Хто там, за цёмным шклом?

Два гады назад указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў унесены шэраг змяненняў і дапаўненняў у Правілы дарожнага руху. У тым ліку – і па пытаннях выкарыстання аўтамабіляў з таніраваным шклом. У прыватнасці, было акрэслена, што дапускаецца ўдзел у дарожным руху транспартных сродкаў са шклом (за выключэннем ветравога і пярэдніх бакавых), што мае ступень святлопрапушчальнасці ніжэй за 70 працэнтаў. Але толькі ў тым выпадку, калі на шкло заводам-вытворцам  нанесена адпаведная маркіроўка.

Пункт 37 дадатку 4 да ПДР быў выкладзены ў новай рэдакцыі, якая прадугледжвала забарону ўдзелу ў дарожным руху тых аўтамабіляў, у якіх на шкле ці ў аконных праёмах  устаноўлены не прадугледжаныя канструкцыяй дадатковыя прадметы ці нанесена пакрыццё (у тым ліку, плёначнае).

Такія патрабаванні – цалкам абгрунтаваныя, бо пагаршэнне агляду навакольнай сітуацыі, створанае таніраваным шклом, плёнкамі, шторкамі і г.д., можа справакаваць аварыйную сітуацыю. А, між тым, толькі за апошні месяц за згаданае парушэнне супрацоўнікамі аддзялення ДАІ былі затрыманы 10 аўтааматараў.

Частка 3 артыкула 18.12 КаАП прадугледжвае: кіраванне транспартным сродкам з незахаваннем умоў, пры наяўнасці якіх ПДР забаронены ўдзел у дарожным руху, цягне папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да 2 базавых велічынь. Акрамя таго, калі няма магчымасці на месцы ўхіліць парушэнні, выдаецца прадпісанне аб неабходнасці да пэўнага тэрміну прывесці аўтамабіль у адпаведнасць з патрабаваннямі Правілаў дарожнага руху. Калі ж пасля ўстаноўленага тэрміну парушэнне не будзе выпраўлена, то згодна артыкула 23.1 КаАП уладальніку аўто пагражае штраф да 20 БВ.

Юрый МАЛЕВІЧ,
начальнік АДАІ РАУС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *