“Першакурснік я”

У вялікай студэнцкай сям’і ЛДАКа 175 юнакоў і дзяўчат маюць асаблівы статус. Яны — першакурснікі. Для навічкоў тут усё незвычайнае і нязведанае, цікавае і захапляючае. Праз 2 месяцы вучобы паспелі з’явіцца любімыя прадметы і сябры, і, канешне, склалася першае ўражанне ад агракаледжа, выкладчыкаў і ўсяго, што навокал. Вось водгукі некаторых першакурснікаў:

Яўгенія БАСАЛАЙ,
11 «агра» група:

— Тут усё цікава. У нас класныя выкладчыкі і выдатны куратар — пашанцавала на 100 працэнтаў. Я вельмі хацела вучыцца ў ЛДАКу і задаволена, што паступіла. Выкладчыкі  не толькі зацікаўліваюць сваім прадметам, але і ідуць насустрач у вырашэнні многіх пытанняў. Пасля заняткаў таксама няма часу сумаваць. Напрыклад, я з задавальненнем займаюся музыкай і танцамі. Мне і сяброўкам падабаецца і мясцовы інтэрнат — чысты, утульны і камфортны.

Антаніна ДЗЕНІСЕНЯ,
11 «заа» група:

— З самых першых дзён вучобы асабіста ў мяне шмат уражанняў, усе яны станоўчыя. Адразу знайшла агульную мову з аднагрупнікамі. Да нас, навічкоў, з разуменнем ставяцца старшакурснікі, раяць, дапамагаюць, растлумачваюць што, дзе і як. Тут добрыя выкладчыкі, клапатлівыя выхавацелі ў інтэрнатах, класны дырэктар.

Яўгеній РЫЛКО,
11 «агра» група:

— Я выбраў для сябе прафесію цікавую і складаную  — аграном. Лічу, што яна больш адказная, чым  іншыя сельскагаспадарчага профілю. Мне падабаецца працаваць  у полі, з раслінамі, лячыць іх ад шкоднікаў. Упэўнены, што змагу многага дабіцца ў прафесіі, калі пасля заканчэння вучобы вярнуся ў сваю родную гаспадарку дыпламаваным аграномам. У планах і атрыманне вышэйшай адукацыі. А пакуль з задавальненнем вучуся ў каледжы, дзе падабаецца выключна ўсё.

Вольга ЯРАШЭВІЧ,
11 «агра» група:

— У каледжы атмасфера добразычлівасці, парадку і ўзаемадапамогі. Я пакуль ні на хвіліну не пашкадавала, што паступіла сюды вучыцца. Нават за такі кароткі тэрмін даведалася многа новага. Нам цікава вучыцца, добра адпачываць разам з сябрамі — для гэтага створаны ўсе ўмовы: камфортныя інтэрнаты, спартыўныя секцыі і гурткі па інтарэсах.

Ягор ПЯТРОЎ,
22 «вет» група:

— Я мясцовы жыхар, і каледж мне не можа не падабацца. Праўда, вучыцца спачатку цяжкавата, але спадзяюся, што потым будзе лягчэй. А так усё выдатна: і выкладчыкі, і рабяты, таму і настрой добры.

Як бачна, першыя ўражанні ў рабят станоўчыя, а ў які бок яны зменяцца, — пакажа час. У многім ад саміх першакурснікаў залежыць, якімі будуць іх далейшыя адносіны з вучобай, выкладчыкамі, аднакурснікамі,  каля-джанамі і будучай прафесіяй. І, магчыма, сярод тых, хто сёння ў ЛДАКу пакуль яшчэ навічок, — будучыя высакакласныя спецыялісты-аграрыі, якія стануць гонарам  установы і прыкладам для наступных пакаленняў навучэнцаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *