Лета спартыўнае

Не гарачае, пакуль яшчэ не “купальнае”, але лета на двары. А гэта значыць канікулы: самая доўгачаканая і самая хуткаплынная пара года. Для школьнікаў, якія ў залежнасці ад сваёй “класнасці” знаходзяцца хто дзе і займаюцца хто чым. Учарашнія адзінаццацікласнікі цэнтралізавана хвалююцца на тэстах. Сярэднія, малодшыя шкаляры запоўнілі летнікі, аздараўленчыя лагеры, асвойваюць іншыя месцы і спосабы адпачынку. Гэтыя, відавочна, самыя шчаслівыя і бесклапотныя. Яшчэ ёсць самыя спартыўныя. Ну, а каму іншаму дастанецца вельмі дарагі і дыфіцытны білет на ўдзел у рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў па лёгкай атлетыцы! Турнір прайшоў у мінулыя панядзелак і аўторак у Бабруйску. Як расказаў “Ляхавіцкаму весніку” трэнер-выкладчык ДЮСШ раёна Андрэй Іванюценка, у горадзе над Беразіной спаборнічалі 7 каманд. Юныя спартсмены ў складзе зборных абласцей плюс дружына “сталічнікаў” разыгрывалі прызы ў розных дысцыплінах па ўсіх накірунках атлетыкі. Штурхалі і кідалі спартснарады, скакалі, бегалі, хадзілі …
Іменна ў спартыўнай хадзьбе была прадстаўлена ў Бабруйску Ляхавіччына. Выхаванка ДЮСШ Алеся Давыдава, відавочна, вельмі шчырая ў сваіх адносінах да спорту. Дастаткова паглядзець аднойчы на яе настойлівую і натхнёную працу на трэніроўцы, каб дазволіць сабе такое сцвярджэнне. Эмацыянальная ў перажываннях: і падчас рэдкіх паражэнняў, і пасля медальных фінішаў.
Аднак жа, пра бабруйскую падзею, дзе Алеся выступала ў складзе каманды школьнікаў Брэсцкай вобласці. Ляхавічанка стартавала двойчы і кожны раз прыходзіла на фініш другой. Так было і на дыстанцыі 2000 метраў у спартыўнай хадзьбе, і пасля, калі дзяўчаты-скараходы спаборнічалі на 3-кіламетровым адрэзку.
Дзякуючы намаганням, у тым ліку і Алесі Давыдавай, лёгкаатлеты-школьнікі нашай вобласці сталі лепшай спартакіяднай камандай. Другі камандны прыз дастаўся магіляўчанам, трэці – адправіўся на Гомельшчыну.
А ўжо сёння таленавітая зямлячка возьме старт на стадыёне “Брэсцкі” –пазмагаецца за права прыняць удзел у Балтыйскіх гульнях, якія на гэты раз адбудуцца там жа – на “Брэсцкім”.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *