Чэмпіёнка. Самбістка. Трэнер

З хваляваннем і інтарэсам  выхаванцы Ляхавіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы сочаць за кожным выступленнем на рэспубліканскіх і міжнародных спартыўных арэнах  свайго любімага трэнера па самба і дзюдо Ірыны Амялянавай. Яна для юных спартсменаў прыклад ва ўсім, таму і хочуць быць падобнымі на Ірыну Іванаўну, асабліва дзяўчынкі, і вельмі сумуюць, калі яе няма побач. Вось і цяпер спартсменка, а па сумяшчальніцтве і трэнер знаходзіцца далёка ад сваіх выхаванцаў — яна ў складзе нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па самба на зборах у Стайках рыхтуецца да чэмпіянату свету, які днямі пачнецца ў Вільнюсе. Зусім нядаўна тытулаваная самбістка вярнулася з перамогай з чарговага этапа Кубка свету ў Маскве, дзе яна стала сярэбранай прызёркай.

— Для мяне 2011 год увогуле знамянальны. Акрамя перамог на этапах Кубка свету я заняла 2-е месца на чэмпіянаце Еўропы і з рэзерву нацыянальнай зборнай краіны перайшла ў асноўны састаў, — расказвае спартсменка.

Ірына  — шчырая, добразычлівая, вясёлая і непасрэдная дзяўчына, якая вельмі любіць спорт і сваіх маленькіх выхаванцаў, радуецца іх поспехам і заўсёды з  цеплынёй успа-мінае свайго першага трэнера  Уладзіміра Плаўскага, які баранавіцкай школьніцы прывіў любоў да самба.

— Са спортам я сябравала з дзяцінства,  спрабавала свае сілы ў лёгкай атлетыцы, каратэ, але ўсё ж самба і дзюдо ўзялі верх. З 1998 года яны для мяне галоўныя віды спорту. Трэніруюся пад кіраўніцтвам Георгія Барысевіча, — гаворыць Ірына і дадае: — Я ў сям’і не адзіная спартсменка. Калісьці мая мама займалася штурханнем  ядра, а старэйшая сястра — дзюдо. Так што Амялянавы — сям’я спартыўная.

Паміж трэніроўкамі, зборамі, раз’ездамі, сесіямі (дзяўчына — студэнтка-завочніца факультэта фізічнай культуры  Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна) Ірына знаходзіць час для кніг. Хто сказаў, што спартсменам не да чытання?! Любімыя творы, любімыя аўтары, любімыя героі — гэта таксама яе жыццё, насычанае і напоўненае прагай ведаў, пачуццямі, марамі і перамогамі.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *