Максі-ўвага да міні-палігонаў

Выкарыстана ілюстрацыя

Тэма добраўпарадкавання населеных пунктаў уздымаецца на кожнай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. У цэнтры ўвагі  была яна і  ў мінулы панядзелак: разглядалася прадстаўленне пракуратуры  аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб абыходжанні з адходамі, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць.

Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны забяспечваць збор адходаў і іх раздзяленне па відах, распрацоўваць і зацвярджаць інструкцыі па абыходжанні з адходамі вытворчасці. Аднак, як адзначыў пракурор раёна Сяргей Дзяжко, гэтыя  патрабаванні выконваюцца не  паўсюдна. Так, на міні-палігонах ЦБА вёсак Зарытава, Лабузы, Бенькаўцы разам з іншым смеццем знаходзілася і другасная сыравіна. На іх, а таксама  ў Пашкоўцах часткова адсутнічае  абвалоўванне.
На гарадскім палігоне  цвёрдых бытавых адходаў тэрыторыя гаспадарча-складской зоны не абгароджана, не мае цвёрдага пакрыцця, не асвятляецца ў цёмны час сутак. Адсутнічае належны кантроль за супрацьпажарным станам, колькасцю паступаючых адходаў, ёсць і іншыя парушэнні.
Гаспадары абавязаны эфектыўна і ашчадна выкарыстоўваць выдзеленую ім зямлю. На самай справе так адбываецца не заўсёды.  У час рэйда 6 ліпеня ўстаноўлена, што каля могілак у вёсцы Гулічы побач з  унутрыгаспадарчым кар’ерам ААТ «Жарабковічы», які не выкарыстоўваецца, размешчаны адходы.  Рэшткі поліэтылену складзіраваны і побач з жывёлагадоўчай фермай агракаледжа каля Каменкі.
Наогул, адрас ААТ «Жарабковічы» ў гэты дзень гучаў неаднойчы і не з лепшага боку.  Яшчэ напрыканцы 2009 года гаспадарка атрымала дазвол на здабычу на зямельным участку ў Жарабковічах  пясчана-гравійнай сумесі. У лістападзе 2010 года СВК неабходна было за ўласныя сродкі рэкультываваць кар’ер і ўключыць гэты зямельны ўчастак у ворыва. Потым тэрмін падаўжаўся  да снежня 2013 года.  Аднак, да 6 ліпеня гэтага года кар’ер так і не рэкультываваны. Цяпер там складзіруюцца адходы. У жніўні мінулага года суд Ляхавіцкага раёна аштрафаваў кіраўніцтва СВК «Жарабковічы» за парушэнне, прадугледжанае артыкулам 15.30 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (забруджванне лесу):  сельгаспрадпрыемства выкінула больш за тону разбітых бетонных вырабаў на тэрыторыі Ляхавіцкага лясніцтва.  Суд абавязаў гаспадарку кампенсаваць 93300 рублёў шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю.
Праверкі, рэйды па выяўленні  парушэнняў праводзілі таксама райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, землеўпарадкавальная і санітарная службы. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч лічыць недастатковай і неэфектыўнай работу прыродаахоўнай інспекцыі, якая павінна не толькі складаць пратаколы на парушальнікаў, але і  займацца прафілактыкай парушэнняў – своечасова іх выяўляць, дапамагаць выпраўляць сітуацыю, працаваць у кантакце з кіраўнікамі прадпрыемстваў.
– Пратаколы – гэта не самамэта ў рабоце, у тым ліку кантралюючых арганізацый.  Неабходна канкрэтная метадычная дапамога.  Выехаць на месца, зафіксаваць парушэнне – проста.  Куды складаней  разам знайсці рашэнне і выправіць сітуацыю, – падкрэсліў кіраўнік раёна.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *