Каб агонь не дабраўся да сена

Хто назапасіць кармы летам – той узімку будзе і з малаком, і з мясам.  У раёне ідзе адказнейшая  аграрная кампанія – корманарыхтоўчая. І ад яе вынікаў залежыць  і правядзенне зімовага стойлавага перыяду, і ў цэлым дабрабыт гаспадарак і іх працаўнікоў. Важна не толькі хутка і якасна  правесці работы, але і захаваць назапашанае, зберагчы яго, у тым ліку і ад пажараў.

У мінулым годзе на сельгасаб’ектах раёна здарылася 4 пажары. Так, на пачатку верасня  гарэла сенасховішча малочнатаварнай фермы ААТ “Жарабковічы” ў вёсцы Улазавічы.  Агонь знішчыў 120 тон сена. Прычына пажару – удар маланкі.
Аднак, часцей у якасці прычын узгаранняў – далёка не прыродныя з’явы, а так званы чалавечы фактар: неасцярожнае абыходжанне з агнём, дзіцячыя гульні з запалкамі, парушэнне правілаў эксплуатацыі тэхнікі, адсутнасць на аб’ектах аховы і агароджы, наўмыснае знішчэнне (падпал) ці самаўзгаранне грубых кармоў,  складзеных на захоўванне недасушанымі. Згодна афіцыйных даных, атрыманых ад суб’ектаў гаспадарання, для закладкі сена сёлета будзе выкарыстоўвацца 21 сенасховішча, у тым ліку найбольш – 7 – у СВК “Ляхавіцкі”.
Супрацоўнікі РАНС для папярэджання магчымых надзвычайных сітуацый правялі маніторынг стану складоў грубых кармоў на прадмет бяспекі. Выяўлена 23 парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, выдадзена 8 рэкамендацый па іх ухіленні.  Сярод распаўсюджаных парушэнняў – неўкамплектаванасць складоў у  поўнай меры першаснымі сродкамі пажаратушэння. Гэта датычыцца СВК “Ляхавіцкі”, КСУП “Тальмінавічы”, ДП “Нача”, ААТ “Жарабковічы”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, КСУП “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”.
У нездавальняючым стане знаходзяцца будаўнічыя канструкцыі памяшканняў для захоўвання кармоў у аграгарадку Ліпск, вёсках Пашкоўцы, Рагачы.
І пакуль тэндэнцыя змянення да лепшага сітуацыі на ўказаных аб’ектах не назіраецца. Ляхавіцкі РАНС па ўзгадненні з абласным упраўленнем МНС прыме рашэнне аб правядзенні паўторных маніторынгаў стану  пажарнай бяспекі.
Акрамя практычнага, не менш важны і тэарэтычны бок падрыхтоўкі работнікаў на такіх участках. Абавязкова павінна  быць створана сістэма вывучэння правілаў пажарнай бяспекі працуючымі, у тым ліку і тымі, хто мае часовы допуск на тэрыторыю склада, арганізаваны інструктажы. Напрыклад,  падчас маніторынгу па гэтым пытанні была вялікая колькасць заўваг у  “Востраве-Агра”, “Ліпнянцы”, “Белпрампрыборы”.
Захаванне правілаў пажарнай бяспекі – абавязак кожнага. І ад гэтага, у тым ліку, залежыць захаванасць сабранага ўраджаю і ў полі, і ў месцах яго апрацоўкі і захоўвання.
Валерый РАВІНСКІ, начальнік РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *