Развод і дзявочае прозвішча

Яшчэ ўчора яны – закаханыя і шчаслівыя, а сёння ідуць падаваць заяву на скасаванне шлюбу. Прычыны ў такога кроку самыя розныя – ад адсутнасці кахання і няўмення вырашаць бытавыя канфлікты, да здавалася б, зусім дробязных прэтэнзій:  жонка недастаткова смачна гатуе боршч, муж не так выціскае  зубную пасту…  Але, як зазначае начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла  Палтарак,  бадай заўжды распад сям’і – гэта трагедыя.  І часцей у разводзе  вінаватыя абодва.

Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта,  Ляхавіцкі раён – сярод сумных лідараў у краіне па колькасці скасаванняў шлюбаў на тысячу вяселляў: 719 супраць сярэдняга паказчыка па Беларусі 506. З 2011 па 2016 гады ў нашым раёне  было заключана 1032 шлюбы,  90 з іх ужо скасаваны,  59 – аддзелам загса. Як расказала Людміла Палтарак, пачынаючы з 2013 года, аддзелы загса могуць скасоўваць шлюбы.  Але толькі ў тым выпадку, калі на гэты крок  ідуць сем’і, якія не маюць непаўналетніх дзяцей, маёмасных  спрэчак і прэтэнзій, калі абодва – муж і жонка – даюць згоду на развод. Толькі летась 17 такіх пар  у нашым раёне перасталі быць ячэйкай грамадства.
З заявай на скасаванне шлюбу прыходзяць пары, чый сямейны стаж не вытрымаў і года, і тыя, хто пражыў разам не адно дзесяцігоддзе.  У жніўні мінулага года  ціха, сціпла, без  шматлікіх гасцей і вясельных убораў у загсе зарэгістравалі шлюб маладыя (кожнаму крыху больш за 20 гадоў), а праз тры месяцы ён ужо быў скасаваны.  Як сумна жартуе начальнік аддзела загса, нават цяжка сказаць, калі пара выглядала шчаслівейшай…
– Няма маіх сіл больш цярпець здзекі і знявагі. Спачатку думала, што з гадамі мужаў нораў  астыне. Але час ішоў, нарадзіліся дзеці,  а ў яго адносінах і да мяне, і да сына з дачкой  у лепшы  бок нічога не мянялася. Здаралася, што і руку падымаў. Дзеці, якія ўжо маюць свае сем’і, даўно гаварылі: мама, кідай ты яго. Вось, нарэшце, рашылася, – не стрымліваючы слёз, падзялілася набалелым 58-гадовая жанчына, якая падавала заяву на скасаванне шлюбу. Маральна падтрымаць маму прыйшла старэйшая дачка.
Напэўна, у такіх сітуацыях пра прымірэнне гаварыць няма сэнсу. Гэту сямейную пару праз месяц пасля падачы заявы (такі тэрмін устаноўлены заканадаўствам) развялі, муж-тыран быў не супраць.
Людміла Палтарак прыводзіць статыстыку: з 59 разведзеных пар, 20 былі ўжо не ў першым шлюбе. Сярэдні ўзрост мужчын, якія скасоўвалі шлюб, – 39 гадоў, жанчын – 36.  У 8 выпадках мужу і жонцы было больш за 50 гадоў.  Летась скасаваны шлюб паміж мужчынам, якому больш за 70 гадоў, і яго 65-гадовай жонкай. Разам яны,  па словах жанчыны, “праіснавалі” 35 гадоў…
Здараецца, падаўшы заяву на скасаванне шлюбу, пары вяртаюцца назад   у загс з намерам захаваць сям’ю. Часам так і атрымліваецца: адносіны паміж мужам і жонкай становяцца больш шчырымі і даверлівымі, нават нараджаюцца дзеці. Потым і не верыцца, што яшчэ нядаўна развод здаваўся адзіна правільным рашэннем для абодвух.
Бясспрэчна, развод – стрэс і для мужа, і для жонкі. Але сітуацыя становіцца яшчэ больш складанай, калі ў сям’і ёсць дзіця ці некалькі. У такіх выпадках, адпаведна, больш праблем і цяжкавырашальных пытанняў. Напрыклад, з кім пасля скасавання шлюбу застануцца непаўналетнія,  як увогуле на іх адаб’ецца развод бацькоў. І ці змогуць дарослыя захаваць дастойныя адносіны паміж сабой, забяспечыць дзяцей увагай і клопатам, каб у іх не ўзнікла адчуванне непатрэбнасці маме і тату? Вось чаму рашэнне аб скасаванні шлюбу ў сем’ях, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, прымае толькі суд.
Летась у суд Ляхавіцкага раёна паступіла 82 такія заявы, сёлета  за першы квартал 17. На абдумванне даецца да 3 месяцаў. Калі пасля заканчэння гэтага тэрміну муж і жонка не памірацца, суддзя можа скасаваць шлюб, адмовіць ім у гэтым ці даць яшчэ адзін тэрмін (да 6 месяцаў) на прымірэнне. Канчатковае рашэнне прымаецца толькі тады, калі ўсе спробы выратаваць сям’ю  акажуцца безвыніковымі.
Вядучы спецыяліст суда Ляхавіцкага раёна Наталля Жураўская расказвае, што іншы раз 90 дзён дастаткова для таго, каб  дарослыя прыйшлі да высновы, што важна захаваць  агульны дом, што іх дзецям значна лепш выхоўвацца ў поўнай  сям’і, чым чакаць чарговай нядзелі, каб убачыць бацьку. У мінулым годзе спынена 18 спраў аб скасаванні шлюбу ў сувязі з прымірэннем бацькоў, ёсць такія прыклады і сёлета.
Па судовай статыстыцы амаль заўсёды пасля разводу дзеці застаюцца з маці,  бацькаў уклад у выхаванне часта абмяжоўваецца толькі аліментамі (і тыя не ад усіх і не заўсёды своечасова  паступаюць да адрасатаў).
Добрага  мала, калі  жанчына выхоўвае дзіця ці некалькі адна.  Але лепш так, чым з мужам і бацькам, які злоўжывае алкаголем, б’е, здзекуецца. У такіх выпадках развод можа быць сапраўдным выратаваннем.
Што датычыцца прычын разводаў, па словах Наталлі Жураўскай, часцей у заявах  указваюцца наступныя: не сышліся характарамі; пастаянна сварымся; адсутнічае ўзаемаразуменне; страчана пачуццё кахання і павагі адзін да аднаго. У зале суда падчас разгляду спраў аб скасаванні шлюбу нярэдкая карціна – эмацыянальнае высвятленне адносін паміж мужам і жонкай, здараецца чуць і ўзаемныя абразы. Праўда, і ў судзе прыгадваюць іншыя прык-
лады. Нават не дачакаўшыся зыходу трохмесячнага тэрміну на роздум, сям’я, якая, здавалася, вось-вось разваліцца пасля 11 гадоў сумеснага жыцця, засталася-такі разам. Муж і жонка забралі заяву, памірыліся, не адзін раз усё ўзважылі, сталі больш уважлівымі і да сваёй другой  палавінкі, і да дзетак – сына і дачкі. Цяпер у іх падрастае яшчэ адзін сынок.  І з без аднаго кроку да няпоўнай сям’я стала мнагадзетнай.  На жаль, такіх рэальных гісторый з аптымістычным фіналам не шмат.

Галина КАНЬКО.

Выкарыстана ілюстрацыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *