Экспарт тавараў плюс

Пытанням экспарту была прысвечана першая частка чэрвеньскага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта, у якім прыняў удзел першы сакратар аддзела садзейнічання экспарту Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Бабеня. Ён выступіў з шэрагам рэкамендацый адносна наладжвання і вядзення экспартных аперацый, адказаў на пытанні.

На першачарговай важнасці пытання акцэнтаваў увагу старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. У прыватнасці, ён адзначыў: калі працаваць у гэтым накірунку без дастатковай актыўнасці, не праяўляць настойлівасць, гібкасць падыходаў – жаданай карысці не атрымаецца. Трэба працаваць над змяншэннем уласных затрат і якасцю, выпускаць запатрабаваную прадукцыю і ўмець рэкламаваць свой прадукт. Старшыня райвыканкама паўтарыў сваю ідэю – арганізаваць у горадзе пастаянна дзеючую выставу. Умоўна – дасягненняў народнай гаспадаркі Ляхавіччыны. Каб кожны госць нашага рэгіёна мог зайсці, паглядзець, пазнаёміцца з выстаўленымі экспанатамі. Уся палітра тавараў рэгіёна ў адным “зборы” бачыцца зручнай ідэяй, эканоміць час шчыльна і пастаянна занятых прадстаўнікоў дзелавых колаў.
Ацэньваючы сітуацыю з экспартам увогуле, кіраўнік раёна канстатаваў: ёсць дынаміка, але ёсць і нявыкарыстаныя магчымасці. Незанятыя будынкі і памяшканні, пляцоўкі, геаграфічнае становішча – усё павінна быць выкарыстана на карысць раёна.
У тым ліку і пра дынаміку ў “прасоўванні” ляхавіцкай прадукцыі за межы краіны гаварыла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня. У адпаведнасці з рашэннямі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, раён нацэлены на выкананне шэрага паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага значэння. Што тычыцца знешняга гандлю, то, згодна прагнозу, сёлета тавараў за мяжу павінна быць пастаўлена на 4,8 працэнта больш, чым летась. Дакладна такі ж лічбавы расклад дзейнічае і ў дачыненні экспарту паслуг. Але калі ў першым выпадку рэальнасць прыкметна апярэджвае прагнозны графік, у другім – назіраецца некаторае адставанне.
З мэтай прадоўжыць у такім ці больш высокім тэмпе “грузіць” тавар і павялічыць “пастаўкі” паслуг за мяжу ў раёне распрацавана і ажыццяўляецца праграма. Распісаны канкрэтныя крокі і дзеянні, якія прадугледжваюць многае і рознае. Напрыклад, што тычыцца дыверсіфікацыі і наменклатуры тавараў і геаграфічных кропак іх пастаўкі.
Удзел у выставах, ярмарках, таварных паказах – магчымасць і нагода заявіць пра сябе тысячнай аўдыторыі і знайсці ў ёй зацікаўленых у вашым прадукце. У такіх рознафарматных мерапрыемствах – абласных, рэспубліканскіх, міжнародных –  прымалі ўдзел малочны і льнозавод, ТАА “Трансэлектракамплект”, “ТМТ”, “Фермент”, “Бляшаначны завод “Інтэрлак”. Верагодна, і прыведзеная акалічнасць дапамагае некаторым з гэтых прадпрыемстваў знаходзіцца сярод раённых экспарцёраў-лідараў. Першы радок безканкурэнтна належыць СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, удзельная вага якога ў аб’ёме экспарту раёна за студзень-красавік бягучага года – 65 працэнтаў. Доля “Трансэлектракамплекта” –  7,4, ільнозавода – 2,9, ТАА “ЛяхавічыдрэўЭкспарт” – 6,6, прыватнага прадпрыемства “Белвуглярод” – амаль 11 працэнтаў ад агульнага аб’ёму замежных паставак раёна. Усяго пакупнікоў сваёй прадукцыі за межамі краіны знайшлі 20 суб’ектаў гаспадарання раёна. За 4 месяцы года іх агульная таварна-экспартная пастаўка выражаецца сумай, роўнай 6,44 мільёна долараў ЗША, што амаль на 55 працэнтаў перавышае аналагічны паказчык года мінулага.
Як і раней, асноўным замежным спажыўцом нашай прадукцыі з’яўляецца Расійская Федэрацыя – больш як палова сёлетняга экспартнага патоку пайшла ў яе накірунку. Астатні экспарт у розных прапорцыях дыверсіфікаваны па адрасах паўтара дзясятка краін. Што немалаважна, апошнім часам раённыя экспарцёры адкрылі для сябе шэраг новых пляцовак. Спіс, напрыклад, дапоўнілі Арменія, Чэхія, Славакія, Фінляндыя.
Як і ў выпадку з таварамі, гандлёвае сальда па экспарце паслуг суб’ектаў гаспадарання раёна з’яўляецца станоўчым. Чатырохмесячныя пастаўкі ацэньваюцца ў 84 тысячы долараў ЗША, з якіх 81,2 тысячы – дэльта паміж экспартам і імпартам.
Справа ў тым, што на фоне асабліва паспяховага ў гэтым плане першага паўгоддзя мінулага года (дзякуючы ў першую чаргу інжынірынгавым намаганням ТАА “ТМТ”) сёлетнія вынікі такімі не з’яўляюцца. Назіраецца адставанне і, па словах дакладчыка, выйсці на паўгадавы тэмп росту не атрымаецца. Прычына? Апошнім часам змяншаюцца аб’ёмы грузаперавозак, якія і складаюць аснову ўсіх відаў экспартных паслуг, што аказваюцца суб’ектамі гаспадарання раёна.
Але ў патэнцыяле ёсць і нямала іншых відаў дзейнасці, на якіх можна зарабіць валюту. Аднак, па меркаванні Людмілы Матчэня, арганізацыямі раёна, структурнымі падраздзяленнямі райвыканкама прымаецца недастаткова мер па нарошчванні будаўнічых, турыстычных паслуг, паслуг у галіне аховы здароўя, культуры і адпачынку.
Пасыл усіх пунктаў рашэння, прынятага райвыканкамам па выніку разгляду “экспартнага” пытання, – максімальная інтэнсіфікацыя гэтага самага экспарту.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *