Прапіска пры шашы. Кропка на карце: Падлаззе

Паабапал старой  Брэст-Маскоўскай шашы прапісалася не адна вёска і не толькі нашага раёна. Бы ў патаемнай кішэньцы, недалёка ад павароту на Востраў,  прытулілася і Падлаззе. Міма едуць-імчаць машыны, а ўсяго ў некалькіх метрах жыццё цячэ мерна і няспешна, па сваіх рытме і ладзе.
Легенда, занатаваная ў Востраўскай бібліятэцы,  сцвярджае, што назву населены пункт атрымаў ад невялікага хутара Падлазок, а той, у сваю чаргу, –  ад лазы,  якой наўкол шмат расло. Мясцовыя  расказваюць, што некалі ў  вёсцы было дамоў  восем, і некаторыя стаялі  прама ў лесе, на адлегласці адзін ад аднаго. І толькі пасля вайны пачалося перасяленне хутароў у  Падлаззе.
Сёння вёска любімая не толькі тутэйшымі жыхарамі (21 чалавек пражывае ў ёй), але і дачнікамі. На першы погляд невялічкая, але вельмі ўтульная, цягнецца  пункцірнай лініяй: дагледжаныя сядзібы чаргуюцца з палявымі прасторамі. А паветра – празрыста-чыстае, настоенае на  травах і кветках. Прычым, знаходзіцца  “кропачка” ў своеасаблівым  кальцы арашальнай сістэмы.
адлазаўцы добра памятаюць гісторыю малой радзімы. Мясцовы жыхар Павел Бабко апавядае пра колішняга  пана, які  раздаваў сялянам кароў.  Праз тры гады чалавек павінен быў вярнуць рагулю, а сабе пакінуць цяля.
Павел Іванавіч даўно на пенсіі. Раней працаваў у гаспадарцы, лясніцтве. Трымае каня, калі дакладней –  верную памочніцу  кабылу Машку. Не трэба шукаць, чым заараць поле, на чым прывезці дровы – запрог і паехаў. Пачуўшы голас гаспадара, Машка, якая да гэтага мірна шчыпала траву, адразу навастрыла вушы.
У музеі, што размешчаны ў  Востраўскім СДК, захоўваюцца вышыванкі жонкі Паўла Бабко Кацярыны. Мінула больш за два дзесяцігоддзі, як  ён застаўся адзін, але бацьку падтрымліваюць і дапамагаюць сыны. Успамінае, як жонка спявала. Яна з Соф’яй  Здановіч і Марыяй Сегень удзельнічала ў  самадзейным  фальк-лорным калектыве.  А Марыя Канстанцінаўна і сёння прыгожа зацягвае песню – калісьці была прыпевачніцай.
Энергіі і актыўнасці васьмідзесяцігадовай Валянціны Арцём пазайздросцяць маладыя. Уладкаваўшы з самай раніцы  гаспадарку, адправілася ў поле “разбірацца” з агуркамі, фасоляй і г.д. Пасля завіхаецца на пляцы – так тут называюць  агарод каля дома. У двары з пластыкавых бутэлек  “расцвітаюць” кветкі, “плаваюць” лебедзі, “расце”  пальма – усё гэта зрабіў сын Сяргей,
што жыве з маці. Валянціна Давыдаўна аматарка лясных паходаў – ведае ягадна-грыбныя месцы. Што прадасць-перапрацуе, а што перадасць у сталіцу малодшай сястры Веры. Адзначае, што смачней чарніцы не варыць, а таўчы з цукрам, раскладаць па слоіках і захоўваць у халодным месцы – на смак  ягада,  як свежая, нават зімой.
Мікалай Петрашэвіч у Падлаззі чалавек паважаны. Вельмі шчыры і адкрыты, ён ніколі не адмовіць землякам у дапамозе. З захапленнем апавядае пра родныя мясціны, пра іх багатую гісторыю. Пералічвае назвы хутароў: Бор, Маскоўшчына, Углы, Лаз (там былі непраходныя балоты)  і г.д. Мышанка ў яго дзяцінстве разлівалася так, што можна было ў ночвах плаваць. Паказвае, дзе  ў Першую сусветную вайну стаяў нямецкі шпіталь і гарнізон.  Праз дарогу ад вёскі знаходзілася і нямецкая электрастанцыя. Расказвае, што за вёскай у 1941 годзе фашысты збілі наш самалёт, экіпаж загінуў. Імёны  лётчыкаў так і засталіся невядомымі…
Пра тое, што служыў у Кандагары  старшыной  дэсантна-штурмавой верталётнай эскадрыллі, штодзень глядзеў у вочы смерці, Міка-лай Мікалаевіч сціпла адмоўчваецца. Іх аэрадром дыслакаваўся ў пустыні Рэгістан. Забіралі  раненых, забітых, высаджвалі  дэсант і г.д.   Узгадвае амаль містычны выпадак: убачыў у сне, што яго будзіць жанчына ў чорным. Прачнуўся, пайшоў праверыць пасты, а потым пачалося. Міна трапіла якраз туды, дзе да гэтага спаў старшына…
Жыццё не ідзе – бяжыць. Вось ужо 44 гады Мікалай Петрашэвіч у пары з жонкай Верай. Больш за дзесяцігоддзе яны – падлазаўцы, любяць тут адпачываць і іх дзеці, унукі, праўнукі. Праз пару метраў ад бацькоў   разгарнуў фірменную справу сын Сяргей з сябрам Мікалаем. Калі больш дакладна, то пайшоў шосты год, як яны  прапісалі  ў нашым раёне сваю фірму “ПетКор” (па першых літарах прозвішчаў сузаснавальнікаў)  па вытворчасці  дробна-штучных бетонных  вырабаў. Іх тратуарная плітка, бартавы і рваны камень  красуюцца ў многіх гарадах Беларусі. Зараз добраўпарадкуюць аб’екты ў Баранавічах і Мінску.
Маці Мікалая Мікалаевіча – Алена Дзмітрыеўна  (жыве недалёка ад сына)  не толькі яго дачакалася з Афганістана. Служыў у Кабуле і  малодшы сын Саша.  Восемдзесят сёмы  год пайшоў жанчыне, а яна да дробязяў  памятае той час, калі адпраўляла сваіх хлопчыкаў  на чужыну, як вымольвала іх у Бога, як радавалася, калі вярнуліся жывымі… Дачакалася ўнукаў, праўнукаў і нават прапраўнукаў. Ахвотна расказвае, што некалі амаль праз дарогу ад дома  была ферма,  на якой яна адпрацавала 13 гадоў.  У вёсцы тады пад 300 чалавек жыло. Дзеткі за ведамі беглі ў пачатковую  школу, за ласункамі – у мясцовы магазін.
Сям’я Андрэя і Вольгі Саванчукоў  змяніла Баранавічы на Падлаззе шэсць гадоў назад. І ні разу не пашкадавалі пра сваё лёсавызначальнае рашэнне.
– Для дзяцей тут такое раздолле, – прызнаецца  Вольга, якой ад бабулі дастаўся дом.  У ім  яны і пачалі сваё вясковае жыццё.   Першае, што  зрабілі,  –  пасадзілі сад, які  радуе ўжо ўраджаем. Растуць маліны, ажына,  буякі, клубніцы і многае іншае. Трымаюць гаспадарку – чыстапародныя козы з экзатычнымі мянушкамі Мулашка, Амура, Арыэль  і вельмі сімпатычны англа-нубійскі  козлік.  Ад адной козачкі надойваюць больш за 4 літры малака. А  які смачны  сыр атрымліваецца з яго  – я прадэгуставала асабіста! Мара Вольгі – прафесійна заняцца сыраварствам. Андрэй –   майстар на ўсе рукі, Вольга – гаспадыня, якіх пашукаць. Гадуюць цудоўных дзетак –   Івана ды Мар’ю. Вольгу землякі ведаюць як кіраўніка ўзорнага ансамбля эстраднай песні “Вясёлка” (з 1 чэрвеня калектыў   перайменаваны ў “Пунсовыя агеньчыкі”) і жаночай вакальнай групы “Альшанка”  Востраўскага СДК. Ёсць у спевакоў дасягненні і прызнанне гледачоў. Калі хто разважае, што ў вёсцы няма жыцця, няхай прыедзе павучыцца ў Саванчукоў.
… Ёсць такія мясціны, якія зачароўваюць  краявідамі, гасціннасцю  і душэўнай прыгажосцю жыхароў. Гэта –  пра Падлаззе. Завітаўшы сюды  аднойчы, абавязкова хочацца прыехаць зноў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара   і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У Падлаззі здорава!

Павел Бабко.

Марыя Саванчук

Сям’я Саванчукоў ведае сакрэт шчаслівага вясковага жыцця.

Вельмі фотагенічны і ласкавы англа-нубійскі козлік

Ванечка Саванчук

Іван ды Мар'я

Андрэй Саванчук - галава сям'і

Вольга Саванчук

Смаката ад Вольгі Саванчук

Мікалай Петрашэвіч і прадукцыя "ПетКора"

«Свежаспечаная» плітка ад работнікаў «ПетКора» Віталія Налівайкі і Сяргея Карпука.

Мікалай і Вера Петрашэвічы

Маці і дачка: Алена Петрашэвіч і Ганна Мароз.

Валянціна Арцём.

Дырэктар Востраўскага СДК Валянціна Гоўша дэманструе вышыўкі Кацярыны Бабко.


One thought on “Прапіска пры шашы. Кропка на карце: Падлаззе

  • 14/06/2017 в 18:02
    Permalink

    Шчырая падзяка, ад жыхароу в.Падлаззе Наталлi Перапечка -вельмi прыемны, адкрыты чалавек!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *