Дзе лепш за ўсё расце полба, што любіць «Каралева восені» і сёе-тое пра мядовыя сакрэты

І ”мядовыя” сакрэты, і ”пшанічныя”, і многія іншыя аграрныя нюансы ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы ведаюць дакладна.   Пабываўшы тут, зразумееш  у добрым сэнсе неспакойнасць жыцця навучэнцаў і выкладчыкаў.  Заняткі, даследаванні, канферэнцыі арганічна дапаўняюцца   разнастайнымі сустрэчамі, спаборніцтвамі, конкурсамі, турзлётамі.  Усё – дзеля юнакоў і дзяўчат, на карысць развіцця іх кампетэнтнасці. Таму пацвярджэнне і нядаўняя  сустрэча рэктара Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Васілія Качуркі з лдакаўцамі. Традыцыйна  многія выпускнікі нашага каледжа  працягваюць навучанне ў БарДУ.
Для паступлення  ім трэба здаць там толькі  ўнутраны экзамен. Рэктар расказваў пра многія акалічнасці, што цікавяць патэнцыяльных студэнтаў. І падкрэсліў выніковасць работы адасобленага структурнага падраздзялення БарДУ, якім з’яўляецца ЛДАК, па падрыхтоўцы спецыялістаў сельскагаспадарчага профілю, адзначыў  добрую  практычную базу для  авалодвання трывалымі ведамі,  уменнямі і навыкамі.
Яркім штрыхом да партрэта адзінай у нашым раёне сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы, якая дае пуцёўку ў прафесію  спецыялістам-аграрыям, – яе юбілейны дзень нараджэння. Сёлета ЛДАК адзначыць шасцідзесяцігоддзе. Менавіта столькі часу мінула з 12 жніўня 1957 года, калі на базе аднагадовай сельскагаспадарчай школы быў арганізаваны ветэрынарны тэхнікум. Сёння ЛДАК –  адно з падраздзяленняў БарДУ,  аўтарытэтная ў навуковых сельскагаспадарчых колах установа. Ёсць што паказаць тут выкладчыкам і навучэнцам у Год навукі. Усе доследы, выпрабаванні яны праводзяць у суаўтарстве. Для юнакоў і дзяўчат  гэта бясцэнны вопыт, які  ім у статусе маладых  спецыялістаў можа адкрыць дадатковыя магчымасці.
Арганічная сельская гаспадарка ці вырошчванне сельскагаспадарчых культур без сінтэтычных удабрэнняў і пестыцыдаў – адзін з наватарскіх напрамкаў, якім пачалі займацца ў каледжы. Дырэктар ЛДАКа Алена Абарава не хавае радасці:
– Упершыню сярод каледжаў і ВНУ рэспублікі мы падрыхтавалі  спецкурс “Арганічнае земляробства” і выдалі  вучэбны дапаможнік.  Прынята рашэнне аб сертыфікацыі 5 гектараў зямлі, дзе будуць праводзіцца доследы па арганічных метадах вядзення раслінаводства ў нашых кліматычных умовах.
Вучэбныя дапаможнікі, рабочыя   сшыткі  і практыкумы па дысцыплінах сельскагаспадарчага профілю  пад грыфам Міністэрства адукацыі аўтарства выкладчыкаў нашага каледжа – хутчэй традыцыя, а не выключэнне. Зараз  над гэтым працуюць выкладчыкі Алена Казакевіч, Таццяна Парэйка, Ала Філічкіна, Таццяна Юргель, Таццяна Гуліцкая, Яўгенія Рытвінская.
На абласной навукова-практычнай канферэнцыі работы педагогаў  Святланы Вайцяхоўскай “Уплыў розных спосабаў прамысловай апрацоўкі насення морквы на ўраджайнасць” і Таццяны Гуліцкай “Спосабы вызначэння якасці мёду” заваявалі дыпломы, а на міжнароднай канферэнцыі “Навуковыя даследаванні навучэнцаў – аснова фарміравання будучага канкурэнтаздольнага спецыяліста” былі сертыфікаваны. Вынікі даследаванняў цікавыя і карысныя не толькі для спецыялізаваных гаспадарак, але і для садаводаў-агароднікаў.
Вось некаторыя з іх. Даследаванне, якое вызначала ўплыў спосабаў апрацоўкі насення морквы на ўраджайнасць, працягвалася 2 гады.  Насенне сорту “Каралева восені” вывучалася  ў чатырох варыянтах: у хуткарастваральных дражэ, гелевай абалонцы, на стужцы і сухім. Пры аднолькавых агратэхнічных мерапрыемствах хутчэй прарасло  насенне ў гелевай абалонцы.  Яго ўзыходжасць   склала  84 працэнты.  У яго  – і самая высокая ўраджайнасць. Аўтар даследавання лічыць, што  “гелевае” насенне зарэкамендавала сябе  найлепшым чынам: зручна сеяць, не трэба прарэджваць і можна атрымаць добры ўраджай.
А цяпер пра некаторыя экспрэс-метады вызначэння якасці мёду. Аўтары даследавання раяць як выявіць  дабаўленыя  ў салодкі ласунак  ваду  ці цукар (сіроп з цукру). Капнуць кроплю мёду  на паперу. Якасны мёд не расцякаецца і не ўтварае вільготную плямку  вакол кроплі. Яшчэ падказка: мёд з цукровым сіропам мае павышаную вільготнасць –  для праверкі ў яго апусціць кавалачак хлеба, праз 8-10 мінут дастаць. У добрым  мёдзе хлеб зацвярдзее, захаваўшы форму, у супрацьлеглым выпадку – размокне.
Даследаванні педагогаў і навучэнцаў укараняюцца, выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы.  Такая работа ў каледжы праводзіцца па дагаворах, заключаных з вядучымі навукова-даследчымі ўстановамі Беларусі і па ўласнай ініцыятыве. Напрыклад, вывучэнне  рэакцыі розных культур на экалагічныя ўмовы ў нашым раёне плануецца зрабіць з двума сартамі цвёрдай яравой пшаніцы, нераспаўсюджанай у краіне, – “Разаліяй” і “Уладай”. На іх будзе выпрабоўвацца мікробны прэпарат аграмік. Яго дзеянне заснавана на здольнасці   расліны  назапашваць азот – так  яна можа абысціся малой дозай мінеральных удабрэнняў. А гэта  і эканомія грашовых сродкаў, і ахова навакольнага асяроддзя. Кошт прэпарата  невялікі, а прыбаўка ўраджаю  даволі важкая. Аналагічнае даследаванне яравога ячменю працягваецца трэці год  для кафедры аграрных дысцыплін  універсітэта. Вынікі назіранняў прадстаўлены на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Жодзіна.
Доследная калекцыя ЛДАКа ўражвае  разнастайнасцю культур. Тут сябе ўтульна адчуваюць  розныя сарты і пароды фруктовых дрэў, кусты і саджанцы шматлікіх ягаднікаў. З дапамогай  кіраўніка асацыяцыі вінаградараў Беларусі Уладзіміра Усцінава закладзена плантацыя вінаграда, раяніраванага ў нашай краіне.
Загадчыца агранамічнага аддзялення Яўгенія Рытвінская расказвае, што ў планах  каледжа супрацоўніцтва з Палескім аграрным экалагічным інстытутам НАН. Аб’ект увагі –  вырошчванне  новай кармавой расліны –  сільфініі, ураджайнасць якой дасягае 1000 цэнтнераў і больш зялёнай масы з гектара. Пасеялі амарант, багаты выбар насення іншых траў, аднагадовых кармавых культур і г.д.  Каб не пералічваць, якія зерневыя  прапісаны  на каледжскіх доследных палях, прасцей сказаць так: тут  вырошчваюць усё, што расце ў Беларусі. Галазерны ячмень  не патрабуе  дадатковай апрацоўкі, пра разнавіднасць пшаніцы – полбу – ведаем з казкі Пушкіна. ЛДАК можа рэкамендаваць пэўныя сарты сельскагаспадарчых культур для вырошчвання ў нашым раёне. Ведаюць тут і тыя травы, што   выдатна вытрымалі нават доўгае знаходжанне пад вадой.
Каледжскія доследныя  палі  бы круглагадова дзеючая майстэрня, своеасаблівы навукова-практычны цэнтр, дзе даследаванні, адкрыцці – не проста і не толькі прыгожая абгортка, падстава для гонару,  а карпатлівая, напружаная праца. І яна прыносіць свой плён.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара  і з архіва ЛДАКа.

Рэктар БарДУ Васілій Качурка падчас сустрэчы з лдакаўцамі.

Рэктар БарДУ Васілій Качурка і дырэктар ЛДАКа Алена Абарава

Метадыст Святлана Тарасевіч з гонарам дэманструе шматлікія вучэбныя выданні выкладчыкаў каледжа.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *