Навіны медыцыны Ляхавіцкага раёна. 18 чэрвеня медыкі адзначылі прафесійнае свята

Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца – сучасная шматпрофільная лячэбна-прафілактычная ўстанова. Сярод нашых паўсядзённых  задач  назаву далейшае забеспячэнне даступнасці медыцынскай дапамогі, фарміраванне ў насельніцтва матывацыі да здаровага ладу жыцця, адказнасці за ўласнае здароўе, узмацненне прафілактычнай работы, бо ўсім вядома: хваробу лягчэй, а я дадам, і танней, папярэдзіць, чым лячыць.
Дзяржаўны клопат пра ахову здароўя пастаянны і важкі. Дзякуючы яму, у нас пачынае  работу  сучасны флюараграфічны кабінет  з навейшым абсталяваннем. Цяпер ідзе рамонт і маштабная мадэрнізацыя  харчаблока  райбальніцы. Па меры магчымасці абнаўляем абсталяванне, інструменты, мэблю, машынны парк – гэта таксама складнікі паспяховай работы.
Узровень аснашчанасці  рай-бальніцы сучасным абсталяваннем дазваляе правесці своечасовую і якасную лабараторную, ультрагукавую, эндаскапічную рэнтгендыяг-
ностыку, што ў сваю чаргу дапамагае ў кароткія тэрміны паставіць дыягназ, аптымізаваць лячэнне. Нельга не ўзгадаць і  інавацыі ў арганізацыі медабслугоўвання. У раёне нямала прыхільнікаў папярэдняга  запісу на прыём да ўрача праз інтэрнэт. Перамога райбальніцы ў конкурсе  мясцовых ініцыятыў, які праводзіўся ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, дазволіць сёлета стварыць лакальную камп’ютарную сетку паліклінікі. Гэта  чарговы крок да  электронных рэцэпта і медкарты, скарачэння часу афармлення меддакументацыі, аптымізацыі штату паліклінікі, забеспячэння аператыўнага кантролю за паказчыкамі работы.
Сёння ў райбальніцы працуе больш за 600 чалавек – дружны, зладжаны  калектыў прафесіяналаў. Да нашага прафесійнага свята  медыкі  адзначаны не толькі раённымі, але і абласнымі ўзнагародамі: Ганаровай граматай упраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама – намеснік галоўнага ўрача райбальніцы па медыцынскай частцы Ірына Волкава,  загадчык тэрапеўтычнага аддзялення Міхаіл Буйкевіч, галоўны бухгалтар  Вольга Равяка, падзячным пісьмом – сакратар Тамара Страшук, медсястра аптэкі Вольга Дубоўская. Сёлета Ганаровыя граматы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь былі ўручаны загадчыку хірургічнага аддзялення райбальніцы Сяргею  Бяляеву і ўрачу-оталарынголагу  Васілію  Гарбачову. Заслужаныя ўзнагароды за прафесіяналізм!
Вопытныя калегі – гонар калектыву, настаўнікі моладзі. А маладыя кадры ў добрым сэнсе амбіцыйныя, нераўнадушныя, грунтоўна падрыхтаваныя. Сёлета ў жніўні чакаем папаўненне – 11 урачоў і 24 прадстаўнікі сярэдняга медыцынскага персаналу. Будзем  з дапамогай раённай улады працягваць  вырашаць  жыллёвае пытанне для маладых спецыялістаў.
Рады павіншаваць усіх медыкаў раёна, ветэранаў аховы здароўя з прафесійным святам.
Георгій ХЛЯБОВІЧ,
галоўны ўрач ЦРБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *