Абноўкі ад Сусветнага банка

У першы дзень лета ў гімназіі было  мнагалюдна і не толькі таму, што ішлі  выпускныя экзамены. Тут пачаліся праектныя работы  па падрыхтоўцы да капітальнага рамонту харчаблока і іншых памяшканняў, пасля якога будзе ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне  ў вучэбных кабінетах.

Яшчэ ў 2015 годзе  аддзел адукацыі, спорту і турызму  Ляхавіцкага райвыканкама ўключаны ў праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, які крэдытуецца Сусветным банкам развіцця і  накіраваны на павышэнне якасці навучальнага працэсу у сярэдніх агульнаадукацыйных установах краіны. Дарэчы, навучальныя ўстановы Ляхавіччыны ўпершыню ўдзельнічаюць у такім праекце, і ім адразу пашанцавала трапіць у пералік тых, хто атрымае крэдытаванне.
Перш чым прафінансаваць праект, супрацоўнікі Сусветнага банка развіцця прааналізавалі ляхавіцкую заяўку, падрыхтаваныя разлікі,  вывучылі грамадскую думку для вызначэння сацыяльнай абгрунтаванасці праекта, правялі ў нашым раёне анкетаванне, апытанне.
З прапанаваных навучальных устаноў выбралі  СШ № 1, гімназію і Начаўскую СШ. Работы па мадэрнізацыі  праходзяць паэтапна. Спачатку яны пачаліся ў СШ № 1. Летась тут зроблены  капітальны рамонт санвузлоў, што каштавала
120 тысяч долараў, а сёлета ў школе з’явяцца  новыя кабінеты хіміі, біялогіі, інфарматыкі з сучасным абсталяваннем і мэбляй. Такая мадэрнізацыя каштуе 80 тысяч долараў.
Цяпер на чарзе гімназія. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Прыхач удакладніў: сёлета павінен завяршыцца капітальны рамонт харчаблока і іншых памяшканняў (кошт 230 тысяч долараў). А ў 2018-м навучальная ўстанова парадуецца  новым кабінетам хіміі, біялогіі, інфарматыкі.
­­У 2019 і 2020 гадах крэдытавання ад Сусветнага банка развіцця дачакаецца і Начаўская СШ.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *