Сонечна і звонка

У Начаўскім «Званочку» адпачынак цікавы.

З 12 чэрвеня на 9 дзён Падлеская базавая школа ператварылася ў аздараўленчы лагер, ды не проста, а два ў адным. Тут камфортна размясціліся тэматычныя летнікі з кругласутачным знаходжаннем: абаронна-спартыўны “Выратавальнік” (арганізаваны аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама сумесна з РАНС) і адукацыйны “Эўрыка”. У кожным па 20 адпачываючых.

– Рабяты займаюцца па сваіх профілях. У “Эўрыцы” штудзіруюць і паглыбляюць веды па хіміі, біялогіі, фізіцы і гісторыі. Праграма “Выратавальніка” прадугледж-вае  фізічнае развіццё, загартоўку. Аб’ядноўвае падлеткаў жаданне адпачыць весела, цікава, што і робяць яны разам.
– Хоць профілі  розныя, але ў рабят нямала агульных інтарэсаў. Стараемся арганізаваць як мага больш сумесных мерапрыемстваў. Асабліва запомніліся адкрыццё змены, экскурсія ў Святадухаўскую царкву, гульня ў клубе вясёлых і знаходлівых, – расказвае дырэктар “Выратавальніка”  Анастасія Буцько.
Удосталь прыгод на працягу 9 дзён і ў хлопчыкаў і дзяўчынак, якім пашчасціла трапіць  сёлета ў перасоўны палатачны лагер  “Рабінзоны”, які  дыслакуецца  ў Набярэжнай, Крывошыне, лесе недалёка ад Лабузоў. 20 юных турыстаў  і іх трэнеры-настаўнікі – вопытны Генадзій Бычкоўскі і  маладыя калегі Кацярына Богдан і Дзмітрый Крупайла прайшлі па многіх гістарычных, краязнаўчых маршрутах нашага раёна, знаёміліся з багатай культурнай спадчынай і адпрацоўвалі турыстычныя навыкі, пабывалі на льнозаводзе і  ў вайсковай часці.
Каторы год адзін з галоўных хітоў дзіцячага адпачынку – прышкольныя лагеры. Менавіта ў чэрвені ў іх аншлагі.  Гэта лета – не выключэнне. З 5 па 24 чэрвеня ў 15 прышкольных лагерах (13 – у навучальных установах, па адным – у ЦКРНіР і ДЮСШ) адпачываюць 577 гарадскіх і вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак.  7 прышкольных летнікаў  з 15-ці  маюць назву “Сонейка”, ёсць “Ветразь”, “Вясёлка”, “Светлячок”, “Вясёлыя рабяты”…
У “Званочку”, які размясціўся ў Начаўскай СШ, што ні дзень, то падзея.  Нездарма вясковыя пачаткоўцы  ў захапленні ад летніка.
– Вельмі-вельмі падабаецца тут. Наш атрад жыве па законах дабрыні, клопату, міласэрнасці, павагі і праўды, –  расказвае дзесяцігадовая  Ангеліна Таранда.
– Люблю ўдзельнічаць у спаборніцтвах і розных гульнях. А яшчэ нас вельмі смачна кормяць. Кожны год запісваюся ў лагер, – далучаецца Марыйка Паляшчук.
22 хлопчыкі і дзяўчынкі разам з выхавальнікамі з першых дзён адпачынку акунуліся ў віхур гульняў, забаў, падарожжаў, спаборніцтваў, экскурсій.
– Гэтым летам  лагерны праект называецца “Падарожжа вакол свету за 18 дзён”.  Амаль кожны дзень  адпраўляемся ў завочную вандроўку ў адну з краін, вывучаем яе культуру, гісторыю, геаграфію, традыцыі і звычаі. Першы прыпынак, канешне ж, – родная Беларусь. Таксама “пабывалі”  ў  Расіі, Швейцарыі, Японіі, Германіі, Францыі… Шмат разнапланавых праграм і конкурсаў – для раскрыцця творчых здольнасцяў і юных талентаў, – дзеліцца  дырэктар летніка Святлана Падгурская.
Для многіх бацькоў дзённыя лагеры –  сапраўдная палачка-выручалачка.  Пакуль дарослыя на рабоце, іх дзеці пад надзейным  наглядам. За такі камфортны адпачынак бацькоўская даплата, як і ў папярэднія гады, складае ўсяго 10 працэнтаў ад кошту пуцёўкі. Астатнія выдаткі бярэ на сябе дзяржава.
У любімай “Чайцы”  сёлетняя аздараўленчая кампанія стартавала спартыўнай дзевяцідзённай зменай. А з 16 чэрвеня пачалася  чарговая, працягласцю у 18 дзён, напоўненая звонкімі дзіцячымі галасамі, добрым настроем і безліччу карысных спраў. Лета працягваецца.
Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва Начаўскай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *