Закон суровы, але гэта закон. Размова з пракурорам Ляхавіцкага раёна напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў пракуратуры

Рабочая нарада. Пракурор раёна Сяргей Дзяжко (у цэнтры), намеснік пракурора Аляксей Шчарбакоў, памочнік пракурора Аліна Мацкевіч.

Прафесійным святам пракурорскіх работнікаў дзень 26 чэрвеня стаў у 1998 годзе. Гісторыя ж самой пракуратуры куды больш працяглая і сёлета выходзіць на 95-гадовую адзнаку. Размова з пракурорам Ляхавіцкага раёна, саветнікам юстыцыі Сяргеем ДЗЯЖКО пачалася з задач, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі пракуратуры.

–  Скажу коратка, хоць і некалькі пафасна: мы – вартавыя закона. Калі нечыя дзеянні ідуць уразрэз з законам, мы абавязаны адрэагаваць і паставіць парушальніка на “законнае” месца. Таксама на пракуратуру ўскладзена каардынацыя дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый па барацьбе са злачыннасцю. Пракуратура разглядае звароты грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных асоб. Нашы работнікі ўдзельнічаюць у судовых пасяджэннях у якасці абвінаваўцы. І іншае. Але галоўная наша ідэя не ў пакаранні – у забеспячэнні законнасці.
– Што, як, дзе і калі робіцца з мэтай безумоўнага вяршэнства закона?
– Для забеспячэння законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна выкарыстоўваем усе дазволеныя нам меры. У бягучым годзе правяралі выкананне ў раёне заканадаўства аб зваротах грамадзян, аб захаванасці ўласнасці, антыкарупцыйнага заканадаўства. Напрыклад, у ходзе праверкі ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” устаноўлены факты парушэння Дырэктываў № 1
і № 3. Грашовыя сродкі, якія прадпрыемства выплаціла ў выглядзе штрафаў, па патрабаванні пракуратуры былі спагнаны з канкрэтна вінаватых асоб. Тых, хто неналежным чынам выконваў свае абавязкі. Стаялі пытанні і адносна арганізацыі на прадпрыемстве работы па вяртанні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, недапушчэнні фактаў безгаспадарчасці, ужывання алкаголю. Па патрабаванні пракуратуры да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 6 асоб, адзін работнік пакараны матэрыяльна.
Правяраліся не толькі аргані-зацыі і прадпрыемствы, але і эфектыўнасць работы кантралюючых, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па выкананні імі зямельнага і заканадаўства аб абарачэнні з адходамі. Трымаем пад пастаяннай увагай пытанні папярэджання траўматызму, у тым ліку дзіцячага. Так, пракуратура раёна органам мясцовай улады ўнесла прадстаўленне, у якім знайшлі адлюстраванне незакрытыя ці з пашкоджаннямі калодзежы, не адпавядаючыя патрабаванням збудаванні на дзіцячых гульнявых пляцоўках, факты знаходжання побач з імі аўтамабіляў. Падобныя з’явы не павінны прысутнічаць у нашых дварах і жыцці.
– Недапушчэнне злачын-стваў крымінальнага характару з’яўляецца пастаянным і адным з першачарговых памкненняў у дзейнасці пракуратуры.
– Гэта адзін з галоўных прыярытэтаў. І мы робім усё магчымае, каб падобных праяўленняў у нашым жыцці станавілася менш і менш. Такую тэндэнцыю, дарэчы, зараз і назіраем. Калі паглядзець на прайшоўшыя месяцы бягучага года праз прызму аналагічнага леташняга перыяду, убачым факт: агульная колькасць злачынстваў знізілася больш як на 30 працэнтаў. Зафіксавана менш крадзяжоў, фактаў махлярства, хуліганскіх дзеянняў. Але ёсць на гэтым станоўчым фоне і вельмі адмоўны момант: у раёне  адзначаны рост цяжкіх злачынстваў. Маем ужо 4 такія выпадкі. Плюс, які ўспрымаем як мінус у тым ліку і нашай рабоце, адно забойства.
– Злачынствы карупцыйнай накіраванасці, як правіла, маюць глыбокі рэзананс у насельніцтва. Як абстаяць справы з выкананнем антыкарупцыйнага заканадаўства ў нашым раёне?
– У бягучым годзе злачынствы крымінальнай накіраванасці ў нашым раёне не выяўляліся, а вось правапарушэнні аналагічнага кшталту мелі месца, у большасці сваёй на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу. Адзначаліся выпадкі неналежнага ўліку працоўнага часу, утойваліся факты адсутнасці работніка на працоўным месцы. Скажам, дакладна зафіксавана, што чалавек знаходзіўся за мяжой краіны, а ў табелі ўліку працоўнага часу за гэты дзень у яго стаіць “васьмёрка”. Рабіліся спробы ўтойвання падзяжу сельскагаспадарчай жывёлы.
Выпадкі, хоць і не з ліку карупцыйных правапарушэнняў, лічу вартымі быць пазначанымі ў нашай сённяшняй размове. Выпускнік мясцовага агракаледжа не палічыў патрэбным адпрацоўваць размеркаванне. Не хочаш – кампенсуй выдаткі, якія дзяржава затраціла на тваё навучанне. Так і атрымалася: па іску пракуратуры з маладога чалавека на карысць ЛДАКа было спагнана больш за 10 тысяч рублёў.
І яшчэ. У ходзе будаўніцтва аднаго з аб’ектаў Ляхавіцкая ПМК-13 дапусціла завышэнне кошту выкананых работ. Прадпрыемства было аштрафавана, потым па іску пракуратуры суд “пераразмеркаваў” штраф –  абавязак ажыццявіць выплаты быў ускладзены на канкрэтных асоб – кіраўніцтва арганізацыі.
– Якімі, на ваш погляд, абавязковымі рысамі характару павінен валодаць пракурорскі работнік?
– Асноўнымі для пракурорскага работніка якасцямі лічу сумленнасць і справядлівасць. Кожны будучы работнік пракуратуры павінен рыхтавацца да таго, што яму давя-
дзецца ўзаемадзейнічаць з людзьмі – многімі, часам, з дыяметральна супрацьлеглымі характарамі і адносінамі да жыцця. У сувязі з гэтым, неабходна быць псіхалагічна ўстойлівым, умець наладжваць кантакты, рашаць “чужыя” праблемы –  па законе. Аператыўнасць у прыняцці рашэнняў, уменне аналізаваць і “раскладваць” сітуацыю па паліцах таксама аднясу да такіх якасцяў. Ну і пастаяннае прафесійнае самаўдасканаленне. Гэта мінімум для кандыдата ў пракуроры.
– Сяргей Мікалаевіч, пазнаёмце, калі ласка, нашых чытачоў са сваімі калегамі- супрацоўнікамі райпракуратуры.
– Калектыў пракуратуры складаецца з шасці чалавек, палова з якіх займаецца непасрэдна выкананнем задач, ускладзеных на пракуратуру як наглядны орган. Нягледзячы на маладосць, і намеснік пракурора Аляксей Шчарбакоў, і памочнік пракурора Аліна Мацкевіч здольны працаваць з вялікай нагрузкай і высокай аддачай. Якасна і адказна выконваюць пастаўленыя перад пракуратурай задачы.
Мы працуем сумесна з іншымі праваахоўнымі і кантралюючымі службамі, органамі выканаўчай і заканадаўчай улады. Іменна ад каардынаванасці дзеянняў, сумеснасці намаганняў вельмі часта залежыць паспяховасць рашэння таго ці іншага пытання, нейкай вострай праблемы. Але лепшым рашэннем любой праблемы з’яўляецца недапушчэнне яе ўзнікнення – праз прафілактыку, якая з’яўляецца важным накірункам дзейнасці пракуратуры ў яе цяперашнім складзе, роўна як і ад папярэднікаў –  былых работнікаў Ляхавіцкай райпракуратуры. Назаву Валерыя Сухарава, Уладзіміра Здановіча, Мечыслава Курыловіча, Аляксандра Смаля, Анатолія Грушэвіча, Аляксандра Ярашэвіча.
Віншую калег са святам. Няхай усё ладзіцца: дома і на службе. Каб моцным было здароўе, вялікім шчасце, добрым настрой.
Гутарыў Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *