Адзін дома

Выкарыстана ілюстрацыя

Канікулы – гэта не толькі час адпачынку, але  і своеасаблівы экзамен для бацькоў на веданне правілаў бяспекі і ўменне навучыць гэтым жыццёвым асновам сваіх   дзяцей. Дарослыя павінны загадзя паклапаціцца пра тое, каб летнія месяцы пакінулі толькі прыемныя незабыўныя і яркія ўражанні.

РАНС нагадвае: важна пастаянна паўтараць з дзецьмі правілы паводзін, каб яны сталі нормай. Для гэтага неабходна і самім дарослым няўхільна іх выконваць.
Першы крок да бяспекі – веданне малым свайго імя, імя і прозвішча бацькоў, а таксама дамашняга адраса і тэлефона.
Мыйныя і дэзынфіцыруючыя сродкі, медпрэпараты, а таксама спіртаўтрымліваючыя і кіслотна-шчолачныя растворы, прадметы, якімі  можна  параніцца, трымайце ў недаступным для дзяцей месцы. Як і  запалкі, запальнічкі, цыгарэты і іншае. Не трэба даручаць малым купляць іх у магазіне.
Нярэдка заканчваецца трагедыяй свавольства з агнём. Не дазваляйце дзецям самастойна карыстацца газавай плітой, печчу, уключаць электрапрыборы. Адкрытыя вокны таксама могуць уяўляць сур’ёзную небяспеку: забараніце “пасядзелкі” на падаконніку ці балконе.
Пры выяўленні пажару ці прымет гарэння (задымленне, павышаная тэмпература, пах гару) дзіця павінна неадкладна пакінуць памяшканне і паведаміць пра здарэнне дарослым ці ў пажарную службу. Дарэчы, хлопчыкам і дзяўчынкам трэба ведаць тэлефоны  экстраннай дапамогі 101, 102, 103 і ўмець карыстацца імі.
Асобна пра электрапрыборы.  Патлумачце, што іх нельга пакідаць без нагляду і браць мокрымі рукамі, нельга ўстаўляць у разетку прадметы і выцягваць з разеткі  вілку за провад. На электраразеткі неабходна паставіць спецыяльныя заглушкі. Падчас летніх бур  існуе небяспека абрыву электраправадоў. Да іх ні ў якім разе нельга набліжацца. Пра такія выпадкі трэба адразу паведамляць у рамонтную службу ці дарослым.
Пастаянна нагадвайце дзецям пра бяспеку на дарозе, забараняйце гуляць каля чыгункі ці на праезнай частцы, на пустках, каля кінутых дамоў, звалак. Абавязкова папярэдзьце пра асцярожныя паводзіны каля вадаёмаў і ў вадзе: нельга  купацца ў месцах з глыбокім ці невядомым дном, заплываць за буйкі, доўга знаходзіцца ў вадзе, падплываць блізка да лодак і г.д. Дзецям да 14 гадоў без суправаджэння дарослых наогул забаронена знаходзіцца ў вадзе.
Сонечныя ванны карысныя пры іх умераным прыёме. У адваротным выпадку можна атрымаць апёкі, сонечны ці цеплавы ўдар. Спякотным днём дзіцячы арганізм патрабуе вялікай колькасці вадкасці. Пераадолець  смагу дапаможа чыстая пітная вада, а не газіроўка, якая яе толькі ўзмацняе.
Скорапсавальныя прадукты ў летні дзень – малако, яйкі і іншыя – могуць прывесці да атручвання. Перад прыёмам ежы абавязкова стараннае мыццё рук.
Навучыце дзяцей правілам паводзін з незнаёмцамі: не адчыняць ім дзверы, не размаўляць на вуліцы ці па тэлефоне, не браць ад іх падарункі і г. д. Ні ў якім разе не пакідайце непаўналетніх пад наглядам  чужых людзей.
Канешне, лепш за ўсё, каб рабяты  не заставаліся дома адны, але калі такое непазбежна, навучыце  іх правілам бяспечных паводзін, правярайце іх веданне, кантралюйце занятасць.
Марына КАСАКОВІЧ,
спецыяліст РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *