Радзіма – Беларусь

Галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – ляхавічане і госці горада сустракалі радасна, з добрым настроем. Горад-імяніннік быў расквечаны  транспарантамі, кветкамі, усмешкамі. 3 ліпеня ўрачыстым ходам ад стадыёна да плошчы Перамогі прайшлі ветэраны – тыя, хто перамог фашызм у Вялікай Айчыннай вайне, і тыя, хто аднаўляў народную гаспадарку ў цяжкі пасляваенны час, а таксама сённяшнія абаронцы Айчыны,  дэлегацыі  працоўных калектываў (кожны са сваёй сімволікай), моладзь, школьнікі. А потым адбыўся ўрачысты мітынг “Светлае імя тваё, Беларусь!”. Даніну павагі аддалі землякі салдатам, якія вызвалялі горад ад фашысцкай навалы і загінулі за свабоду і незалежнасць Радзімы. Удзячныя нашчадкі застылі ў хвіліне маўчання. І ляглі кветкі, гірлянды,  вянкі да помніка…
Пра гераічныя старонкі вызвалення Ляхавіцкага раёна, подзвіг воінаў, партызан і падпольшчыкаў, якія кавалі вялікую Перамогу, гаварыў на мітынгу старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. І сёння многія вуліцы  нашага горада носяць імёны герояў вайны: Дзесюкевіча, Южакова, Арлоўскага, Астапава…
Віншавалі землякоў з Днём Рэспублікі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Курэц, юныя ляхавічане.
Паказальныя выступленні ваеннага аркестра дабавілі святочнага імпэту.  Строем прайшлі па плошчы Перамогі воіны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Стала добрай традыцыяй да юбілейных урачыстасцей і ў знак удзячнасці  мінулым пакаленням высаджваць алеі, паркі, скверы. У нашым райцэнтры яны і  сёння нагадваюць пра значныя падзеі ў жыцці Ляхавіччыны, краіны. Традыцыя была працягнута і ў гэты святочны дзень. 3 ліпеня ў гонар 525-годдзя Ляхавіч закладзена хвойная алея ў парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча. Разам з бээрэсэмаўцамі  маладзенькія елачкі высаджвалі старшыні райвыканкама і райсавета Вячаслаў Сельмановіч і Яўгеній Юрлевіч, актывісты ветэранскай і прафсаюзных арганізацый, афіцэры, прадстаўнікі грамадскасці.
Святочнае дзейства прадоўжылася на плошчы Леніна.Тут прайшоў конкурс дзіцячага малюнка на асфальце “Я малюю мой горад” і канцэрт дзіцячай творчасці. Лепшыя самадзейныя артысты раёна падарылі сваім землякам сваю творчасць. Выдатна выступілі навучэнцы і выкладчыкі Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа. Шмат апладысментаў дасталося вакальнай групе “Берагіня” Дараўскага СДК. А моладзь была ў захапленні ад праграмы поп-фольк групы “Лялькі” з Мінска.
Былі і вячэрняя танцавальная праграма, атракцыёны, працавалі гандлёвыя рады.
Самымі ўразлівымі і хвалюючымі сталі тыя  некалькі хвілін, калі ляхавічане разам з усёй краінай у адзіным патрыятычным памкненні спявалі Гімн сваёй незалежнай Беларусі.  А потым  неба над горадам расквеціў салют.
А цяпер яшчэ пра адну выдатную святочную акалічнасць. Сёлета першыя дні ліпеня сталі для раёна двайным святам: да ўсенароднага Дня Рэспублікі далучыўся і юбілейны, 525-ы дзень нараджэння нашага горада, прыгожага і ўтульнага. Хто дасць яму  больш за пяць стагоддзяў? Але гэта так. Наш  любімы райцэнтр  адзначыў  важкі юбілей, які сустрэў працоўнымі дасягненнямі і здабыткамі.
Нават надвор’е не  здолела азмрочыць  атмасферу свята. Прыбраныя вуліцы і плошчы, сцягі і кветкі, рознакаляровыя паветраныя шары і ўсмешлівыя твары – вось што стварала клімат у гэты дзень. Праўда, замест плошчы Леніна ўдзельнікаў юбілейных урачыстасцей запрасіў  гарадскі Дом культуры.  Цікавыя падзеі разгортваліся ў фае, дзе раскінуўся  “Горад майстроў” з выставай народнай творчасці. Нельга не спыніцца каля вышыванак ад Жарабковіцкага і Свяціцкага  сельскіх дамоў культуры, саламяных вырабаў  – ад Адахаўшчынскага СДК і Дараўскага Дома народнай творчасці, фларыстыкі – ад навасёлкаўскіх умельцаў,  вырабаў з лазы – ад крывошынскіх майстроў.
Цэнтрам разьбы па дрэве па-ранейшаму з’яўляецца Свяціцкі СДК, дзе дзейнічае ўзорная студыя “Вясёлка”.  Як заўсёды, цікавіліся землякі работамі майстра гліняных спраў Алены Базылевай. Што за апетытны  пах у беларускай мачанкі ці смажанай з грыбамі бульбы, да чаго ж  смачны выгляд у дамашняй каўбасы  і  сырнікаў!  Гэтыя і іншыя прысмакі, прыгатаваныя гаспадынямі, можна было прадэгуставаць на  выставе беларускай кухні.
А  стэнд  “Гісторыя і гонар – нашы выпускнікі” праз фотаздымкі расказаў пра землякоў, якія вучыліся ў СШ № 1 і № 2, гімназіі, ЛДАКу, а цяпер  услаўляюць Ляхавіччыну за яе межамі.
Урачыстую частку свята адкрыла праграма  “Наш горад – гэта мы!”. І ўсе адправіліся ў запамінальнае падарожжа ў гісторыю, багатыя старонкі якой перагарнулі  разам.  На сустрэчу з ляхавічанамі, якія жывуць у ХХІ стагоддзі, прыйшлі знакамітыя продкі – граф Ян Караль Хадкевіч і яго дачка Ганна, мемуарыст Фёдар Еўлашоўскі, патрыёт Тадэвуш Рэйтан, філосаф і пісьменнік  Фларыян  Бохвіц…  Давялося паназіраць і за рыцарскімі паядынкамі. Канешне, гэта былі героі тэатралізаванага прадстаўлення.
Шчыра, пранікнёна, ад душы віншаваў з юбілеем горад і гараджан старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч.
– Наш горад мае дзіўную гісторыю, але галоўнае яго багацце – людзі, якія любяць сваю маленькую радзіму і працуюць так, што слава пра Ляхавіцкі край ідзе за яго межамі. Гэта дзякуючы іх працавітым рукам прадукцыя з маркай “зроблена ў Ляхавічах” – запатрабаваная і папулярная. Спадзяёмся, што так будзе заўсёды, – зазначыў кіраўнік раёна.
Урачысты момант: пад апладысменты прысутных на святочную сцэну падымаюцца тыя, хто па выніках работы за мінулы год удастоены звання “Чалавек года”, а  таксама землякі, чые партрэты занесены на раённую Галерэю славы. Віталі і тых працаўнікоў, каму аб’яўлена падзяка старшыні райвыканкама.
Было шмат іншых прыгожых фрагментаў свята. Паўстагоддзя назад  у гэтым жа ГДК маладажоны  Ніна і Юрый  Кіслыя  заключылі шлюб. І вось на гарадскім юбілеі  сямейная пара адзначыла свой – залатое вяселле. Побач і дзве   “сярэбраныя” сямейныя пары – Барыс і Ала Шабановічы, Іна і Мікалай  Русакевічы. Павіншавала пары начальнік аддзела загс Людміла Палтарак.
У адрас Ляхавічаў юбілейных у гэты дзень гучала мноства музычных віншаванняў ад самадзейных артыстаў раёна.
Якімі б гаджэтамі і іншымі супернавінкамі  камп’ютарны век ні здзіўляў нас, яе вялікасць Кніга  па-ранейшаму запатрабаваная і  любімая землякамі. Шматлюдна было ў холе купалаўкі ля бібліятэчнай экспазіцыі. Друкаваная машынка, пажоўклыя  газетныя старонкі “Будаўніка камунізму”, прыстасаванне для ўстаноўкі фотакамеры – шчымлівая экспазіцыя (ва ўсякім разе для нас, веснікаўцаў), міні-пляцоўка з цацкамі, у якія гулялі мамы і таты, калі былі дзецьмі,  выстава работ  земляка-мастака Уладзіміра Рамейкі –  усё гэта і іншае падрыхтавалі бібліятэкары як частку вялікай  праграмы “Пад сузор’ем Купалы”, прысвечанай 70-годдзю з дня прысваення цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.
Праграма святкавання была надзвычай насычанай, толькі паспявай удзельнічай, глядзі, слухай, захапляйся.  У гарадскім Доме культуры радавалі гледачоў сваёй творчасцю вакальны квартэт “ВІНС-акорд” ГДК і народны клуб  аматараў гульні, песні і гумару “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК. У нядзелю феерычным завяршэннем святкавання сталі канцэртная праграма «Нашы песні – любімаму гораду” і танцавальная праграма да ночы ў гарадскім парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча…
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *