Ах, карусель!..

Каляндар на заўсёднай дыеце, штодня худзее на адзін лісток. Кожныя суткі мінус 24 гадзіны — 2640 хвілін — 158400 секунд-імгненняў. Наш жыццёвы транспарт – зямны шар – імчыць вакол Сонца па дакладна вызначаным маршруце-каруселі, віток за вітком. Зіма-лета, радасці-непрыемнасці, знаходкі-страты, захапленні-расчараванні, узвышанае-зямное… Жывём. Жывём! Бонусам гэтай чароўнай з’явы – наша быццё. У часе і прасторы, здзейсненых справах і памкненнях, пачуццях перажытых і новых.
Пра новае. Яно, сцвярджаюць, добра забытае старое, але ад гэтага не менш захапляльнае, прывабнае і спакусліва жаданае, дазваляе ўбачыць цуд у імгненнях быцця.
…Малады чалавек перабірае ў аддзеле цацак бразготкі. Усміхнёмся па-добраму яго радаснай разгубленасці: напэўна, ён стаў татам.
…Суседская дзяўчынка-школьніца спавіла ў пуховую хустку кацянё і з важным выглядам выгульвае яго на свежым паветры. Усміхнёмся пяшчотна непасрэднаму ўвасабленню клапатлівай любві, якая і ёсць сутнасць жанчыны, нават маленькай.
…Вельмі пажылы мужчына, знаёмы ветэран вайны, ідзе па вуліцы з загорнутымі ў цэлафан трыма ружамі. Тры – значыць, на радасць. Усміхнёмся шчыра яго святочнай падзеі, магчыма, залатому вяселлю ці юбілею, і пажадаем на доўгі час нагод, якім пасуе няцотная колькасць кветак.
…Безліч тэлефанаванняў на рабоце і дома. Кантактуем, сябруем, даказваем, крыўдуем, радуемся па тэлефоне. Прывыклі, прыстасаваліся, адаптаваліся: што гаварыць, зручна. І раптам аднойчы ў пошце – канверт з тваім адрасам. Усяго некалькі радкоў, напісаных паўзабытым почыркам. Іх можна перачытаць, трымаючы ў руках лісток з блакнота, светла і ўдзячна ўсміхнуцца праз слёзы рэху далёкага юнацтва: гэта было… было…
Сумуе ў парку карусель, чакае лета, а жыццёвая імчыць без перапынкаў на абед і на тэхнічнае абслугоўванне. Штодзённа, штохвілінна, штоімгненна. Колькі людзей, колькі падзей у гэтым руху. Спынімся, азірнёмся. Якая шыкоўная зіма з сумётамі, завеямі, ледзяшамі і марозам. У гэтую сцюжу надзвычай цёпла было на сэрцы ў самым цэнтры студзеня, калі адзначалі 70-годдзе раёна. Колькі лёсаў уплецены ў ягоны юбілей, колькі незабыўнага, велічнага, а таксама звычайнага і будзённага ўмясціў ён. Старонкі гісторыі ці яе радкі, клічнікі і шматкроп’і напісаны нашымі землякамі. Яны проста жылі і служылі справе свайго жыцця, а атрымалася гісторыя. І тое, што мы робім сёння, над чым намагаемся, праз дзесяцігоддзі таксама стане яе радкамі, клічнікамі і шмат-кроп’ем. Таму што шматкроп’е мае на ўвазе працяг.
І ўчора, і сёння, і заўтра свяцілі, свецяць і будуць свяціць прапісаныя ў знаёмым парадку сузор’і. Вы даўно глядзелі ў начное неба? Яно зачароўвае. Дае крылы і адначасова вяртае на зямлю. Адчуваеш, што ты ёсць, пераасэнсоўваеш штосьці, марыш, зрэшты, прымаеш рашэнне. Усяго толькі жывая істота? Не, чалавек!
Согласно расписанию, уходят поезда.
Согласно расписанию. А кто-то опоздал…
Согласно расписанию, плывет корабль-жизнь.
Согласно расписанию. А кто-то поспешил…
Давайце дамовімся, што не будзем ні спазняцца, ні спяшацца, ні ленавацца. Давайце вечарам адарвёмся ад чарговага серыяла, выйдзем на вуліцу і глянем у вочы зорнага неба. А потым уладкуемся на канапе з томікам Чэхава ці Купрына, а магчыма, Экзюперы. І адкрыем для сябе нанова дом з мезанінам, гранатавы бранзалет ці даўно забытае і пакладзенае на дно душы мудрае сцвярджэнне з прыгожай казкі пра Маленькага прынца: “Відушчае адно толькі сэрца. Самага галоўнага вачамі не ўбачыш”. І няхай усё дарагое застаецца ў ім, у відушчым сэрцы.
…А мы з блаславеннай каруселі, якая ўмудрылася абзавесціся вечным рухавіком, ці бачым цуд у кропельках быцця?

One thought on “Ах, карусель!..

  • 05/09/2010 в 10:50
    Permalink

    Ольга Петровна! Согласна-все это было, но …прошло. Но все оно осталось в нашей памяти- не вычеркнуть, не позабыть. Жизнь продолжается. Творческих удач Вам, классно написано, романтично. Так держать, моя дорогая соседка детства!с ув. Л.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *