Садружнасць сяброў, спраў і ідэй

Праз некалькі месяцаў адно з самых масавых і  ўплывовых рэспубліканскіх грамадскіх  аб’яднанняў “Белая Русь” адзначыць сваё дзесяцігоддзе. Простыя  і  пяшчотна-дарагія  словы яго назвы яскрава сведчаць пра мэту дзейнасці – аб’яднанне патрыётаў, зацікаўленых у пабудове моцнай і квітнеючай краіны, сацыяльна справядлівага грамадства. Сёння “Белая Русь” – гэта больш за 166 тысяч чалавек, якія заяўляюць  пра сябе сацыяльна-арыентаванымі праектамі, цікавымі справамі і канкрэтнай дапамогай. Пра гісторыю  і здабыткі, планы і перспектывы Ляхавіцкай раённай арганізацыі “Белай Русі”  размова з яе старшынёй Леанідам КАЛБАСОЙ.
– Леанід Іосіфавіч, раскажыце, з чаго пачыналася “Белая Русь” у нашым раёне, як праходзіла яе станаўленне?
– У чэрвені  2007 года  дэлегацыя нашага раёна адправілася на абласны ўстаноўчы сход, што праходзіў у Брэсце, а затым на рэспубліканскі з’езд, дзе і было прынята рашэнне: “Белай Русі” –
быць! Старшынёй Ляхавіцкай раённай арганізацыі быў абраны   Вячаслаў Сельмановіч (тады ён узначальваў Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж), сакратаром савета (была раней і такая пасада) –
выкладчыца ўстановы Таццяна Траццяк.
Поўная зала землякоў, урачыстая і святочная атмасфера –  такой  мне запомнілася  першая сустрэча з тымі, хто вырашыў звацца членам “Белай Русі”. І закіпела работа.  Ствараліся пярвічкі, арганізоўвалася і  планавалася  дзейнасць. Асабліва хвалюючы момант – уручэнне членскіх білетаў. У той час аснову раённай арганізацыі складалі настаўнікі, якія прэзентавалі і  даказвалі  жыццяздольнасць арганізацыі, яе ўплывовасць. Паступова з “педагагічнай” яна стала больш разнастатуснай – падцягнуліся прадстаўнікі іншых прафесій. Сёння ў ёй дзяржслужачыя,  сацыяльныя работнікі, медыкі, індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя.  У 29 пярвічках аб’яднаны больш за 800 чалавек. Гэта людзі, неабыякавыя да лёсу краіны, малой радзімы, будучыні сваіх дзяцей.
– Якія з пярвічак  найбольш прадстаўнічыя?
– Адзначу, што перш за ўсё ў “Белую Русь” землякоў прыцягвае  адкрытасць і публічнасць яе дзейнасці, законнасць і добра-ахвотнасць. А яшчэ блізкасць да людзей і нераўнадушнасць да іх праблем. Масавасцю  вызначаюцца пярвічкі СШ № 1 (старшыня Таццяна Пілінога), СШ № 2 (Наталля Кудраўцава), гімназіі (Ірына Карпік), тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (Наталля Ісаханава).
У лідарах і пярвічка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (старшыня Іна Зубік). Напрыканцы мінулага года  ў вялікую сям’ю “Белай Русі” ўліліся настаўнікі з Начаўскай, Тухавіцкай і Жарабковіцкай СШ. У Жарабковіцкай школе, дарэчы, уступіў у рады амаль увесь калектыў. Лідарам выбралі педагога Ніну Казакевіч. Актыўна ўключыліся ў жыццё  аб’яднання, паспелі паўдзельнічаць і ў рэспубліканскім  конкурсе “Залатое пяро “Белай Русі” – 2017”.  Ушаноўваюць юбіляраў, право-дзяць іншыя разнастайныя мерапрыемствы.
– Што вылучае Ляхавіцкую сярод іншых раённых арганізацый? Якія традыцыі закладзены за дзесяцігоддзе дзейнасці?
– У нашай скарбонцы  шмат цікавых  і сацыяльна значных спраў.
Многія з іх  сталі яе візітоўкай і нават брэндам. На святах членаў аб’яднання  відаць здалёк – беласнежная амуніцыя  са знаёмым  лагатыпам выдзяляе, упрыгожвае і натхняе. Знаёмая прызналася, што калі бачыць на маладых людзях фірменнае адзенне “Белай Русі”, у яе паляпшаецца настрой і з’яўляецца ўпэўненасць у асабістых сілах, у  заўтрашнім дні.
Дзейнасць арганізацыі шматгранная. Гэта патрыятычнае выхаванне і папулярызацыя здаровага ладу жыцця, сямейных каштоўнасцей, рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і іншае. Акцыі “Белая Русь” упрыгожвае Беларусь”, “У будучыню –  “з Белай Руссю”, “Белая Русь” – за здаровы лад жыцця”, “Белая Русь” – з любоўю да дзяцей” і многія іншыя сталі своеасаблівым брэндам грамадскага аб’яднання.
Традыцыйна для дзяцей праводзяцца навагоднія ранішнікі, ушаноўваюцца зямлячкі ў  Дзень жанчын, уручаюцца пашпарты нашым юным грамадзянам і г.д. Асаблівы клопат члены пярвічак праяўляюць пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Пажылому чалавеку заўсёды  патрэбны спагада, добрае слова і асэнсаванне, што ён не адзін. Наведваем іх, разам з віншаваннямі ўручаем паштоўкі і матэрыяльную дапамогу напярэдадні  9 Мая, сувеніры з атрыбутыкай “Белай Русі” да Дня абаронцаў Айчыны.  Да юбілею Перамогі за сродкі раённай арганізацыі былі рэканструяваны два помнікі воінам-вызваліцелям. Арганізуем мерапрыемствы да прафесійных святаў, іншых урачыстасцяў.
“Белая Русь” побач з моладдзю –  падтрымлівае пераможцаў прадметных алімпіяд, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў.
Члены арганізацыі займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, ладзяць пікеты, прымаюць   удзел ва ўсіх выбарчых кампаніях. Прадстаўнікі нашага грамадскага аб’яднання працуюць  у скла-дзе выбарчых камісій, выступаюць у якасці назіральнікаў на ўчастках для галасавання. Прычым, “Белая Русь” не адасоблена ад іншых арганізацый.  Ветэранская, прафсаюзная, члены БРСМ, Камуністычнай партыі  Беларусі, Беларускага саюза жанчын – нашы надзейныя партнёры і сябры.
– Леанід Іосіфавіч, наколькі выніковая работа грамадскай прыёмнай “Белай Русі”, якія пытанні вырашаеце?
– Грамадская прыёмная працуе двойчы ў месяц. Для нас вельмі важны такія зносіны. Бачым, у якім напрамку далей рухацца, над чым працаваць. Тэматыка зваротаў самая розная. Гэта і працаўладкаванне, сацыяльная абарона, своечасовасць выплаты заработнай платы, аказанне транспартных паслуг, адукацыйныя пытанні і г.д. А наконт запатрабаванасці – прывяду некалькі лічбаў. У мінулым годзе ў грамадскую прыёмную звярнуліся 37 чалавек, сёлета –
ужо 34. Тут у нефармальнай абстаноўцы ўважліва выслухаюць, дапамогуць ці растлумачаць сітуацыю. Прыходзяць да нас і з канкрэтнымі прапановамі, ідэямі. Усе бяром “на аловак“, абавязкова прыслухоўваемся.
– Пра што марыць старшыня раённай арганізацыі  “Белай Русі”?
– Мае мары і спадзяванні звязаны, перш за ўсё, з ростам  радоў, каб актыўней уліваліся ў “Белую Русь“ прадстаўнікі розных прафесій, каб прапаноўвалі цікавыя праекты, нераўнадушна ставіліся да праблем землякоў. Мы адкрыты для канкрэтных ініцыятыў і спраў.
Гутарыла  Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *