належная прафілактычная работа, – ахова працы на высокім узроўні. У такіх умовах надзвычайныя здарэнні не адбываюцца.  Зусім іншая справа, калі ўсё пушчана на самацёк, – так і да бяды недалёка, –  зазначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна.
Старшыням сельвыканкамаў, дэпутатам, вясковым старастам неабходна  больш увагі надаваць  мнагадзетным і неўладкаваным сем’ям, адзінокім і адзінокапражываючым грамадзянам, тым,  хто вядзе асацыяльны лад жыцця, злоўжывае алкаголем. Зайсці лішні раз да іх у дом, паглядзець, у якіх умовах жывуць, чым займаюцца, – яшчэ адзін крок да прадухілення бяды.
Кіраўнікам арганізацый і старшыням прафкамаў рэкамендавана забяспечыць своечасовае правядзенне атэстацыі рабочых месцаў, перадзменных  медыцынскіх аглядаў, наладзіць кантроль за эксплуатацыяй аўтатранспарту, яго тэхнічным станам, працягваць работу па папярэджанні п’янства і алкагалізму, узмацніць адказнасць службовых асоб за стан працоўнай і вытворчай дысцыпліны.
Дэпутаты зацвердзілі план далейшых мерапрыемстваў па рэалізацыі  палажэнняў Дырэктывы №1.
На сесіі разгледжаны і іншыя пытанні, па ўсіх прыняты адпаведныя рашэнні.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *