Урачэбны прыём: жаночая кансультацыя ЦРБ

У Анатолія Панько не пацыенты, а пацыенткі. Ён загадчык жаночай кансультацыі, урач-гінеколаг. Працаваў і ў радзільным аддзяленні,  калі такое было ў райбальніцы, і ў гінекалагічным. Калегі і пацыенткі засведчаць: Анатолій Лявонцьевіч не лічыцца з асабістым часам, калі справа тычыцца яго любімай работы.
Дастаткова малады па ўзросце і ў той жа час з важкім багажом вопыту, Панько  пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень, сочыць за новымі тэндэнцыямі ў медыцынскай навуцы. І заўсёды застаецца  чулым да тых, каму патрэбна ягоная прафесійная дапамога. Непакоіцца (і гэта мякка сказана), калі цяжарная жанчына парушае ўрачэбныя рэкамендацыі ці своечасова не становіцца на ўлік у жаночай кансультацыі, прапускае планавае абследаванне. Анатолій Лявонцьевіч у такім выпадку  не толькі тэлефануе, але, бывае, выязджае на дом з напамінам: тэрмінова – у кансультацыю, здароўе будучай мамы і яе немаўля нельга падвяргаць небяспецы. Акуратны ва ўсім, ён пад вокнамі кансультацыі ўласнаручна стварыў прыгожы кветнік. І гэта таксама сведчыць пра доктара Панько.
Акрамя цэнтральнай раённай бальніцы і яе  шматлікіх падраздзяленняў, на Ляхавіччыне працуюць медыкі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія выконваюць не менш адказную місію ў справе аховы здароўя. Верныя клятве Гіпакрата – гэта і пра іх, а таксама пра калектыў абласной псіханеўралагічнай бальніцы «Крывошын». І пра ветэранаў службы, хто сёння ўжо на заслужаным адпачынку, але застаецца верным свайму прафесійнаму прызначэнню і адчувае гонар за справу, якой прысвяціў жыццё. Са святам!
Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *