Не слабо, аднак!

Ветэраны аддзела адукацыі, спорту і турызму занялі першае агульнакаманднае месца.

Гэта ўжо другая спартакіяда ветэранаў Ляхавіцкага раёна. А значыць, закладзена цудоўная традыцыя штогод праводзіць спаборніцтвы сярод тых людзей сталага ўзросту, каму не сядзіцца дома, хто зараджаны духам спартыўнага азарту, актыўны ў жыцці і сябруе з фізкультурай.

ДЮСШ і стадыён “Колас” прынялі ўдзельнікаў спартакіяды ад дзевяці ветэранскіх пярвічак – на дзве больш, чым летась. Каля сотні ўдзельнікаў выстраіліся на стадыёне на парад адкрыцця. Далей усё праходзіла па спартыўным пратаколе. Быў дадзены старт спаборніцтвам. Да ўдзельнікаў з прывітальным словам звярнулася старшыня Ляхавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Курэц. Другую спартакіяду, як і папярэднюю, удзельнікі прысвяцілі Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Была мінута маўчання. Да помніка на плошчы Перамогі ўсклалі кветкі.
А потым пачаліся спартыўныя баталіі. Выдатна арганізавалі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай зброі прадстаўнікі раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ. Пераможцамі ў гэтым відзе сталі Анатолій Шымчэня з ветэранскай арганізацыі ТБЗ “Ляхавіцкі” і Валянціна Гатоўчыц з ЖКГ. Яны, а таксама прызёры, акрамя цэнных прызоў, узнагароджаны дыпломамі раённай арганізацыйнай структуры. У спаборніцтвах па настольным тэнісе не было роўных Анатолію Тураву (аддзел адукацыі, спорту і турызму) і Вользе Краўчанка (ЛДАК). Дарэчы, ветэраны аддзела адукацыі, спорту і турызму занялі 10 прызавых месцаў, у тым ліку   6 першых. Акрамя Анатолія Турава перамогу ў асобных відах святкавалі Станіслаў Жагунь (кіданне кольцаў), Жанна Зенчанка (шашкі), Іван Купрык і Наталля Гарнастаева (шахматы), Дзмітрый Курыловіч (дартс).
Ветэраны аддзела адукацыі занялі і ў камандных спаборніцтвах першае месца. Другое – у пярвічкі ТБЗ “Ляхавіцкі”, якая, дзякуючы падтрымцы адміністрацыі прадпрыемства, прыбыла ў поўным саставе.
Сярод прызёраў таксама члены пярвічак з ЖКГ, аграрнага каледжа, завода “Металапластмас”. У асобных відах спаборніцтваў выступалі прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і ўпершыню – ветэраны культуры раёна.
Раённы савет ветэранаў удзячны кіраўніцтву аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і яго начальніку Святлане Якубоўскай, дырэктару ДЮСШ Валянціне Русакевіч, кіраўніцтву арганізацый і прадпрыемстваў за разуменне і падтрымку нашага мерапрыемства. Маральную і фінансавую падтрымку аказала раённае аб’яднанне прафсаюзаў на чале са Святланай Курэц.
Мікалай ЮРУЦЬ,
старшыня раённага савета ветэранаў.
Фота з архіва ветэранскай арганізацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *