Кожнай сястрычцы – па браціку

– Яшчэ з дзяцінства ведала:  стану самай лепшай і любімай для сваіх дзяцей, ахутаю  іх клопатам і пяшчотай,  пастараюся радаваць падарункамі,  шмат часу будзем праводзіць разам. Мама павінна быць менавіта такой! І ў мяне ёсць выдатны прыклад – мая мамачка, якая выхавала трое дзяцей, – гаворыць ляхавічанка Таццяна Яраш.
Пра сваіх самых лепшых, самых любімых Таццяна расказвае з бясконцай пяшчотай:
– Калі выйшла замуж, думала нараджу адно дзіцятка – і хопіць.  А цяпер у мяне чацвёра.  Нават уявіць не магу, што кагосьці з іх не было б. Яны – маё ўсё: шчасце,  надзея, радасць.
Мілая сэрцу сястрычка – гэта таксама пра Таццяну Яраш – працэдурную медсястру хірургічнага аддзялення райбальніцы. Яшчэ ў школе дзяўчынка марыла пра прафесію дапамагаць людзям, таму і паступіла ў Баранавіцкае медыцынскае вучылішча. Абавязкаў у працэдурнай хапае: узяць аналізы ў пацыентаў, паставіць кропельніцы, выканаць іншыя прызначаныя ўрачом працэдуры, а яшчэ знайсці падыход да кожнага хворага. У яе ўсё атрымліваецца  найлепшым чынам.
Таленавіты педагог, які разумее кожнага маленькага выхаванца, і якога любяць дзеці, паважаюць калегі, – гэта таксама пра яе, Таццяну Тадэвушаўну,  настаўніка-дэфектолага дзіцячага сада № 1.
Маладая жанчына даўно марыла пра вышэйшую адукацыю. Спачатку хацела, каб яна  была медыцынскай, але жыццёвыя абставіны склаліся так, што атрымала педагагічную. Яна не толькі адчайная (не кожная ў наш час гатова нарадзіць чацвярых), але і рашучая, мэтанакіраваная, гатовая пераадольваць любыя цяжкасці.  Калі Мацвею споўнілася 2 месяцы, маладой маме неабходна было ехаць на чарговую сесію (яна завочна вучылася ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка).  Абышла-
ся нават без акадэмічнага водпуску. Канешне, дзякуючы дапамозе родных: з маленькім няньчыліся дзядуля і старэйшая сястрычка. Калі  на свет з’явіўся  малодшы Макар, давялося яшчэ больш круціцца: і кантрольныя рабіць, і абеды-сняданкі для дзяцей, і прычоскі дзяўчынкам у школу… Як толькі паспявала?
–  Маладая была. Таму ўсё і атрымлівалася, – смяецца Таццяна. – А калі сур’ёзна, канешне, лёгка не было. Але ведала, што трэба і гэта пераадолець, і гэтую прыступку ўзяць – дзеля самой сябе і дзеля  дзетак.  Вельмі дапамагалі мае мама і тата, яны і сёння наша  апора і галоўная  падтрымка. Сыночкі  і цяпер адпачываюць у бабулі і дзядулі ў Жарабковічах.
У хлопчыкаў спраў хапае. Шасцігадовы Мацвей, дарэчы, сёлетні садаўскі выпускнік, пра школу асабліва яшчэ не задумваецца. Пакуль у яго любімы занятак –  рыбалка, замест мульцікаў гатовы днямі глядзець рыбалоўны тэлеканал. А колькі радасці, калі  на рыбалку ўнука бярэ дзядуля Тадэвуш! Чатырохгадовы Макар з любімым захапленнем яшчэ не вызначыўся,  любіць пагуляць.
Пакуль брацікі ў вёсцы, у кожнай з  сястрычак свае клопаты. Абедзве гімназісткі і абедзве іграюць на скрыпцы. Віка закончыла Ляхавіцкую дзіцячую школу мастацтваў, а Мілана там яшчэ вучыцца. Паспрабуйце ўявіць, як праходзяць іх творчыя рэпетыцыі! Акрамя музыкі, 12-гадовая Мілана захапляецца спортам, займаецца дзюдо ў ДЮСШ. На канікулы ў дзяўчынак у планах адпачнуць у летніках.
– Дочкі для мяне і памочніцы, і сяброўкі, і дарадчыцы. У дні, калі ў школе заняткі, стараюся не нагружаць іх хатняй работай, а вось у выхадныя  робім усё разам. У нас свой дом (набыты ў тым ліку і за кошт ільготнага крэдыту), таму спраў хапае. Дзяўчынкі ўмеюць  прыбрацца,  абед прыгатаваць,  з брацікамі пазаймацца. Асабліва ладзіць з імі Віка, – расказвае мнагадзетная маці.
На пытанне, чым займаюцца, калі выпадае вольная хвіліна, Таццяна Яраш адказвае:
– Едзем у Сваятычы дапамагаць маёй  бабулі. Ёй 89 гадоў, самой цяжка па гаспадарцы ўпраўляцца.
Безумоўна, мнагадзетнай мамай быць няпроста. Канешне, часу на адпачынак не так многа, як хацелася б, а клопатаў шматразова больш. Але гэта таго варта.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Кожнай сястрычцы – па браціку

  • 17/06/2017 в 16:48
    Permalink

    Счастья и здоровья нашей Татьяне! Всегда с улыбкой, всегда справная, шустрая, молодец!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *