З імем Купалы

Сёлета Ляхавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка адзначыла 70-годдзе з дня прысваення ёй імя Янкі Купалы. З 17 лютага 1947 года яна – любімая многімі пакаленнямі землякоў купалаўка.

У вершы нашай зямлячкі Веры Дыдышка, прысвечаным юбілею купалаўкі, ёсць радкі, з якімі пагодзіцца кожны, хто хоць аднойчы заходзіў сюды чытачом ці ўдзельнікам нейкай культурнай падзеі, што праводзілася пад бібліятэчным дахам:

Купалаўка!
Ты – наш духоўны храм.
Нібы іконы, свецяць фаліянты
Дарадцаў, лекараў душ нашых –
мудрых кніг,
Збіральнікаў каштоўных дыямантаў –
Шчымлівых апісанняў спавядальных,
Прароцтваў і адкрыццяў геніяльных,
Жыццёва неабходных для ўсіх.
Купалаўка!
Твой храм – душы часцінка,
Ты повязі духоўнай не паруш.
Няхай гарыць жа кніжнасці тваёй
іскрынка,
Запальвае агонь узнёслых душ.
Купалаўка!
Ты з іменем Купалы
Жывеш высокіх семдзесят гадоў.
Ты беларусаў-чытачоў узгадавала,
Роднаму слову аддала любоў.

Сапраўды, пад гэтым прызнаннем у любві гатовы падпісацца многія нашы землякі.  Ляхавічы, вул. Гагарына, 11 – па добра знаёмым адрасе «жывуць» пісьменнікі-класікі і сучасныя літаратары – беларускія, рускія, замежныя, розных часоў, розных плыняў. Тут утульна адчуваюць сябе казачныя героі і самыя складаныя формулы, падручнікі-энцыклапедыі, перыёдыка і рэдкія выданні. І яшчэ адна акалічнасць, пра якую нельга не ўзгадаць: у бібліятэцы заўсёды працавалі і сёння працуюць людзі, якія не проста любяць кнігу, але пакланяюцца ёй. Імя Купалы робіць сваю справу: тут заўсёды – натхненне, роздум, мастацтва, філасофія… І заўсёдны ўрок  самаадданай любві: «Мой родны кут, як ты мне мілы…».

Няхай жа ва ўсе часы людзі ведаюць, як прайсці ў бібліятэку!

Вольга СВЯТЛОВА.

One thought on “З імем Купалы

  • 05/07/2017 в 22:00
    Permalink

    Гэты адрас чытачам за гады стаў дарагім і блізкім. Іду ў бібліятэку ні як у афіцыйную ўстанову, а ў госці да сяброў, якія заўсёды рады сустракаць і вітаць

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *