Ляхавіцкія замалёўкі. Наш горад святкуе 525-годдзе

З любоўю мы называем яго сталіцай раёна. Наш невялікі гарадок насельніцтвам недацягвае да 11 тысяч чалавек, але ж для большасці з 10 919 яго жыхароў тут знаходзіцца цэнтр сусвету.
Ляхавічы над Ведзьмай-ракою. 69 вуліц, 44 завулкі, 2 плошчы,  5 сквераў, парк – агульная гарадская  тэрыторыя ўмяшчаецца ў 808 гектараў, а  даўжыня вулічных дарог і праездаў складае 46,6 кіламетра. Такая вось статыстыка, у якой, як і належыць статыстыцы, ні радочкам-ні лічбай пра вялікае прыцягненне, якім валодае наш горад. Не судаходны, а з’яўляецца прычалам  для тысяч і тысяч лёсаў.
У розныя часы вось ужо 525 гадоў ад свайго нараджэння Ляхавічы  жывуць, растуць, сталеюць і… маладзеюць. Хто не быў тут доўгі час, многага не пазнае. Прычым, непазнаванне гэта нерасчаравальнае, а наадварот – захапляльнае. Пройдземся па летніх ляхавіцкіх вулачках хоць з ранку, хоць позна вечарам. Нельга не заўважыць дагледжанасць і тыя добрыя змены, што  адбываюцца тут. Адбываюцца не самі па сабе – ідзе ўвасабленне ў жыццё праграмы развіцця і добраўпарадкавання нашага райцэнтра, які неаднойчы адзначаўся як самы добраўпарадкаваны населены пункт краіны з насельніцтвам да 20 тысяч.
Хутка вырас шыкоўны мікрараён у раёне вуліцы Інтэрнацыянальнай, папрыгажэў цэнтр горада і не толькі цэнтр. Раённая ўлада ініцыюе мерапрыемствы па добраўпарадкаванні старых вуліц (напрыклад, з’явіліся тратуары на Камсамольскай, камфортнымі і дагледжанымі становяцца вуліцы Янкі Купалы, Арлоўскага, Першамайская) і тых, якія толькі забудоўваюцца (Пятра Клімука, Васільковая, Рабінавая, Воінаў-інтэрнацыяналістаў, Вайцешыка). Вельмі жаданая і чаканая падзея: у асфальт апранецца дарога з райцэнтра ў аграгарадок Падлессе. У дварах шматкватэрнікаў малышы не нарадуюцца дзіцячым гульнёвым пляцоўкам. Вельмі аптымістычны ўезд у горад з боку  аграрнага каледжа.  Вабіць стадыён, маладзенькая ліпавая алея, радуюць вока клумбы і розныя кветкавыя кампазіцыі. У свае 525 гадоў нашы Ляхавічы стракацяць новабудоўлямі. Зусім хутка  яшчэ адзін шматпавярховік прыме навасельцаў. Дарэчы, на першым паверсе па адрасе Леніна, 54 мяркуецца размясціць апартаменты сацыяльнай службы для дзённага знаходжання пажылых людзей – з усімі атрыбутамі для таго, каб гэта знаходжанне было камфортным і змястоўным.  Важкая частка гэтых работ ажыццяўляецца за бюджэтныя сродкі.
Пра Ляхавічы можна гаварыць бясконца!
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *