Папараць-кветку знайшлі. У Ляхавічах адзначылі Купалле /фота/

У гэты вечар гарадскі парк быў напоўнены добрым настроем і чаканнем цуда. Не дзіва – святкавалі Купалле. Праграма вечара ўключала тэатралізаванае прадстаўленне, песні, гульні, карагоды, вогнішча… Былі выстава работ народных майстроў раёна, юшка, працавалі гандлёвыя рады і атракцыёны, дыскатэка.
Вясёлыя і пазітыўныя вядучыя расказвалі пра Купалле. Народныя ансамблі з ГДК і танцоркі са школы мастацтваў, тэатральныя пастаноўкі стваралі святочную атмасферу. Дзядуля з бабуляй загадвалі загадкі пра чароўныя расліны, а разбойнікі сваёй ”зброяй” (вадой) палохалі мірных жыхароў.
Рэжысёр народных абрадаў і святаў ГДК Ларыса Асіповіч расказала пра тое, як нараджаецца відовішчнае дзейства:
– Стварыць і арганізаваць святочную праграму аднаму чалавеку не па сілах. Мне вельмі дапамагаюць калегі, асабліва культработнікі Міхаіл Стрыжоў, Арцём Бадак. Заўсёды хочацца, каб свята было незабыўным і яркім. Сёлета правялі конкурс на лепшы купальскі вянок. Дарэчы, у ім перамагла самая юная з удзельніц. І ўсе дзяўчаты атрымалі салодкія прызы.
У гэты вечар не сумаваў ніхто,  Купалле атрымалася, і пэўна, хтосьці знайшоў сваю папараць-кветку.
Ірына ШЛОЙДА, студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *