Перад выбарам

Кім ты будзеш, калі вырасцеш? Гэтае класічнае пытанне кожнаму з нас задавалі яшчэ ў дзяцінстве. Адказ на яго мяняўся ў залежнасці ад узросту, інтарэсаў і зацікаўленасці. І праз гады гэтае пытанне гучыць нязменна.

Пэўную ролю ў выбары прафесіі адыгрывае і прафарыентацыйная работа, якая праводзіцца ў школах раёна яшчэ з пачатковых класаў, напрыклад, на ўроках працоўнага навучання. Хто з дзяўчынак не памятае свой першы, прыгатаваны ўласнымі рукамі бутэрброд ці пашыты фартух, а з хлопчыкаў – самастойна выразаную з  дрэва лыжку. Шматлікія прафарыентацыйныя мерапрыемствы, у тым ліку сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, экскурсіі     на прадпрыемствы – далёка   не поўны пералік таго, што прапануецца школьнікам, каб яны знайшлі сваё прызванне.

Па-ранейшаму свой уклад у станаўленне будучых прафесіяналаў уносяць міжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі. У нашым раёне іх 2 – у райцэнтры і Тухавічах. І калі некалькі дзесяцігоддзяў таму школьнікі маглі атрымаць у ВВК  навыкі прафесіі швачкі, прадаўца, муляра,  вадзіцеля аўтатранспартных сродкаў, то цяпер кола звузілася і абмежавалася  найбольш запатрабаванымі і папулярнымі сярод моладзі.  Як расказала намеснік дырэктара Ляхавіцкага міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната Таццяна Пятух, навучанне праводзіцца па спецыяльнасцях “вадзіцель  катэгорыі “С”  (хлопцы, якія займаюцца ў 10-11 класах) і “швачка” (10-11-класніцы) і ў абавязковым парадку згодна папярэдняй                        заявы жадаючых вучыцца. Сёлета такім правам скарысталіся адпаведна 204 юнакі і 78 дзяўчат.  Да таго ж 28 школьніц, якія другі год вучацца шыць, паралельна атрымліваюць і навыкі ваджэння, і пры ўмове паспяховай здачы экзаменаў могуць стаць уладальніцамі пасведчання вадзіцеля катэгорыі “В” (легкавы аўтамабіль).

— Сярод 9-класнікаў СШ № 2 і Начаўскай СШ папулярнасцю карыстаецца і дапрофільная падрыхтоўка па прафесіі аўтаслесар. Толькі ў гэтым навучальным годзе азы гэтай запатрабаванай прафесіі асвойваюць больш за 30 школьнікаў, – расказвае Таццяна Пятух.

На заняткі ў камбінат рабяты прыходзяць і прыязджаюць (з вёсак арганізаваны падвоз транспартам камбіната) раз у  тыдзень, каб атрымаць і практычныя навыкі, і тэарэтычныя веды. Нават калі ў будучым хлопчыкі і дзяўчынкі не стануць прафесіянальнымі вадзіцелямі і майстрамі швейнай справы, бясспрэчна тое, што атрыманыя ў ВВК навыкі лішнімі ў жыцці не будуць.

Школы раёна адной з форм прафарыентацыйнай работы выбралі стварэнне профільных класаў, заключылі дагаворы з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краіны аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні.

Першапраходцамі ў наладжванні сувязяў школа-ВНУ стала гарадская гімназія, якая ў 1996 годзе пачала супрацоўніцтва  з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам.  Быў год, калі выпускныя экзамены ў гімназіі сталі сумяшчальнымі з экзаменамі ў БНТУ. Тады пераважная большасць гімназістаў стала  студэнтамі розных факультэтаў гэтай ВНУ. Выкладчыкі БНТУ пастаянна прыязджаюць у гімназію, займаюцца з вучнямі, даюць майстар-класы для настаўнікаў.  У гімназіі паспяхова дзейнічаюць 3 асноўныя накірункі навучання: фізіка-матэматычны, філалагічны і хіміка-біялагічны, што дапамагае рабятам  у падрыхтоўцы да тэсціравання па профільных прадметах.

— Профільная адукацыя сябе апраўдвае. За апошнія 3 гады са 120 выпускнікоў гімназіі 34  сталі студэнтамі  тэхнічных ВНУ краіны (у тым ліку – 13 БДУІР і 8 БНТУ), гуманітарных – 15 чалавек. Захапіліся нашы гімназісты і медыцынай, 12 рабят – будучыя ўрачы, – расказвае дырэктар гімназіі Леанід Калбаса.

Ганарыцца гімназія і сваімі  медалістамі.    За 3 апошнія навучальныя гады з 9 выпускнікоў з атэстатам з адзнакай – 9 сталі студэнтамі прэстыжных ВНУ, прычым 8 вучацца за кошт сродкаў бюджэту.  Дзмітрый Шэйко, Антон Мацейчык, Максім Ціхан, Яўгеній Ермаковіч штудзіруюць веды ў БДУІР, Кацярына Казакевіч і Кацярына Бурчыц – БДЭУ,  Алена Максімчык вывучае мытную справу ў БДУ, будучы банкір Вадзім Кардаш вучыцца ў  Палескім дзяржаўным універсітэце.

Штогод 25 працэнтаў выпускнікоў СШ № 1 становяцца курсантамі  Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. А пачыналася ўсё  ў 1999 годзе, калі пасля заключэння дагавора на базе школы быў створаны ліцэйскі ваенна-патрыятычны клас.  Рабяты з задавальненнем і цікавасцю ездзяць у акадэмію, дзе вучаць прафесіі Ра-дзіму абараняць, сустракаюцца з выкладчыкамі, знаёмяцца з курсанцкім жыццём. Выпускнікі школы Уладзімір Кухарчык, Аляксандр Ракуць, Сяргей Хмарук,  Аляксей Паўлаў, Аляксандр Стрэльнікаў, Дзмітрый Палуян, Міхаіл Буглакоў, Яўгеній Сяргей, Мілан Васкабовіч і іншыя – цяпер афіцэры Узброеных Сіл і на розных рубяжах служаць Беларусі. Нягледзячы на тое, што некалькі гадоў у школе не дзейнічаюць  ліцэйскія класы, сувязь з Ваеннай акадэміяй не страчана.

— Перыядычна выкладчыкі Акадэміі  прыязджаюць у школу і праводзяць кансультацыі  па падрыхтоўцы да тэсціравання па про-фільных прадметах, а педагог-псіхолаг  тэсціруе на псіхалагічную адпаведнасць выбранай спецыяльнасці. Будучыя курсанты наведваюць у акадэміі “дні ад-крытых дзвярэй”, знаёмяцца з   аўдыторыямі, цікавяцца культурна-масавым жыццём навучальнай установы, – расказвае пра спецыфіку супрацоўніцтва намес-нік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1 Наталля Перапечка.

З 2008 года Крывошынская  сярэдняя школа супрацоўнічае з Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

— Гэту ўстанову выбралі таму, што ў многіх выпусках па 1- 2 чалавекі  станавіліся курсантамі  міліцэйскай ВНУ. Так, пасля яе заканчэння выпускнік Крывошынскай СШ Андрэй Пташук цяпер працуе следчым у Ляхавіцкім РАУС, Мікалай Бацкалевіч і Іван Курловіч стаяць на варце правапарадку ў Мінску. Сярод цяперашніх курсантаў і наша  Настасся Дзенісеня, марыць пра службу ў праваахоўных органах і яе брат 11-класнік  Яўгеній, – расказвае дырэктар Крывошынскай СШ Юрый Чаранкевіч.

Для рабят, якія цікавяцца прафесіяй  работнікаў праваахоўных органаў, у школе арганізаваны факультэт прававых ведаў.

Ліцэйскія профільныя класы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях дзейнічалі ў СШ  № 2. Сёлета 2 выпускнікі школы сталі навучэнцамі Салігорскага горна-хімічнага каледжа і адзін – ВНУ, дарэчы, усе трое — пераможцы раённага конкурсу па асновах бяспекі жыццядзейнасці. Яшчэ 2  сёлетнія выпускнікі СШ №2 Яўгеній Бондар і Аляксей Бурбіцкі – курсанты вышэйшых ваенных навучальных устаноў.

— З 2006 года школа цесна супрацоўнічае з Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам. Такое супрацоўніцтва дае свой плён. Выкладчыкі БарДУ праводзяць заняткі ў 10-11 класах, рыхтуюць рабят, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 2 Вольга Шкут.

— Профільная работа наладжана і ў іншых школах Ляхавіччыны: з Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам заключаны дагаворы ў Дараўскім і Конькаўскім ДС-СШ, 4 класы  выратавальнікаў створаны ў Ліпскай, Тальмінавіцкай і Свяціцкай СШ, Падлескім ДС-СШ, дзе наладжана цеснае супрацоўніцтва з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Тэарэтычныя веды юныя выратавальнікі атрымліваюць у школе, а вось практычныя навыкі адпрацоўваюць непасрэдна ў РАНС.

Прафарыентацыя ў навучальных установах раёна рознабаковая. Рабяты маюць магчымасць не толькі тэарэтычна даведацца пра плюсы і мінусы той ці іншай спецыяльнасці, але і на практыцы пазнаёміцца з будучай прафесіяй і паспрабаваць сябе ў ёй. А наколькі правільны выбар зробіць кожны з пакалення маладых, пакажа толькі час.  Са-праўдным прафесіяналам можа стаць  чалавек, які не толькі валодае багатымі ведамі, але і любіць справу, якой займаецца.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *