Жорсткі фігурант

У апошні месяц раённы аддзел Следчага камітэта тройчы ўзбуджаў крымінальную справу па  арт. 147 КК (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) і адзін – па арт. 139  (забойства). У трох здарэннях фігуруе  нож, тры злачынствы ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення.
Так было і напрыканцы мая, калі два  жыхары Заполля  цэлы дзень распівалі спіртныя напіткі, пасля на гужавой павозцы адправіліся ў  Востраў. Падчас падарожжа вываліліся з воза. А потым… нож у руках аднаго стаў прычынай ранення ў жывот другога. Сведкі здарэння выклікалі міліцыю і хуткую дапамогу. Пацярпелы быў дастаўлены на лячэнне ў райбальніцу,  “апанент” – у ізалятар часовага ўтрымання РАУС.
РАСК узбудзіў крымінальную справу па ч. 1 арт 147 КК , па якой прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін да 8 гадоў. Застаецца толькі дадаць, што абодва вяскоўцы не аднойчы пераступалі мяжу закона,  за што адбывалі пакаранне ў турме.
Следства высвятляе і абставіны трагедыі ў Мядзведзічах. Вядома, што  апоўдні 18 чэрвеня   хуткая  дапамога даставіла адтуль у райбальніцу вяскоўца з  нажавым раненнем брушной поласці. 62-гадовы пацярпелы тлумачыў, што траўму атрымаў па неасцярожнасці: калі збіраў грыбы – упаў на нож.  Медыкі зрабілі ўсё, каб выратаваць мужчыну, але той ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памёр.
РАСК узбудзіў крымінальную справу па ч. 3 арт. 147 КК. Па падазрэнні ва ўчыненні злачынства затрымана жонка памершага.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,
намеснік начальніка райаддзела Следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *