“Святло душы ў кожным сэрцы”

Нядаўна ў нашай школе завяршыўся тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Праграма яго была насычанай і разнастайнай: гутаркі аб значэнні роднай мовы ў жыцці чалавека,  конкурсы вершаў і сачыненняў, была выпушчана  тэматычная газета, праводзіліся адкрытыя ўрокі. Адзін з іх пад назвай “Святло душы ў кожным сэрцы” ў 10-м класе правяла настаўніца Валянціна Дамінікаўна Бурава. І прысвячаўся гэты незвычайны ўрок творчасці нашай таленавітай зямлячкі Веры Дыдышкі.  Вучні запрасілі на сустрэчу Веру Іосіфаўну, настаўнікаў і дырэкцыю школы.

Клас быў аформлены прыгожа – з густам і  па-мастацку вышытыя ручнікі і абрусы ўдала спалучаліся з кветкавым аздабленнем.  Але цэнтрам увагі сталі зборнікі вершаў “Святло душы”. Сам урок быў пабудаваны на раздзелах  гэтага выдання (яно ёсць у доме кожнага свяцічаніна, таму творчасць мясцовай паэткі добра ведаюць і дзеці, і дарослыя). Рабяты самастойна выбіралі, які з вершаў збор-ніка дэкламаваць перад гасцямі. Натхнёна, шчыра, з любоўю і разуменнем чыталі рыфмаваныя радкі Дзмітрый Дубіна, Алёна Арцюх, Аліна Курловіч, Наталля Бурава,  Таццяна Курловіч, Аляксандр Лапіч, Алена Русакевіч, Юлія Буйкевіч,  Анастасія Плескацэвіч, Кірыл Буйкевіч, Юрый Курэнін,  Дзмітрый Русакевіч, Кацярына    Уліцкая,  Вольга Курловіч і Сяргей Рацэвіч.

На ўроку панавала цёплаўзнёслая,  лірычная і яркая атмасфера. Вера Дыдышка  адказала на пытанні рабят, прачытала свае новыя вершы і  шчыра падзякавала за запамінальную сустрэчу. Словы асаблівай удзячнасці за маральную падтрымку і разуменне былі адрасаваны дырэктару школы Людміле Бародка.

…Урок закончыўся, урок прадоўжыцца.  Валянціна Бурава  разам з дырэкцыяй школы мае намер правесці яшчэ адзін урок па творчасці Веры Дыдышкі, на гэты раз – музычны. Справа ў тым, што  мясцовы кампазітар, былы вучань педагога Веры Іосіфаўны, а зараз музычны кіраўнік Свяціцкага СДК Мікалай Сокал напісаў шмат песень на словы паэткі. Вельмі хочуць  паслухаць гэтыя музычныя творы землякі. Дарэчы, у гэтай творчай садружнасці быў напісаны і гімн Свяціцкай СШ, які  ў абавязковым парадку гучыць на  школьных урачыстасцях.

Ад усіх прысутных і ад сябе асабіста шчыра дзякую Валянціне Дамінікаўне і Веры Іосіфаўне за гэты  надзвычай захапляючы і душэўны ўрок,  і які зноў прадэманстраваў талент зямлячкі, якой  натхненне для творчасці даюць любоў да людзей і да роднай зямлі.

Любоў СОЦ,
настаўніца пачатковых
класаў Свяціцкай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *